Хорхэ Лўіс Борхэс (1899-1989)

АПАВЯДАНЬНІ

 

 

 

ПРЫБЛУДНІЦА

2 Кніга Царстваў, 1:26

Кажуць (хаця спраўдзіць гэтага нельга), што гэтую гісторыю распавёў сам Эдуардо, малодшы зь Нільсэнаў, у ноч перад пахаваньнем Хрысьціяна, старэйшага з братоў, які памёр натуральнай сьмерцю недзе ў 90-х гадох мінулага стагодзьдзя ў Моронскім краі. Дакладна тое, што хтосьці пачуў яе ад кагосьці цягам той доўгай прамарнаванай над нябожчыкам ночы, між дзьвюма абновамі матэ, а той хтосьці пераказаў яе Сант’яго Дабовэ, ад якога яе даведаўся я. Гадамі пазьней мне зноў распавядалі яе ў Турдэры, дзе яна сталася. Другі варыянт, крыху больш расьцяглы, у агульных рысах пацьвярджаў вэрсію Сант’яго, зь невялікімі зьменамі й адхіленьнямі, непазьбежнымі ў такім выпадку. Я занатоўваю яе тут таму, што ў ёй, як мне здаецца, люструецца нешматслоўны й трагічны прыклад таго, якімі былі колішнія жыхары нашых прадмесьцяў. Маё паданьне будзе даслоўным, але ўжо цяпер я прадчуваю немагчымасьць адолець спакусу адцяніць альбо дадаць на паперы якую дробную дэталь.

У Турдэры іх ведалі як Нільсэнаў. Тамтэйшы ксёндз казаў мне, што некалі даўно ягоны папярэднік, наведаўшы іхны дом, са зьдзіўленьнем убачыў там замуляную Біблію ў чорнай вокладцы, друкаваную гатычным шрыфтам; на апошніх старонках ён разгледзеў напісаныя рукой імёны й даты. Гэта была адзіная кніга ў хаце. Гаротная хроніка сям’і Нільсэнаў, страчаная гэтаксама, як будзе страчанае ўсё. Іхная хаціна, якой цяпер ужо няма, была цагляная, без тынкоўкі; зь сенцаў ільга было бачыць два падворкі: адзін брукаваны чырвонаю кафляй, другі нічым. Зрэшты, сюды трапляў мала хто; Нільсэны пільнавалі сваю самоту. Спалі яны на раскладных ложках у пазбаўленых шпалераў пакоях; усе іхныя скарбы ўдавалі сабой конь, збруя, кароткі кінжал, парадная суботняя вопратка вершніка й здабыты ў бойках трафейны алкаголь. Вядома, што абодва былі высокія, з рудымі даўгаватымі валасамі. Данія ці Ірландыя, аб якіх яны ніколі ня чулі, гулі ў іхнай крэольскай крыві. У месьце Рудых баяліся; цалкам магчыма, што на іхным сумленьні была і якая сьмерць. Аднойчы яны плячом да пляча біліся з паліцыяй. Кажуць, што ў малодшага была нейкая сутычка з Хуанам Ібэррай, у якой Нільсэн выявіў сябе ня горшым за суперніка, што паводле знаўцаў гаворыць само за сябе. Жывіліся браты перагонамі статкаў, гарбарствам ды крадзяжом ската, а калі-некалі шулерствам. Абодва былі вядомымі сквапнікамі, і толькі выпіўка ці гульня час ад часу рабілі іх шчодрымі. Невядома, каб яны былі штосьці каму вінаватыя. Да іхнага майна належалі воз ды пара валоў.

Зьнешне Нільсэны былі не падобныя да братвы, ад якой Коста Брава атрымала сваё бандыцкае найменьне. Гэты, а таксама іншыя, невядомыя нам факты, дапамагаюць нам растлумачыць іхную нечуваную зьяднанасьць. Пасварыцца з адным зь іх азначала нажыць сабе адразу двух ворагаў.

Нільсэны былі зухаватыя хлопцы, аднак іхныя любоўныя залёты да пары сканчаліся ў сенцах альбо ў доме блуду. Таму не было недахопу ў плётках, калі Хрысьціян прывёў у хату ў якасьці сваёй сужыцелькі Хульяну Бургос. Праўда, што гэтак ён прыдбаў сабе пакаёўку, але таксама праўда, што ён заваліў яе жахлівымі таннымі падарункамі й выстаўляўся зь ёю на сьвятах. На тых бедных фарных сьвятах, дзе былі забароненыя падскокі й залёты, і дзе ўсё яшчэ таньчылі пры яскравым дзённым сьвятле. У Хульяны была смуглявая скура й вузкія вочы; зірнуўшы на яе, немагчыма было не пасьміхнуцца ёй. У бедным прадмесьці, дзе праца й недагляд хутка састарваюць жанчын, яна была за прыгажуню.

Спачатку Эдуардо хадзіў разам зь імі. Потым, паехаўшы аднойчы за нейкай справай у Аррэсіфэс, ён вярнуўся дахаты разам з адной жанчынай, якую быў узяў па дарозе, а за некалькі дзён яе выгнаў. Пасьля гэтага ён зрабіўся яшчэ больш няветлы; сам напіваўся ў карчомцы й не спрабаваў ні з кім пазнаёміцца. Ён быў закаханы ў Хрысьціянаву жонку. Прадмесьце, якое даведалася аб гэтым раней за яго самога, з радаснай палёгкай назірала за нарастаньнем затоенага суперніцтва між братамі.

Аднае ночы, вярнуўшыся позна з вуліцы, Эдуардо ўбачыў Хрысьціянава варанца прывязанага да паркану. На двары старэйшы брат чакаў яго ў сваёй найлепшай вопратцы. Жанчына зьяўлялася толькі для таго, каб прынесьці ці аднесьці матэ. Хрысьціян сказаў Эдуардо:
—Я еду на адну вечарыну каля Фарыясу. Хульяна застаецца з табой; калі захочаш яе—яна твая.
Тон ягонага голасу быў напалову загадным, напалову пяшчотным. Нейкі час Эдуардо бязмоўна пазіраў на брата, ня ведаючы, што рабіць. Хрысьціян узьняўся, разьвітаўся зь ім, не зьвярнуўшы ўвагі на Хульяну, якая была рэччу, сеў на каня й скіраваў яго прэч крокам, не сьпяшаючыся.

Ад тае ночы яна пачаргова належала ім абаім. Ніхто ня ведаў падрабязнасьцяў гэтай гнюснай лучнасьці, што абражала пачцівасьць прадмесьця. Цягам некалькіх тыдняў дамова дзейнічала бездакорна, але так не магло працягвацца доўга. Між сабою браты ня ўзгадвалі ані імя Хульяны, нават калі хацелі яе паклікаць, але ўвесь час шукалі й знаходзілі падставы для нязгоды. Яны маглі спрачацца наконт таго, як лепей прадаць конскія скуры, але насамрэч спрачаліся аб чымсьці іншым. Хрысьціян звычайна ўзвышаў голас, а Эдуардо змаўкаў. Самі таго не падазраючы, яны раўнавалі. У жорсткіх варунках прадмесьця мужчына нікому, нават самому сабе ня мог прызнацца ў тым, што жанчына ёсьць для яго чымсьці яшчэ, акрамя аб’екту жарсьці і ўласнасьці, і тым ня менш абодва браты былі закаханыя. У пэўным сэнсе, гэта закранала іхны гонар.

Аднаго вечара на плошчы Ломас Эдуардо сутыкнуўся з Хуанам Ібэррай, які пахваліў яго за той спрыт, зь якім Эдуардо ўладкаваў свае амурныя справы. Здаецца, менавіта тады Эдуардо яго абразіў. Ён нікому не дазваляў кпіць у ягонай прысутнасьці з Хрысьціяна.

Жанчына абслугоўвала іх абодвух з жывёльнай пакорай; але не магла схаваць крыху большай прыязі да меншага, які не адмовіўся ад сваёй долі, але й ня мог валодаць ёю непадзельна.

Неяк Хульяне было загадана прынесьці на першы дворык два крэслы й не зьяўляцца там, як што ў іх будзе між сабою размова. Яна чакала, што гутарка будзе доўгай, і прылегла каб падрымаць с’есту, але за нейкі час паклікалі яе зноў. Ёй сказалі сабраць у кайстру ўсё ейнае майно, разам са шкляным ружанцам і крыжыкам, атрыманымі ёю ад маці. Без усялякіх тлумачэньняў яе пасадзілі на воз і павезлі, цягам усяго панылага шляху не прамовіўшы ніводнага слова. Пасьля дажджу дарогі былі вельмі гразкія, таму калі яны прыехалі ў Морон, была трэцяя гадзіна ночы. Там яны прадалі яе гаспадыні бардэля. Гандаль быў ужо дамоўлены загадзя; Хрысьціян узяў грошы й потым падзяліў іх з братам.

У Турдэры Нільсэны, дагэтуль заблытаныя ў цернях каханьня (якое таксама было для іх празаічнай штодзённасьцю), намерыліся аднавіць сваё колішняе жыцьцё мужчынаў у выключна мужчынскім асяродзьдзі. Яны вярнуліся да гульні ў труко, да боек пеўняў, да выпадковых запояў. Магчыма, ім самім магло ў нейкі момант падацца, што яны ўжо ўратаваныя, але ж ніводны з дваіх ня мог час ад часу ўстрымацца ад неабгрунтаваных ці залішне абгрунтаваных ад’ездаў. Напярэдадні новага году малодшы сказаў, што мае нейкую справу ў сталіцы. Хрысьціян выправіўся ў Морон; у кані, прывязаным да паркана вядомага нам дому, ён пазнаў Эдуардава гнедага. Увайшоўшы, ён знайшоў усярэдзіне брата, які чакаў сваёй чаргі. Хрысьціян нібыта сказаў яму:
—Калі так пойдзе далей, нашыя скакуны доўга не працягнуць. Лепей мець яе пад рукой.

Ён перамовіў з гаспадыняй, дастаў з-за поясу некалькі манетаў, і Хульяну адпусьцілі. Яе павёз Хрысьціян; Эдуард уцяў астрагі ў бакі гнедаму, каб іх ня бачыць.

Зноў пачалося тое, што раней. Ганебнае выйсьце не дапамагло; абодва паддаліся спакусе хітрыкаў. Дух Каіна лунаў паблізу, але прыязь паміж Нільсэнамі была вельмі вялікай—хто ведае, зь якіх цяжкасьцяў ды небясьпекаў яны выблытваліся разам!—таму яны лепей спавядаліся ў сваёй роспачы іншым. Каму незнаёмаму, сабаку, Хульяне, што прынесла гэтую нязгоду з сабой.

Сканчаўся ўжо сакавік, але гарачыня не сыходзіла. Аднойчы ў нядзелю (у нядзелю тут звычайна кладуцца спаць рана) Эдуардо, які вяртаўся з карчмы, убачыў, што Хрысьціян запрагае валоў. Хрысьціян сказаў яму:
—Хадзі; трэба адвезьці ў Пардо колькі скураў. Я ўжо ўсё пагрузіў; давай, пакуль ветрык.

Пардаўскі кірмаш быў, маніцца, у паўднёвым кірунку ад іх; яны рушылі гасьцінцам на Тропас; потым збочылі. Пампа вакол іх агромнілася з набліжэньнем ночы.

Яны паехалі ўдоўж зарослага балота; Хрысьціян адкінуў запаленую цыгарэту й нетаропка прамовіў:
—За працу, братка. Пазьней нам дапамогуць грыфы. Сёньня я яе забіў. Хай застаецца тут са сваім рызьзём разам. Больш ужо нам шкодзіць ня будзе.

Яны абняліся, ледзьве ня плачучы. Цяпер іх яднала яшчэ адна повязь: прынесеная ў жалобную ахвяру жанчына й неабходнасьць аб ёй забыцца.

(з кнігі “Паведамленьне Броўды”, 1974)


ГІСТОРЫІ ВЕРШНІКАЎ

Іхны лік вялікі, і мог бы быць бясконцым. Першая зь іх—даволі сьціплая, наступныя зробяць ейны сэнс больш глыбокім.

Адзін уругўайскі фермер набыў маёнтак (упэўнены, што ён карыстаўся менавіта гэтым словам) у раёне Бўэнос Айрэсу. З Пасо дэ лос Торос ён прывёз з сабою аднаго ўтаймавальніка ската, які быў вельмі надзейны, але дзікаваты. Уругўаец пасяліў яго ў адной карчме непадалёк ад Онсэ. Праз тры дні ён прыйшоў яго наведаць, і знайшоў яго за матэ ў ягоным пакоі на апошнім паверсе. Запытаўшыся ў яго, як яму спадабаўся Бўэнос-Айрэс, фермер даведаўся, што за гэты час ягоны госьць ніводнага разу ня выйшаў на вуліцу.

Другая гісторыя ня надта адрозьніваецца ад першай. У 1903 годзе Апарысьё Саравія стаў на чале паўстаньня уругўайскай вёскі; на адным з этапаў кампаніі ўзьнікла небясьпека, што ягоныя людзі ўварвуцца ў Монтэвідэо. Мой бацька, які ў той час знаходзіўся ў месьце, пайшоў запытацца рады на гэты конт у свайго сваяка, гісторыка Лўіса Мэльяна Лафінура. Той сказаў яму, што ня трэба баяцца нічога падобнага, “бо места палохае гаўчо”. Насамрэч, аддзелы Саравіі зьмянілі кірунак, і мой бацька зь некаторым зьдзіўленьнем пераканаўся, што вывучэньне Гісторыі можа быць ня толькі прыемным, але й карысным заняткам.*

Трэцяя гісторыя таксама належыць да шэрагу нашых хатніх паданьняў. Напрыканцы 1870 году войскі правінцыі Лопэс Ёрдан пад камандваньнем гаўчо зь мянушкай Зацкаваны абкружылі места Парана. Неяк уночы, скарыстаўшы зь нядбайнасьці гарнізону, коньніца паўстанцаў прарвалася цераз лінію абароны й паскакала празь места проста на цэнтральную плошчу, сьмеючыся з дурных абаронцаў і круцячы пальцамі каля скроняў. Потым, пад сьвіст і кепікі, яны разьвярнуліся й паскакалі прэч. Вайна не была для іх пасьлядоўным выкананьнем нейкага плану, але зухаватай гульнёй.

Чацьвёртая й апошняя гісторыя знойдзеная мной на старонках адной чароўнай кнігі: “L’empire des Steppes” (1939), напісанай знаўцам Усходу Груссэ. Два параграфы з другога разьдзелу дапамогуць нам лепей зразумець ейны сэнс; вось першы зь іх:

“Вайна Чынгіз-хана супраць імпэрыі Цын пачалася ў 1211 годзе, з кароткім перапынкамі працягвалася да ягонай сьмерці ў 1227 годзе й была завершаная ягоным наступнікам у 1234 годзе. Са сваёй рухавай кавалерыяй манголы маглі спустошыць палі й паселішчы на адкрытай мясцовасьці, але на працягу доўгага часу не маглі навучыцца здабываць умацаваныя кітайскімі дойлідамі месты. У дадатак, яны імкнуліся зваяваць Кітай так, як быццам гэта быў стэп, шэрагам набегаў, пад канец якіх яны вярталіся са сваёй здабычай назад, дазваляючы кітайцам за іхнай сьпіной зноў заняць гарады, адбудаваць зруйнаваныя дамы, залатаць праломы й аднавіць умацаваньні, такім чынам на працягу той вайны мангольскія ачольнікі былі вымушаныя па два, па тры разы заваёўваць тыя самыя месты.”

Вось другі:

“Манголы занялі Пекін, пасеклі насельніцтва, абрабавалі дамы і ў рэшце рэшт падпалілі места. Разбурэньне працягвалася месяц. Качэўнікі відавочна ня ведалі, што рабіць зь вялікім горадам, і не маглі дацяміць, як ільга скарыстаць яго дзеля ўмацаваньня й пашырэньня сваіх уладаньняў. Вось цікавы для спэцыялістаў на чалавекаграфію факт: зьбянтэжанасьць жыхароў стэпу ў момант, калі воляю лёсу пад іхнай уладай нечакана апынаюцца старажытныя краіны з гарадзкой цывілізацыяй. Яны паляць і забіваюць не з садызму, а з разгубленасьці й няведаньня, як сябе іначай паводзіць.”

А цяпер—сама гісторыя, якую пацьвярджаюць усе аўтарытэтныя крыніцы:

Падчас апошняга паходу Чынгіз-хана адзін зь ягоных ваеначальнікаў выказаў думку, што кітайцы ў якасьці падданых не прынясуць яму ніякай карысьці, як што да вайны яны няздольныя й абыякавыя, і такім чынам найбольш разумным было б усіх іх зьнішчыць, зраўняць зь зямлёй іхныя месты й ператварыць мала бязьмежную Нутраную Імпэрыю ў разьсяглую пашу для табуноў мангольскіх коней. Гэтак знайшлося б прынамсі нейкае выкарыстаньне зваяванай тэрыторыі, як што ў астатнім яна была зусім непрыдатнай. Магчыма, хан зьбіраўся паслухацца гэтай парады, калі іншы дарадчык зьвярнуў ягоную ўвагу на тое, што больш выгадным было б абкласьці падаткамі зямлю й гандляроў. Цывілізацыя захавалася, манголы дажылі да старасьці ў гарадох, якія гэтак палымяна парываліся зруйнаваць, і ў рэшце рэшт, у ценю сімэтрычных садоў пранікліся несумненнай павагай да нізкіх і неваяўнічых майстэрстваў кітайскага вымаўленьня й керамікі.

Далёкія ад нас у часе й прасторы, гэтыя сабраныя тут мною гісторыі ёсьць, насамрэч, адной і той самай; ейны герой—вечны, і пахмурны селянін, які тры дні сядзіць перад дзьвярыма на балкон, ёсьць хаця й зьменшаным, але дакладным увасабленьнем іншага, узброенага двума лукамі, ласо з конскага воласу й крывой шабляй, што хацеў зраўняць зь зямлёй і затаптаць капытамі стэпавага каня найстаражытнейшую культуру сьвету. Ёсьць пэўная асалода ў сузіраньні таго, як пераапранаюцца ў касьцюмы розных эпохаў вечныя архетыпы вершніка й места**; у кантэксту згаданых гісторыяў гэтая асалода можа пакідаць у нас, аргентынцаў, прысмак мэланхоліі, як што мы (дзякуючы Эрнандэсу й ягонаму гаўчоўскаму эпасу, альбо таксама сіле прыцягненьня нашай мінуўшчыны) атаясамляем сябе зь вершнікам, які канец канцоў заўсёды прайграе. Перамога лапітаў над кентаўрамі, сьмерць пчаляра Абэля ад рук земляроба Каіна, разгром напалеёнаўскай кавалерыі брытанскай пяхотай пад Ватэрлоо ёсьць сымбалямі й ценямі гэтага наканаваньня.

Вершнік, які аддаляецца й зьнікае, выклікаючы думку аб паразе, гэтаксама адлюстраваны ў нашай гаўчоўскай літаратуры. Гэтак, у “Марціне Ф’ерро”:

Крус і Ф’ерро зь нейкай фермы
Статак коняў спрытна скралі
Ды наперадзе пагналі,
Як сапраўдныя крэолы,
А з падмогай раньняй цемры
За мяжу зь ім паскакалі.

А калі яны радзіму
На сьвітаньні пакідалі
Крус сказаў, зірні на далі,
Дзе апошнія будынкі:
З твару Ф’ерро дзьве сьлязінкі
На зямлю сухую ўпалі.

І ў пустэльню скіравалі
Шляхам добра ім вядомым...

Таксама ў “Песьняры” Лугонэса:

“Такім чынам, мы бачылі, як ён зьнікаў між знаёмых яму пагоркаў, у тэмпе крокаў свайго каня, надзвычай павольна, каб ніхто не падумаў, што ён спалохаўся, разам з пацямнелым, нібыта крыло голуба, апошнім вечарам, пакрыты змрочным небакраем і пончо, што спадала зь ягоных плячэй у столках, як быццам напалову згорнуты сьцяг.”

І ў “Доне Сэгундо Сомбра”:

“Зьменшаная пастаць майго хроснага зьявілася на хрыбце. Мой зрок з намаганьнем трымаўся гэтага маленькага руху ў соннай пампе. Ён амаль дасягнуў вяршыні ўзгорку й неўзабаве мусіў зьнікнуць. Пастаць скарачалася, як быццам ад яе паступова адразалі кавалак па кавалку. Мае вочы зь імпэтам уцяліся ў чорную кропку на даляглядзе, як быццам хочучы прымусіць гэтую ягоную рэштку застацца.”

У вышэй цытаваных тэкстах прасторы даручаная роля заступаць час і гісторыю.

У пастаці чалавека на кані ёсьць патаемны пафос. Пад кіраўніцтвам Бізуна Божага Ацілы, Чынгіз-хана й Тымура вершнік руйнуе й зноў засноўвае агромністыя дзяржавы, але ягоныя ўчынкі ёсьць ілюзорнымі. Ягоныя стварэньні ёсьць такімі сама прывіднымі, як ён сам. Ад земляроба паходзіць слова “культура”, ад места—слова “цывілізацыя”, адылі вершнік—гэта віхура, якая сыходзіць у нябыт. У кнізе “Die Germanen der Vцlkerwandung” (Штутгарт, 1939), Капэль у гэтай сувязі адзначае, што грэкі, рымляне й германцы былі народамі земляробаў.

(з кнігі “Эварысто Карр’его”, 1955)

(Footnotes)

* Бёртан згадвае, што бедуіны, трапляючы ў арабскія месты, закрываюць твары хусткай альбо ватай; Амміян піша, што гунны баяліся каменных дамоў гэтаксама ж як магілаў. Аналагічна паводзілі сябе саксы, якія цягам стагодзьдзя захапілі Англію, але так і ня здолелі пасяліцца ў здабытых імі рымскіх местах. Яны толькі прыглядалі, як тыя ператвараюцца ў руіны, і складалі з гэтай нагоды жаласныя элегіі.
** Вядома, што Ідальго, Аскасубі, Эстаніслао дэль Кампо й Луссіч стварылі процьму жартоўных вэрсіяў дыялогу вершніка й места.

© Пераклад-Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI