Хорхэ Лўіс Борхэс (1899-1989)

НЕСЬМЯРОТНЫ

Сэсіліі Інхэньерос

Salomon saith: There is no new thing upon the earth.
So that as Plato had an imagination, that all knowledge
was but rememberance; so Salomon giveth his sentence,
that all novelty is but oblivion.

Francis Bacon: Essays LVIII


У Лондане, напачатку месяца чэрвеня 1929 года, антыквар Джозэф Картафілус са Смірны прапанаваў герцагіні дэ Люсіндж шэсьць тамоў “Іліяды” Поўпа, выдадзеных фарматам у малую кварту ў 1715-1720 гг. Герцагіня іх узяла; атрымаўшы кнігі, яна абмянялася колькімі словамі з прадаўцом. Быў ён, паводле ейнага сьведчаньня, змарнелы й земляны чалавечак, з шэрымі вачыма й шэраю барадой, з надзвычай няпэўнымі рысамі твару. Аднолькава свабодна й неахайна карыстаўся ён некалькімі мовамі; на працягу некалькіх хвілінаў ён пераскочыў з францускай на ангельскую, а з ангельскай на загадкавую сумесь гішпанскай, якую ільга пачуць у Салоніках, з партугальскаю, на якой размаўляюць у Макао. У кастрычніку герцагіня дачулася ад аднаго падарожнага з палубы Зеўса, што Картафілус памёр на караблі падчас вяртаньня ў Смірну, і што яго пахавалі на выспе Іос. У апошнім томе “Іліяды” яна знайшла гэты рукапіс.
Арыгінал напісаны па-ангельску і ўражвае мноствам запазычаньняў з лаціны. Тут мы падаем яго ў літаральным перакладзе.

І

Наколькі я памятаю, мая гісторыя распачалася ў садох Стобрамных Фіваў, пры імпэратары Дыяклецыяне. Я вяртаўся з кагадзе скончанай эгіпецкай вайны, у якой удзельнічаў (даволі бясслаўна) ў якасьці трыбуна майго легіёну, што быў цяпер разьмешчаны ў Вэроніках, насупраць Чырвонага Мора: ліхаманка й чарадзействы пазбавілі нас многіх выдатных жаўнераў, якія велічна супрацьстаялі сталі. Маўрытане былі пераможаныя; зямля, на якой дагэтуль мясьціліся непакорныя гарады, была цалкам засьвечаная багом з царства Плутона; Александрыя, падпарадкаваная сілай зброі, марна благала цэзаравай літасьці; не прайшло й аднаго году, як ад легіёнаў прыйшла вестка аб перамозе, аднак я ледзьве пасьпеў зазірнуць у аблічча Марсу. Гэтая страта была для мяне балючай і, магчыма, сталася прычынай таго, што я рынуўся цераз поўныя жахаў паўсюдныя пустэльні на пошукі таямнічага Места Несьмяротных.
Усё пачалося, як я ўжо казаў, у адным садзе ў Фівах. На працягу той ночы я ня мог заснуць, бо штосьці не давала спакою майму сэрцу. На досьвітку я ўзьняўся; мае рабы спалі, месяц быў аднолькавага колеру зь бясконцым пяском. Зьнясілены й скрываўлены вершнік набліжаўся з усходу. За некалькі крокаў перада мной ён сасьлізнуў з каня. Слабым голасам ён прагна запытаўся ў мяне па лацінску, як называецца рака, што амывае муры горада. Я адказаў яму, што Эгіпет, рака, якую сілкуюць дажджы. Ня гэтую раку я шукаю, маркотна адказаў ён, але іншую, што ачышчае сьмяротных ад сьмерці. Цёмная кроў бруілася зь ягоных грудзей. Ён сказаў мне, што паходзіць з гары, якая знаходзіцца на тым баку Гангу, і што сярод тамтэйшых людзей хадзілі чуткі, што калі рушыць на захад, туды, дзе сканчаецца сьвет, дык дасягнеш ракі, чые воды дадуць табе неўміручасьць. Ён дадаў, што на самым краі сьвету на беразе мора ўзвышаецца Места Несьмяротных, умацаванае й багатае на храмы й амфітэатры. Перад самым усходам аўроры ён памёр, адылі я вырашыў, што знайду тое места й раку ля яго. Дапытаныя катам, некаторыя з маўрытанскіх палонных пацьвердзілі сказанае тым вандроўнікам; хтосьці зь іх сказаў, што прыгадвае шчасную раўніну на краі зямлі, дзе людзі жывуць вельмі доўга; хтосьці ўзгадаў вяршыні, дзе нараджаецца рака Пактоло й чые жыхары дасягаюць ста гадоў веку. Калісьці ў Рыме я гутарыў зь філёзафамі, якія лічаць, што расьцягваць людзкое жыцьцё азначае расьцягваць агонію чалавека й памнажаць колькасьць ягоных сьмерцяў. Ня ведаю, ці верыў я калі-небудзь насамрэч у існаваньне Места Несьмяротных: напэўна, тады мне было дастаткова, што я ўзяў сабе за мэту яго адшукаць. Флавій, праконсул Гетуліі, даў мне дзьвесьце жаўнераў для ейнага дасягненьня. Акрамя гэтага, я ўзяў некалькіх мясцовых наймітаў, што сьцьвярджалі, маўляў ведаюць дарогу, якія пры першай магчымасьці ўцяклі.
Далейшыя падзеі заблыталі да непазнавальнасьці ўспаміны аб першых днях нашага падарожжа. Мы выправіліся з Арсіноі й апынуліся ў распаленай пустэльні. Прайшлі краінаю трагладытаў, якія ядуць зьмеі й ня ведаюць мовы; краінаю гарамантаў, чые жанчыны належаць усім, і якія харчуюцца мясам ільвоў; краінаю аўгілаў, якія шануюць багоў Тартару. Мы пераадолелі іншыя пусткі, у якіх пясок ня белы, а чорны, і дзе падарожнік вымушаны карыстацца начнымі гадзінамі, як што дзённая гарачыня ёсьць невыноснай. Здалёк я ўгледзеў гару, якая дала сваё ймя Акіяну: на ейных схілах расьце малачай, што пазбаўляе сілы ўсялякую атруту; ейную вяршыню насяляюць сатыры, жорсткі й грубы народ, схільны да раскошы. Усім нам здавалася неверагодным, каб ва ўлоньні гэтых дзікунскіх мясьцінаў, дзе зямля спараджае страшыдлаў, магло знайсьці прытулак славутае места. Мы рушылі далей, бо адступаць было б ганебна. Некаторыя баязьліўцы спалі, павярнуўшыся тварам да месяцу, і іх спапяліла гарачка; іншыя звар’яцелі альбо памерлі, напіўшыся застаялай вады з падземных азёраў. Тады пачалося дэзэртырства; а неўзабаве жаўнеры пачалі бунтаваць. Каб падавіць непадпарадкаваньне, я не спыніўся перад жорсткімі пакараньнямі. Я дзейнічаў без затрымкі, аднак адзін цэнтурыён папярэдзіў мяне, што змучаныя смагай ваяры (прагныя помсты за ўкрыжаваньне аднаго зь іх) змаўляюцца мяне забіць. Тады я ўцёк з лягеру зь нешматлікімі вернымі паплечнікамі. У віхуры пяску, што віравала ў навакольнай цемры пасярод пустэльні, я іх страціў. Крыцкая страла, пушчаная наўздагон, зачапіла мяне. Некалькі дзён я блукаў па пустэльні ў пошуках вады, а можа, гэта быў толькі адзін агромністы дзень, падоўжаны сьпёкай, смагай і боязьзю смагі. Тады я пусьціў аброць і падпарадкаваўся волі свайго каня. На золку далеч ашчэрылася пірамідамі й вежамі. Мроя аб маленечкай і празрыстай блукальні, усярэдзіне каторай схаваны гарлач, была невыноснай; мае рукі амаль яго дакраналіся, мае вочы бачылі яго, але з кожным крокам маё цела ўсё больш цяжэла й губляла пэўнасьць, таму я ведаў, што памру раней, чым здолею да яго дапяць.


ІІ

Нарэшце выпрастаўшыся з гэтага кашмару, я ўгледзеў, што ляжу са зьвязанымі рукамі ў падоўжанай і неглыбокай каменнай нішы, ня большай за звычайную магілу, вырытай у крохкім схіле пясчанай гары. Сьценкі нішы былі вільготныя, адшліфаваныя хутчэй часам, чымся людзкімі рукамі. Я адчуў боль ад біцьця сэрца ў грудзях, і што мяне спальвае смага. Я выглянуў зь нішы й паспрабаваў закрычаць. Ля ўзножжа гары бязгучна расьцякаўся брудны ручай, цёк якога стрымвалі адломкі камянёў і пясок; на іншым беразе зіхцела (пад вечаровым альбо ранішнім сонцам) тое, што павінна было быць Местам Несьмяротных. Я ўбачыў муры, аркі, фасады і плошчы: іхным падмуркам было каменнае роўнагор’е. Схіл гары й лог былі падзяўбаныя якой сотняй абы-як вырытых нішаў, аднолькавых з маёй. У пяску былі неглыбокія калодзежы; з гэтых мізэрных дзюрак (як і зь нішаў) высоўваліся голыя людзі з шэраю скурай і запушчанымі бародамі. Мне падалося, што я іх пазнаў: яны належалі да зьверападобнага роду трагладытаў, што спрэс насяляюць узьбярэжжы Арабскага заліву й эфіёпскія пячоры; нядзіва, што яны ня ўмелі размаўляць і елі гадаў.
Прымус смагі надаў мне рашучасьці. Я прыкінуў, што знаходжуся якіх трыцаць крокаў ад пяску, і са зьвязанымі за сьпіной рукамі кінуўся ўніз па схіле гары, заплюшчыўшы вочы. Мой скрываўлены твар паглыбіўся ў цёмную ваду. Я піў на капыл жывёлаў, што спаталяюць сваю патрэбу. Раней, чым мая сьвядомасьць зноў згубіўся ў мроях і трызьненьні, няўцямным чынам я вымавіў грэцкія словы: зэлейцы заможныя, хто п’е чорныя воды Эзэпу...
Ня ведаю, колькі дзён і начэй правярнулася па-над мной. Паранены, няздольны вярнуцца ў свой пячорны прытулак, голы на незнаёмым пяску, я аддаў свой злавесны лёс на волю гульняў месяца й сонца. Трагладыты ў сваім дзікунстве былі быццам дзеці і не імкнуліся дапамагчы мне ані памерці, ані выжыць. Марна ўмольваў я іх прыкончыць мяне. Аднаго дня я перацёр вяроўку на руках аб востры край камяня. На наступны дзень я ўстаў на ногі й выпрасіў альбо ў каго адабраў—я, Марк Фламіні Руф, вайсковы трыбун аднаго з легіёнаў Рыму—сваю першую ганебную долю мяса зьмяі.
Неадольная прага ўбачыць Несьмяротных, дакрануцца надчалавечага Места зусім пазбавіла мяне сну. Як быццам адгадаўшы мой намер, трагладыты таксама ня спалі: напачатку я быў сабе падумаў, што яны за мной цікуюць; потым, што ім перадаўся мой неспакой, гэтаксама як хваляваньне гаспадара перадаецца сабаку. Каб пакінуць гэтую барбарскую вёску, я абраў найбольш шматлюдны час, калі ўсе яны вылазяць са сваіх шчылінаў і глядзяць на захад сонца, ня бачачы яго. Я памаліўся ўголас, ня столькі дзеля таго, каб выклікаць прыхільнасьць багоў, колькі для таго, каб запалохаць вымаўленымі словамі дзікуноў. Я перасёк ручай, зьняўклюднены мельчынамі, і скіраваў у Места. За мной няўпэўнена рушылі два ці тры чалавекі. Як і іншыя прадстаўнікі гэтай пароды, яны былі маленькага росту й выклікалі ня боязь, а хутчэй агіду. Мне прыйшлося абыйсьці некалькі няправільнай формы вырыткаў, што падаліся мне былымі каменаломнямі; засьляплёны веліччу Места, я памылкова палічыў, што яно блізка. Падвечар мая нага нарэшце дакранулася чорнай цені ягоных муроў, што вырысоўвалася грэбнем ашчэраных богападобных формаў на жоўтым пяску. Штосьці накшталт сьвятога жаху апанавала мяне й змусіла спыніцца. Нязвычнасьць і самота настолькі ненавісныя чалавеку, што я нават узрадаваўся, што адзін з трагладытаў дайшоў за мной ажно сюды. Я заплюшчыў вочы й дачакаўся (ня здолеўшы заснуць), пакуль разьвіднела.
Я сказаў, што Места было ўзьведзенае на каменным роўнагор’і. Схілы гэтага роўнагор’я, падобнага да стромкай выспы пасярод мора, былі такія ж неадольныя, як і самі муры. Дарэмна я намагаўся: чорны падмурак ня меў ніводнай няроўнасьці, спрэсныя муры не падавалі ніякай надзеі адшукаць якія-небудзь дзьверы. Полымя дня прымусіла мяне схавацца ў нейкай пячоры; у глыбіні яе быў калодзеж, у калодзежы—лесьвіца, што сыходзіла ў бяздонную чэрань пад нагамі. Я рушыў уніз; пераадолеўшы хаотычна нагрувашчаныя жахлівыя галерэі, я апынуўся ў агромністай круглай залі, якую ледзьве здолеў разгледзець. У гэтым склепе было дзевяць дзьвярэй; восем зь іх вялі ў лябірынт, які няўмольна прыводзіў вас назад у тое ж самае памяшканьне; дзявятая (цераз яшчэ адзін лабірынт) вяла ў яшчэ адну круглую залю, аднолькавую зь першай. Мне невядома, колькі там было ўсяго заляў; мой адчай і мой нясьцерп павялічвалі іхную колькасьць. Цішыня была варожай і амаль поўнай; у глыбокім каменным нераце не было іншага гуку, акрамя сьвісту падземнага ветру, прычыну якога я ня здолеў высьветліць; у шчылінах бясшумна зьнікалі струмені іржавай вады. Нейкім жудасным чынам я прызвычаіўся да гэтага сумнеўнага сьвету; мне падалося немагчымым, што можа існаваць нешта апроч скляпеньня зь дзевяцьцю дзьвярыма й апроч падземных калідораў, якія падвойваюцца. Ня ведаю, як доўга я мусіў быў прабадзяцца пад зямлёй; праўда толькі, што з часам я пачаў адчуваць па брыдкай вёсцы дзікуноў тую самую настальгію, што і па сваім родным горадзе, увабраным у вінаграднікі.
У глыбіні аднаго з калідораў мур непрадбачана разыйшоўся й саступіў мне шлях, далёкае сьвятло дасягнула мяне. Я ўзьняў асьлепленыя вочы: у галавакружнай вышыні я ўбачыў па-над сабой палонку такога блакітнага неба, што яно падалося мне амаль барвовым. Мэталічныя прыступкі ў муры вялі ўгару. Стома паслабляла мяне, аднак я ўзьняўся, спыняючыся толькі каб груба ўзлікнуць ад шчасьця. З кожным крокам мне былі ўсё лепш і лепш відочныя капітэлі, астрагалы, трохкутныя франтоны й аркі, рознамаітыя раскошы з граніту й мармуру. Такім чынам мне было дадзена ўзьняцца са сьлепаты пераплеценых чорных блукальняў да бліскучага Места.
Я выйшаў на паверхню на нейкай невялічкае плошчы; лепей нават сказаць дворыку. Ён мясьціўся пасярэдзіне аднаго будынку няправільнай формы й зьменлівай вышыні; гэтаму рознакшталтнаму будынку належалі купалы й калюмны. Ніводная якасьць гэтага неверагоднага збудаваньня не зьдзівіла мяне так, як ягоная невымерная старажытнасьць. Я адчуў, што ён узьнік нашмат раней за людзей і за сьвет. Незвычайная старасьць гэтай архітэктурнай канструкцыі (у нейкім сэньсе невыносна жахлівая для вачэй) намовіла мне, што тая павінна быць стварэньнем несьмяротных дойлідаў. Спачатку асьцярожна, потым абыякава й нарэшце безнадзейна блукаў я па лесьвіцах і ходніках гэтага няўцямнага палацу. (Неўзабаве я пераканаўся, што шырыня й вышыня прыступак былі неаднолькавыя—факт, які дапамог мне зразумець ні з чым не параўнальную зьнясіленасьць, якую яны мне спрычынілі.) Гэты палац збудаваны багамі, думаў я напачатку. Абыйшоўшы бязьлюдныя памяшканьні, я выправіўся: Богі, якія яго збудавалі, памерлі. Адзначыўшы ягоныя адметнасьці, я сказаў: Богі, якія яго збудавалі, былі вар’ятамі. Я прамовіў гэта, памятаю, зь незразумелай усьцешанасьцяй, у якой было штосьці ад згрызотаў сумленьня, хутчэй усьвядоміўшы розумам, чымся адчуўшы целам увесь жах гэтага цьверджаньня. Да ўражаньня з агромністай старасьці далучыліся іншыя: адчуваньне бясконцасьці, бязьлітаснасьці, неверагодна ўскладнёнай бязглуздасьці. Я прайшоў падземнай блукальняй, адылі ўзьнёслае Места Несьмяротных унучыла мне боязь і агіду. Блукальня ёсьць збудаваньнем, прызначаным для таго, каб зьбіць з панталыку чалавека; ейная архітэктура, выкшталцона сымэтрычная, падпарадкаваная гэтай мэце. У архітэктуры агледжанага мной палацу на першы погляд было відаць, што ёй бракуе мэты. Там было шмат тупікоў, вокнаў на недасяжнае вышыні, вялічэзных дзьвярэй, што вялі ў кельлю альбо калодзеж, неверагодных шрубавых лесьвіцаў, перакручаных наадварот, з прыступкамі й парэнчамі дагары нагамі. Іншыя лесьвіцы, бязважка прымацаваныя з боку якога манумэнтальнага мура, нікуды не вялі й сканчаліся пасьля двух ці трох абаротаў у прыцемках высокіх купалоў. Ня ведаю, ці пералічаныя мной прыклады насамрэч там сустракаліся; ведаю толькі, што на працягу доўгіх гадоў імі буялі мае найгоршыя сны; ня ведаю, ці ёсьць тая ці іншая дэталь адлюстраваньнем сапраўднасьці альбо тых формаў, што ператваралі мае ночы ў кашмары. Гэтае Места (падумаў я) настолькі жудаснае, што сама няспыннасьць ягонага існаваньня, хаця б і пасярод недасяжнай пустэльні, атручвае мінуўшчыну й будучыню і нейкім чынам абвінавачвае зоры. Пакуль яно існуе, ніхто ў сьвеце ня можа быць бязбоязна шчасьлівым. Я не хачу апісваць, як яно выглядала; хаос гібрыдных словаў, цела тыграбыка, у якім бы страхотна прапляталіся ва ўзаемнай непадзельнасьці й нянавісьці іклы, органы й галовы, можа й маглі б, хто ведае, прыблізна перадаць тое ўражаньне.
Ня памятаю, як я вяртаўся нейкімі пыльнымі й вільготнымі катакомбамі. Памятаю толькі, што мяне не пакідала боязь таго, што калі я выйду з апошняга лабірынту, дык зноўку апынуся ў пачварным Месьце Несьмяротных. Больш нічога ўзгадаць не магу. Гэтае забыцьце, сёньня ўжо неадольнае, было, магчыма, наўмысным; відаць, абставіны майго вызваленьня былі настолькі непрыемнымі, што аднаго ня меней надзейна забытага дня я паабяцаў сабе на іх забыцца.

ІІІ

Той, хто ўважліва прачытаў аповед аб маіх блуканьнях, узгадае, што адзін чалавек з племені дзікуноў цягнуўся за мной, як мог цягнуцца толькі сабака, да самага краю няроўнага ценю муроў. Калі я выйшаў з апошняга скляпеньня, я ўбачыў яго каля выхаду зь пячоры. Ён ляжаў на пяску і нязграбна крэсьліў а потым сьціраў повязь знакаў, што прыгадвалі літары ў снах, якія сплываюцца якраз у той момант, калі нам здаецца, што мы іх ужо амаль зразумелі. Спачатку я падумаў, што ён выводзіць нейкія барбарскія пісьмёны; але потым усьвядоміў абсурднасьць меркаваньня, быццам людзі, якія не дайшлі да карыстаньня словам, маглі авалодаць пісьмом. Акрамя таго, ніводны з накрэсьленых ім знакаў ня быў падобны на астатнія, што вылучала ці прынамсі аддаляла магчымасьць таго, што яны мелі нейкае значаньне. Той дзікун іх крэсьліў, потым пазіраў на іх і нібы папраўляў. Раптам, як быццам гэтая гульня яму абрыдла, ён сьцёр іх даланёй і перадплеччам. Калі ён зірнуў на мяне, мне падалося, што ён мяне не пазнаў. Аднак палёгка, што мяне апанавала, была такая бязьмежная (альбо бязьмежнымі былі мая самота й баязьлівасьць), што я пачаў думаць, маўляў гэты прымітыўны дзікун, які пазіраў на мяне, седзячы на падлозе пячоры, чакаў майго вяртаньня. Сонца выгравала раўніну; калі мы зь першымі зоркамі выправіліся ў зваротны шлях, пясок пад нагамі быў пякучы. Трагладыт ішоў наперадзе; тае ночы ў мяне зьявіўся намер навучыць яго пазнаваць, а можа нават і паўтараць некаторыя словы. Сабака і конь (разважаў я) здольныя да першага, шматлікія птушкі, як напрыклад, Цэзараў салавей, да другога. Якой бы абмежаванай не была чалавечая цямкасьць, у ёй чалавек заўжды будзе пераўзыходзіць неразумныя істоты.
Прыніжанасьць і варты жалю выгляд трагладыта выклікалі ў маёй памяці вобраз Аргуса, старога сабакі перад здыхатою з Одысэі, і гэтак я даў яму ймя Аргус і паспрабаваў навучыць яго яму. Я цярпеў паразу за паразай. Мае настойлівасьць, цьвёрдасьць і ўпартасьць былі дарэмнымі. Нерухомы, зь бязвольным позіркам, дзікун, здавалася, ня чуў гукаў, якія я імкнуўся яму ўвесьці ў вушы. На адлегласьці колькіх крокаў ад мяне, ён здавалася, быў недасяжны. Лежачы на пяску, быццам невялічкі й абрынуты сфінкс з вулканічнай лавы, ён не зьвяртаў увагі, як ад закоту дня да закоту ночы нябёсы варочаліся па-над ягонаю галавой. Я падумаў, што немагчыма, каб ён не здагадваўся аб маім намеры. Я ўзгадаў, што сярод эфіопаў распаўсюджанае меркаваньне, быццам малпы не размаўляюць наўмысна, каб іх не прымусілі працаваць, і вырашыў, што Аргусава маўчаньне паходзіць зь ягонага недаверу альбо боязі. Гэтая ўява пацягнула за сабой яшчэ больш неверагодныя прыпусткі. Я падумаў, што ў нас з Аргусам розныя сьветы; што нягледзячы на аднолькавасьць нашага ўспрыманьня, Аргус спалучае свае адчуваньні іншым чынам, і гэтак зь іх атрымліваюцца іншыя рэчы; што для яго, мажліва, не існуе рэчаў, а толькі няспынная галавакружная гульня найкарацейшых уражаньняў. Мне ўявіўся сьвет, пазбаўлены памяці й часу; я прыняў да ўвагі магчымасьць існаваньня мовы, якая б ня ведала рэчных імёнаў, мовы неасабовых моўнікаў альбо самастойных і нязьменных эпітэтаў. Гэтак праходзілі дні, а зь імі гады, аднак штосьці падобнае да шчасьлівага здарэньня адбылося аднойчы раніцай. Пайшоў магутны й нетаропкі дождж.
Ночы ў пустэльні часам бываюць халодныя, аднак тая ноч была палымяна сьпёчнай. Я прысьніў, як быццам адна рака ў Фэсаліі (у ваду якой я адпусьціў быў некалі залатую рыбку) вырашыла аддзячыць мне і скіравала мне на дапамогу; з чырвонага пяску й чорных камянёў мне чуліся гукі ейнага набліжэньня; сьвежасьць паветра й працавіты шум дажджу пабудзілі мяне. Голы, я пабег ім насустрач. Надыходзіла ноч; пад жоўтымі хмарамі, ня меней шчасныя за мяне, дзікуны падстаўляліся жывым струменям вады нібы ў якімсьці экстазе. Яны здаліся мне карыбантамі, апантанымі боскім духам. Аргус, узьняўшы вочы ўвышкі, стагнаў; пацёкі вады бруіліся па ягоным твары; але гэта была ня толькі вада, а (пасьля я даведаўся) таксама сьлёзы. Аргус, закрычаў я яму, Аргус.
Тады, з рахманым зьдзіўленьнем, як быццам зноў напаткаўшы страчаную й забытую шмат часу таму рэч, Аргус, ня гледзячы ў мой бок, прамармытаў гэтыя словы: Аргус, Улісаў сабака. А пасьля дадаў, не павяртаючы галавы: Гэты сабака, выкачаны ў гной.
Мы ўспрымаем рэчаіснасьць зь лёгкасьцю, мажліва таму, што здагадваемся: насамрэч нічога не існуе. Я спытаўся ў яго, што ён ведае з Одысэі. Грэцкая мова давалася яму цяжка, таму я мусіў паўтарыць сваё пытаньне. Амаль нічога, сказаў ён. Менш за самага малапомнага рапсода. Бадай, больш за тысячу гадоў прайшло з таго часу, як я яе прыдумаў.


IV

Усё мне ў той дзень зрабілася ясна. Трагладыты былі Несьмяротнымі; рачулка, забруджаная пяском, была Ракой, якую шукаў той вершнік. Што да Места, слава аб якім данеслася ажно да самага Гангу, дык Несьмяротныя зруйнавалі яго якіх дзевяць стагодзьдзяў таму. З таго, што засталося пасьля разбурэньня, на тым самым месцы было ўзьведзенае бязглуздае места, якое я агледзеў: кшталт пародыі альбо перайначаньня, але таксама храм у гонар пазбаўленых розуму багоў, якія кіруюць сьветам і аб якіх нам вядома толькі тое, што яны не падобныя да людзей. Гэтая пабудова была апошнім знакам, да якога зьніжыліся Несьмяротныя; ад яе распачынаецца пара, калі Несьмяротныя, палічыўшы ўсялякую дзейнасьць марнай, вырашылі жыць толькі думкамі, у чыстым разважаньні. Яны збудавалі Места, забыліся аб ім і сталі жыць у пячорах. У сваім заасабленьні яны амаль не ўспрымалі фізычны сьвет.
Аб гэтых рэчах Гомэр распавёў так, як аб іх магло б распавесьці дзіця. Ён паведаміў мне аб старажытнасьці свайго веку й аб апошнім падарожжы, якое ён зьдзейсьніў: ім, як і Улісам, рухала памкненьне дасягнуць краінаў, насельнікі якіх ніколі ня чулі пра мора, дзе людзі харчуюцца незапраўленым сольлю мясам і ня маюць уявы аб тым, як карыстацца вяслом. У Месьце Несьмяротных ён пражыў каля стагодзьдзя. Калі тое зруйнавалі, ён прапанаваў пабудаваць цяперашняе места. Гэта не павінна зьдзіўляць нас; вядома, што пасьля таго, як ён быў усьпяяў аблогу Іліёна, наступнай усьпетай ім вайной была вайна паміж жабкамі й мышамі. Ён нагадваў бога, які спачатку стварыў космас, а потым хаос.
Быць несьмяротным лёгка; акрамя чалавека, усе стварэньні ёсьць неўміручымі, таму што нічога ня ведаюць аб сьмерці; насамрэч боскім, жудасным, няўцямным ёсьць усьведамленьне сваёй неўміручасьці. Я адзначыў, што, нягледзячы на наяўнасьць рэлігіяў, аб гэтым мала хто ведае. Юдзеі, хрысьціяне й мусульмане вераць у неўміручасьць, аднак тое празьмернае значэньне, якое яны надаюць першаму стагодзьдзю жыцьця, даказвае, што яны вераць выключна ў яго, як што наканоўваюць незьлічоным наступным стагодзьдзям быць ягонай ці то ўзнагародай, ці то пакараньнем. Больш абгрунтаваным мне здаецца кола перараджэньняў у некаторых рэлігіях Індастану; у гэтым коле, што ня мае пачатку ані канца, кожнае жыцьцё ёсьць вынікам папярэдняга й спараджэньнем наступнага, аднак ніводнае ня ёсьць у агульным складзе вызначальным... Навучаная тысячагадовым практыкаваньнем, грамада Несьмяротных дасягнула дасканалай безуважнасьці й амаль пагарды да ўсяго. Ім было вядома, што за бясконцы час з кожным чалавекам адбудзецца ўсё, што можа адбыцца. Праз свае колішнія ці будучыя вартасьці кожны чалавек ёсьць зьмястовішчам усіх даброцяў, гэтаксама як і ўсіх мярзотаў, з прычыны зьдзейсьненых у мінуўшчыне ці ў прышласьці злачынстваў. Гэтаксама як у азартных гульнях, дзе выпадзеньне цотных і няцотных лічбаў імкнецца да выраўнаньня, гэтак узаемна анулююцца і ўзаемна дапасуюцца кемістасьць і тупасьць, а няўклюдная паэма пра Сіда ёсьць неабходнай процівагай аднаго-адзінага эпітэту з Эклогаў альбо аднаго з выказваньняў Геракліта. Самая няўлоўная думка падчыняецца нябачнаму рысунку й можа ўвянчаць альбо распачаць сабой нейкую зь ягоных таемных формаў. Я чуў аб тых, што рабілі блага дзеля таго, каб атрымаць добры вынік у будучых альбо мінулых стагодзьдзях... У гэтым сьвятле ўсе нашыя ўчынкі ёсьць справядлівымі, але таксама й пазбаўленымі ўсялякага значаньня. Няма інтэлектуальных альбо маральных вартасьцяў. Гомэр склаў Одысэю; але немагчыма ўявіць, каб за бясконцы час несупынных зьменаў усемагчымых абставінаў ніхто ня склаў яе зноўку, прынамсі аднойчы. Ніводны несьмяротны чалавек ня ёсьць кімсьці, усе яны ёсьць адным чалавекам. Падобна да Карнэлія Агрыппы, я ёсьць богам, героем, філёзафам, дэманам і сьветам—што ёсьць усяго толькі марудным спосабам сказаць, што мяне няма.
Канцэпцыя сьвету як сыстэмы дакладных суадноснасьцяў надзвычайна паўплывала на Несьмяротных. Перадусім, яна зрабіла іх нячуйнымі да ўсялякай літасьці. Я ўжо ўзгадваў старажытныя каменаломні, што мясьціліся на тым беразе пустэльні; адзін чалавек абваліўся ў самую глыбокую зь іх; ён ня мог ані моцна пацярпець, ані памерці, але пакутаваў ад смагі; толькі празь семдзесят гадоў яму нарэшце скінулі вяроўку. Гэтаксама ж абыякавы быў кожны зь іх да ўласнага лёсу. Цела было паслухмянай хатняй жывёлай, якой было дастаткова міласьціны некалькіх гадзінаў сну на месяц, колькі тае вады й аднаго шматку мяса. Адылі ня трэба рабіць з нас такіх ужо аскетаў. Не існуе больш вытанчанай асалоды, чымся мысьленьне, і гэтай асалодзе мы сябе прысьвячалі. Часам нейкае неверагоднае адчуваньне замяняла нам фізычны сьвет. Напрыклад, тае ночы гэта была старажытная асалода, выкліканая прыходам дажджу. Такія моманты былі надзвычай рэдкімі; усе Несьмяротныя былі здольныя захоўваць абсалютны спакой; памятаю аднаго, якога я ніколі ня бачыў іначай як лежачы: на грудзях у яго зьвіла гняздо птушка.
Сярод пастулатаў дактрыны наконт таго, што няма ў сьвеце рэчы, якая не была б ураўнаважаная сваёй супрацьлегласьцю, ёсьць адзін, чыя тэарэтычная важнасьць невялікая, аднак менавіта ён прымусіў нас, дзесьці напрыканцы альбо напачатку Х-га стагодзьдзя разыйсьціся ва ўсе бакі па зямной паверхні. Ён зьмяшчаецца ў гэтых словах: Існуе рака, чыя вада прыносіць неўміручасьць; дзесьці павінна быць іншая рака, якая неўміручасьці пазбаўляе. Колькасьць рэк на зямлі ёсьць кончай; несьмяротны вандроўнік вакол сьвету рана ці позна пакаштуе вады з кожнай зь іх. Мы вырашылі адшукаць гэтую раку.
Сьмерць (альбо думка аб сьмерці) робіць людзей прыгожымі й патэтычнымі. Яны ўражваюць менавіта сваёй прывіднай сутнасьцю; кожны іхны ўчынак можа быць апошнім; няма твару, які б калісьці ня страціў сваіх абрысаў і не ператварыўся ў сон. Усё ў сьвеце сьмяротных мае значнасьць непаўторнага й выпадковага. Сярод Несьмяротных, наадварот, кожны ўчынак (і кожная думка) ёсьць водгукамі іншых учынкаў і думак, якія ад няпомнага часу папярэднічалі ім у мінуўшчыне, ці прадвесьцем іншых учынкаў і думак, што да адурэньня будуць паўтарацца ў наступным. Няма рэчы, што не была б страчанай у бясконцых галерэях нястомных адлюстраваньняў. Нішто ня можа адбыцца толькі раз, нішто ня мае той каштоўнасьці, якая ўласьцівая стратнаму. Элегія, жалоба, цырымонія нічога не азначаюць для Несьмяротных. Гомэр і я разыйшліся перад брамамі Танжэру; здаецца, мы не разьвіталіся.


V

Я абыйшоў новаствораныя краіны й імпэрыі. Увосені 1066 году я біўся ля Стамфордскага мосту, ужо ня памятаю, на чыім баку: ці то Гарольда, які неўзабаве пасьля таго здабыў свой кон, ці то няшчаснага Гаральда Гардрада, які атрымаў крыху больш за шэсьць стопаў ангельскай зямлі. У сёмым стагодзьдзі Хіджры, у адным з прадмесьцяў Булаку, нетаропкім старанным почыркам, на забытае мною мове і цяпер ужо незразумелымі мне літарамі я запісаў гісторыю сямі падарожжаў Сіндбада й паданьне аб Бронзавым Месьце. У адным з дворыкаў Самаркандзкага астрогу я згуляў неверагодна шмат шахматных партыяў. У Біканіры я быў астралогам, гэтаксама як і ў Багеміі. У 1638 годзе я наведаў Колошвар, а потым Ляйпцыш. У Абэрдыне, у 1714 годзе, я падпісаўся на шэсьць тамоў “Іліяды” Поўпа; не забудуся, зь якой асалодай я іх гартаў час ад часу. Дзесьці ў 1729 годзе я паспрачаўся наконт паходжаньня гэтай паэмы з адным прафэсарам рэторыкі, які зваўся, маніцца, Джамбаттыста; ягоныя аргумэнты падаліся мне неабвержнымі. Чацьвёртага кастрычніка 1921 года карабель Патна, на якім я рушыў у Бамбэй, быў вымушаны прыстаць ля берагоў Эрытрэі*. Я сыйшоў на бераг; мне ўзгадаліся іншыя, вельмі старажытныя досьвіткі, яшчэ каля Чырвонага мора, калі я быў рымскім трыбунам, а ліхаманка й чарадзействы спажыналі маіх жаўнераў. Непадалёк я ўбачыў чыстую крыніцу; згодна са звычкай, паспытаў ваду. Калі я ўздымаўся па берагавым схіле, ідучы назад, галінка калючага дрэва падрапала мне руку з адваротнага боку далоні. Нязвыклы боль падаўся мне залішне жывым. Зьнявераны, маўклівы й шчасны, я сузіраў, як на маёй руцэ выступіла чароўная кропля крыві. Я зноўку сьмяротны, паўтарыў я сам сабе, я зноўку такі самы, як усе людзі. Тае ночы я праспаў да самага сьвітаньня.
...Год пасьля таго я перачытаў гэтыя старонкі. Мне здаецца, што яны стасуюцца з праўдай, аднак у пачатковых разьдзелах, і нават у пэўных частках далейшых, мне мроіцца штосьці фальшывае. Магчыма, гэтае ўражаньне ёсьць вынікам злоўжываньня непатрэбнымі падрабязнасьцямі, прыём, які я пераняў у клясыкаў паэзіі й які зьмяншае верагоднасьць тэксту, як што другасныя дэталі могуць прысутнічаць у саміх падзеях, але ня ў згадках аб іх... Усяляк, мне здаецца, што я знайшоў гэтай зьяве больш далікатнае тлумачэньне. Няхай мяне палічаць прыдумшчыкам, я вам яго паведамлю.
Распаведзеная мной гісторыя здаецца несапраўднай таму, што ў ёй мяшаюцца падзеі, што адбыліся з двума рознымі людзьмі. У першым разьдзеле вершнік пытаецца назвы ракі, якая абмывае муры Фіваў; Фламіній Руф, які перад тым дае месту эпітэт Стобрамныя, гаворыць, што назва ракі—Эгіпет; ніводная з гэтых фразаў не належыць яму, адылі Гомэру, які ў “Іліядзе” некалькі разоў узгадвае Стобрамныя Фівы, а ў “Одысэі”, вуснамі Пратэя і Уліса, увесь час замест “Ніл” гаворыць “Эгіпет”. У другім разьдзеле рымлянін, выпіўшы вады з ракі неўміручасьці, прамаўляе некалькі словаў па-грэцку; гэтыя словы таксама паходзяць з Гомэра й могуць быць лёгка знойдзеныя напрыканцы знакамітага пераліку караблёў. Потым, у галавакружным палацы, ён гаворыць аб “усьцешанасьці, у якой было штосьці ад згрызотаў сумленьня”; гэтыя згрызоты належаць Гомэру, які быў дойлідам гэтага страхоцьця. Гэтыя адхіленьні мяне занепакоілі; іншыя адметнасьці, ужо эстэтычнага кшталту, дапамалі мне адкрыць праўду. Вы знойдзеце іх у апошнім разьдзеле; там напісана, што я змагаўся ля Стамфордзкага мосту, у Булаку запісваў гісторыі аб Сіндбаду-Мараплаўцы, і што ў Абэрдыне падпісаўся на выданьне ангельскай “Іліяды” Поўпа. Inter alia, там стаіць: “У Біканіры я быў астралогам, гэтаксама як і ў Багеміі.” Ніводнае з гэтых сьведчаньняў ня ёсьць непраўдзівым; значным ёсьць, усяляк, само памкненьне іх тут падаць. Першае сьведчаньне магло б належаць ваяўніку, аднак неўзабаве робіцца відавочным, што распаведнік не зьвяртае ўвагі на вайсковую справу, а больш цікавіцца людзкімі лёсамі. Далейшыя сьведчаньні яшчэ больш значныя. Чамусьці я ня мог не занатаваць іх, з адной простай прычыны: я ведаў, што ўсе яны ёсьць патэтычнымі. У вуснах рымляніна Фламінія Руфа яны такімі не падаюцца. У вуснах Гомэра—якраз наадварот; да таго ж, было б дзіўна, каб у трынаццатым стагодзьдзі ён перапісваў аповед аб прыгодах Сіндбада, другога Уліса, а шмат стагодзьдзяў пазьней, у адным з каралеўстваў поўначы, адкрываў для сябе адлюстраваныя ў барбарскай мове падзеі напісанай ім жа “Іліяды”. Што да сказу, у якім узгадваецца назва места Біканір, дык відаць, што ягоным аўтарам ёсьць чалавек адукаваны, якому (як і аўтару пераліку караблёў) прыносіць асалоду ўжываньне словаў, адметных сваім хараством.**
Калі набліжаецца канец, не застаецца болей вобразаў памяці; застаюцца адно словы. Нядзіва, што час пераблытаў тыя зь іх, што некалі належалі мяне, з тымі, што ўвасаблялі лёс таго, хто столькі стагодзьдзяў быў маім спадарожнікам. Я быў Гомэрам; неўзабаве я буду Нікім, як Уліс; што азначае—усімі: нябожчыкам.

Постскрыптум 1950 года. Сярод рэакцыяў, якія выклікала публікацыя вышэйпададзенага тэксту, самай цікавай, хаця й ня самай ветлівай, быў камэнтар пад назвай A coat of many colours (Манчэстэр, 1948), які належыць нястомнаму пяру доктара Навума Кордовэро. У ім якіх сто старонак. Камэнтатар гаворыць аб кампіляцыях грэцкіх аўтараў, кампіляцыях позьнелацінскіх аўтараў, аб Бэну Джонсане, які азначаў сваіх сучасьнікаў фрагмэнтамі з Сэнэкі, аб Virgilius evangelizans Аляксандра Росса, аб артыкулах Джорджа Мура й Эліёта, і, у рэшце рэшт, аб “аповедзе, які прыпісваецца антыквару Джозэфу Картафілусу”. У ягоным першым разьдзеле Кордовэро знаходзіць кароткія інтэрпаляцыі з Плінія (Historia naturalis, V, 8); у другім—з Томаса дэ Кўінсі (Творы, ІІІ, 439); у трэцім—з аднаго ліста Дэкарта да амбасадара П’ера Шану; у чацьвёртым—з Бэрнарда Шоў (Back to Methuselah, V). Сыходзячы з гэтых усункаў, а мо рабункаў, ён робіць выснову, што ўвесь дакумэнт зьяўляецца апакрыфічным.
На маё разуменьне, з такой высновай нельга пагадзіцца. Калі набліжаецца канец, піша Картафілус, не застаецца болей вобразаў памяці; застаюцца адно словы. Словы, сагнаныя зь месца й перайначаныя словы, чужыя словы: яны былі адзінай міласьцінай, пакінутай яму гадзінамі й стагодзьдзямі.

(з кнігі “Алеф”, 1947)

© Пераклад--Макс Шчур, 2003


(Footnotes)


*
Тут у рукапісу закрэсьленае слова: магчыма, ідзецца пра назву порту. (Заўвага аўтара.)

**
Эрнэсто Сабато мяркуе, што “Джамбаттыста”, які спрачаецца з антыкварам Картафілусам наконт узьнікненьня “Іліяды”—ніхто іншы, як Джамбаттыста Віко; гэты італьянскі філёзаф трымаўся таго гледзішча, што Гомэр ёсьць пастацьцю сымбалічнай, накшталт Плутона альбо Ахілеса. (Заўвага аўтара.)

HA POCTAHI