Жаль
Вяршыня крочыць у недасяжным
Людзі колеру зямлі шукаюць шляху ў найглыбейшае
шчыліне
Фаталізм запрагае душы тых,
Што выкупалі сваю маленькую надзею ў начоўках
ночы
Штыхі сьняць аб вясельным вэрхале
Сьвет згубіўся, і вочы памерлых яго
шукаюць
Цішыня скавыча на патопленых даляглядах
Расія
Перадавая ў стэпу—карабель,
узяты на абардаж, зь сігнальнымі сьцяжкамі крыкаў “ура”: палудні выбухаюць
уваччу. Пад штандарамі цішыні праходзяць натоўпы, і сонца, расьпятае
на кропках закоту, множыцца ў крыках крамлёўскіх вежаў. Мора колькімі
ўзмахамі падплыве да гэтых войскаў, што загорнуць свае торсы ўва ўсе
палеткі кантыненту. На дзікім рогу вясёлкі мы ўсьпяем ваш подзьвіг,
штыхі, што нясуць на гострывах сьвітаньні.
“Вершы
бяз кнігі”
Сігнал
Морысу Клоду
Колькі глыбокіх
начэй
раструшчыліся аб нашыя ілбы, браце,
Мы прадзіраліся гушчарамі вуліцаў,
Нашыя ўсьмешкі разьбіваліся ў віры,
бы сьвежыя цацкі ў глыбокіх фужэрах
Твае рукі напіваюцца блізкай цішы
Рэчытатывы
Піяніна б’ецца, як зацугляны струмень,
Твае рукі палаюць у сьвятле гукаў
Хтосьці
побач з абезгалоўленым ліхтаром
павінен апярэзаць нас пацеркамі даляў.
1920
Трамваі
Са стрэльбамі на
плячы трамваі
Патрулююць праспэкты
Карабель імпэрыі ўцякае пад ветразямі
Нябёсаў, утвораных балконамі й фасадамі
Вэртыкалі як крыкі
Клічныя транспаранты
выконваюць
Сваё прэстыжнае сальто мортале з вышыняў
Дзьве каляіны прымінаюць асфальт
І тралейбус-скрыпач
Зорка
Што ўнікла твайму сасьпеламу горлу—
усяго толькі рэха эпахальнага верша.
Хтосьці дыктуе яго
жудаснаму аркестру тваіх нэрваў.
Хтосьці піша яго
на шэрай скуры тваіх дзён
і на паўсонных цяжкіх альковах—
балючым, дзіцячым, абсурдным чынам.
Калі будзе сьцёртая апошняя рыса,
твор ператворыцца ў шмацьцё,
і аголеная ноч
пакладзе на прыбой цішыні
чорную скрынку для разьбітай скрыпкі.
1920
Сабор
Хвалі кленчаць
цягліцы ветра
вежы, стромкія, быццам крыкі
сабор, што павісае зь дзяньніцы
сабор—агромністы, быццам стог
з каласамі малітваў
Удалечы.
Удалечы
мачты прашылі далягляды,
і на наіўных пляжах
новыя хвалі сьпяваюць ютрань
Сабор—каменны самалёт
які імкнецца парваць тысячу канатаў
што трымаюць яго ў палоне
сабор, гучны, як воплескі
альбо пацалунак.
1921
З
кнігі “Апантанасьць Буэнос-Айрэсам” (1923)
Батанічны
сад
Такія далёкія ад
нас,
хаця нашыя рукі дакранаюцца комляў,
дрэвы, ледзь вымаўляючы існае,
высылаюць наўздагон невядомаму
сьляпое лісьце, сьвятло іхных галінаў,
што ў літасьцівай ілюзіі абдымаюцца ўверсе,
нібы пад цяжарам нябеснае выгбы.
У найвялікшым адасабленьні
кожнае дрэва расчульвае сваёй страчанасьцю,
іхныя жыцьці—разьяднаныя й адчужаныя,
бы люстэркі, што паглыбляюць розныя памяшканьні,
ці як сны шматлікіх людзей,
што сьпяць пад адной страхой.
Мы ж, тым часам,
на ўскрайку іхнага немудрагелістага існаваньня,
таксама шукаем усьлепкі адны адных
з дапамогай сваіх дзёрзкіх і непаўторных целаў:
ганебная публічная таямніца,
што засмучае нас неадольным клопатам
і падмывае грудзі
грубай неаспрэчнасьцю болю.
Скруха,
якая ёсьць толькі цьмяным рэхам
жаданьня й балючага энтузіязму,
адчуваных Богам перад стварэньнем,
і якая не была задаволеная
бясконцым мноствам зорак, душаў, галасоў і заходаў,
якая выкрыквае трэлі часу
і ўсяведаньнем ахапляе прастору.
(На выхадзе я ўбачыў гурток дзяўчат
адна зь іх была такая прыгожая
што мае погляды адразу пачалі выглядаць
ейную верагодную старэйшую сястру
што, скараціўшы цягамоціну часу,
дасягнула б у спакойнай смуглявасьці
вяршыні той прыгажосьці,
якую шэптам вымавіла першая.)
Труко
Сорак картаў расклалі
жыцьцё на драбніцы.
Маляваныя кардонныя талісманы
нас змушаюць забыцца на нашыя лёсы
й жартаўлівае вынаходніцтва
засяляе скрадзены час
красавітымі перапляценьнямі
хатняе міфалогіі.
Па-за межамі стала застаюцца
чужыя нам жыцьці іншых.
Усярэдзіне—дзіўны край
з прыгодамі пасаў і ўзятак,
дзе пануе піковы туз,
усемагутны, бы дон Хуан Мануэль,
дзе жывіць надзею шасьцёрка бубнаў.
Грубаватая нясьпешнасьць
запавольвае словы,
і паколькі гульнёвыя камбінацыі
паўтараюцца зноў і зноў,
гульцы штовечара нападабняюць
старажытныя партыі:
факт, які надае крыху неўміручасьці
генерацыям продкаў,
што пакінулі ў спадчыну Бўэнос-Айрэсу
пазачасовыя вершы і ўсё тыя ж штукарствы.
Дворык
Пад вечар
стаміліся два-тры колеры дворыку.
Агромністая шчырасьць поўні
ўжо ня ўражвае ейныя прызвычаеныя падмуркі.
Дворык—рэчышча неба.
Па ягоным схіле
неба абрынаецца на будынак.
Незьбянтэжна
вечнасьць чакае на зорным скрыжаваньні.
Шчасна жыць у патаемным сяброўстве
зь сенцамі, вінаграднай лазой і сажалкай.
Марнатраўства
словаў
Места ўва мне нагадвае
верш,
што я ня здолеў увасобіць у словах.
З аднога боку—некалькі страчаных вершаў;
з другога, адштурхнуўшы іх убок,
жыцьцё займае тэрыторыі часу,
як навала жаху
што гвалтам дарэшты падпарадкоўвае душу.
Заўжды будуць іншыя заходы, іншая слава;
я пачуваюся стомленым, як люстэрка,
што не адпачне на ніводным з прадметаў.
У чым сэнс гэтага ўпартага
й балючага ўтырканьня кожнага вершу
ў час, нібыта нейкае дзіды,
калі мая вуліца й мой дом,
безуважныя да сімвалаў мовы,
пракрычаць мне заўтра аб сваёй навізьне?
Сьвежыя,
як нецалаваныя вусны.
Канец
года
Гэта не сімвалічная
дробязь
замены двойкі на тройку,
і не пустая мэтафара,
што малюе агонію года і ўзьнікненьне наступнага,
ані не завяршэньне цьмянага астранамічнага цыклу
падмываюць стыхійнай навалай перазвонаў і крыкаў
высокую роўнядзь спакойнай апоўначы
і прымушаюць нас чакаць
дванаццаць глухіх удараў звана.
Сапраўднай прычынай гэтага
ёсьць цьмянае ўсеагульнае адчуваньне
загадкавасьці Часу;
зьдзіўленьне перад цудам,
што назло бясконцым выкрунтасам лёсу
ў нас штосьці застаецца
нязьменным.
Прыгарад
Гільермо
дэ Торрэ
Прыгарад—адлюстраваньне
стомы вандроўніка.
Мае крокі закульгавілі
перад самым даляглядам
і я застаўся між хацінаў,
прыніжаных і баязьлівых,
замкнёных у розныя
й аднолькавыя кварталы,
як быццам усе яны—
пераблытаныя, перагабляваныя згадкі
аб квартале адным-адзіным.
Нягеглай травою
ў безнадзейнай надзеі
быў спырснуты вулічны брук,
і мае вочы разгледзелі
шматмоўны, размашысты
й марны плякат заходу
ў ягоным штодзённым правале,
і я адчуў—Бўэнос-Айрэс:
гэты горад, што я лічыў сваім мінулым,
ёсьць маёй будучыняй, цяперашнім;
гады, пражытыя ў Эўропе, ёсьць прымхай,
я заўсёды быў (і застануся) ў Бўэнос-Айрэсе.
Надпіс
на любой магіле
Хай не спрабуе
гаваркі й дзёрзкі
мармур уварвацца ва ўладаньні нябыту,
згадваючы шматслоўна
імя, вызнаньне, падзеі, радзіму.
Усе гэтыя пацеркі не замінаюць цемры,
дык хай мармур маўчыць аб тым, аб чым забыліся людзі.
Сутнасьць зьніклага жыцьця—
баязьлівы спадзеў,
няўмольны цуд болю й зьдзіў асалоды—
ня зьнікне ніколі.
Капрызная душа сьлепа патрабуе працягу,
хаця мае яго ў жыцьцях іншых,
бо ты сам ёсьць толькі ўвасобленым працягам
тых, што не дажылі да твайго часу,
а іншыя будуць (і ёсьць) тваёй неўміручасьцю ў сьвеце.
Прастэча
Айдэ Ланж
З паддатлівасьцю
старонкі,
што часта нагортвае пабожнае захапленьне,
дзе ўсярэдзіне ня варта спыняцца
вачыма на кожным слове,
бо іх ужо даўно ўтрымлівае памяць,
адчыняюцца весьнічкі ў сад.
Мне знаёмыя тутэйшыя характары й звычкі
і той дыялект недамовак,
што сплятаецца ў кожным людзкім таварыстве.
Няма патрэбы плявузгаць
ані выстаўляць сябе лепшым;
мяне добра ведае маё атачэньне,
яму добра знаёмыя мае смуткі й заганы.
Гэта ёсьць найвышэйшым шчасьцем,
якім, магчыма, нас надзеляць Нябёсы:
дасягнуць не прызнаньня ці перамогі,
а таго, каб быць проста прыняты
ў якасьці часткі неаспрэчнага Існага,
неад’емнай, як каменьні ці дрэвы.
Палі
надвячоркам
Заход, расставіўшы
ногі, нібы Архангел,
зьдзекуецца з гасьцінцу.
Самота, заселеная вобразамі, як сон,
сьцішылася ўкол паселішча.
Жамяра зьбірае смутак,
расьцярушаны ў вечары. Маладзік—
слабы галасок зь нябёсаў.
З надыходам цемры
вёска зноўку стаецца полем.
*
Заход, які ўсё яшчэ не загаіўся,
боль прычыняе вечару.
Дрыготкія колеры згортваюцца клубкамі
ўсярэдзіне рэчаў.
Мае крокі падчас шпацыра выяўляюць
ілжывую стомленасьць часу.
Ноч у пустой спальні
зачыняе адно па адным люстэркі.
З кнігі “Месяц цераз
дарогу” (1925)
Далягляду
ў адным прадмесьці
Пампа:
Я выглядаю тваю шыр, што затапляе тваё навакольле,
я сьцякаю крывёю ў тваіх заходах.
Пампа:
Як голас вады паўстае з абмытых прыбоем пляжаў,
Гэтак з твайго маўчаньня прыходзіць неабдымная ціша,
Што разрывае мне грудзі ў кожным завулку.
Пампа:
Я чую цябе ў гаваркіх і спрытных гітарах,
У высокіх птушках і ў стомленым гуле
Вазоў зь сенам, што прывозяць нам лета.
Пампа:
Ты добрая й вечная, як Авэ Марыя;
Прасторы барвовага дворыку мне дастаткова
Каб адчуць цябе сваёю.
Пампа:
Сьветлая як месяц, дваістая як вада,
Твая праўда ёсьць сімвалам. Я ведаю, што цябе разрываюць
Канавы й вуліцы й штыхі вятроў.
Пампа-пакутніца й гераіня, што спачывае ў нябёсах,
Магчыма, ты—сьмерць. Але ты ў маім сэрцы.
Прадчуваньне закаханага
Ані блізкасьць
сьвяточнае сьветліні твайго твару,
ані давер твайго ўсё яшчэ таямнічага й маўклівага
цела дзяўчынкі,
ані пачарговае ўвасабленьне твайго жыцьця
ў маўчаньні і словах
ня ёсьць, відаць, такім містычным дарам
як магчымасьць назіраць, як ты сьпіш
у маіх нядрэмных абдымках.
Цнатлівая дзякуючы дзіву сна, што мае
здольнасьць дараваньня,
спакойная й зіхоткая, як шчасны ўспамін
у адвольным выбары памяці,
ты дорыш мне гэтую ўскраіну свайго жыцьця,
якая самой табе не належыць.
Кінуты ў вір спакою,
я ўгледжу гэты апошні бераг твайго быцьця
і ўбачу цябе ўпершыню, як, магчыма,
Бог павінен бачыць цябе,
па-за фікцыяй Часу,
у адсутнасьці каханьня й мяне.
Монтэвідэо
Маё сэрца спускаецца
ўніз гэтым вечарам, нібы стома
па ласкавасьці схілу.
Новая ноч—як крыло па-над тваймі тратуарамі.
Ты наш страчаны Бўэнос-Айрэс, што з гадамі
аддаліўся ў спакоі.
Пяшчота бруіць у тваім каменьні, нібы кволая
траўка.
Ты ёсьць нашым і чужым, нібы зорка, паўтораная
вадою.
Уяўныя дзьверы ў час, твае вуліцы глядзяць
у больш сьціплае мінулае.
Сьвятло, у якім нараджаецца наш ранак, па-над
ласкавай бурлівасьцю водаў.
Перш чым асьвятліць маю рэўнасьць, тваё нізкае сонца
бласлаўляе твае сядзібы.
Места, што чуецца ўдалечы, нібы верш.
Вуліцы з хатняю сьветлінёю.
Рукапіс, знойдзены ў кнізе Джозэфа Конрада
У размытых краінах,
што дыхаюць летам,
дзень амаль невідочны, бо надта сьляпучы.
Дзень—у жалюзях часу прамежак балючы,
на ўзьбярэжжы—зіхценьне і сьпёка ў палетках.
Але ноч мае глыб,
нібы гляк зь недасяжнай
нам вадою, дзе тоіцца безьліч разораў,
і нясьпешны вясьляр, твар узьняўшы да зораў,
вечнасьць ейную мерае кожнай зацяжкай.
Дым зьнішчае абрысы
сузор’яў далёкіх,
Назву і папярэднасьць з сапраўднасьці сьцершы.
Сьвет—зьбег любых няяснасьцяў колькіх.
Шум вады, бы нячуты. Чалавек, нібы першы.
Дакар
Дакар ёсьць месцам
сустрэчы сонца, пустэльні
й мора.
Сонца засьціць нам небасхіл, пясок ускладняе шлях,
як драпежнік, што йдзе па сьлядох, мора
ёсьць нянавісьцю.
Я бачыў правадыра, блакіт чыёй капы быў ярчэйшы
за ахопленае пажарам неба.
Мячэць побач з кінатэатрам вылучае спакойную яснасьць
малітвы.
Сонцапёк аддаляе хаціны, сонца злодзеем караскаецца
па мурох.
У вечнасьці дрэмле лёс Афрыкі зь ягонымі подзьвігамі,
ідаламі, каралямі, гонкімі лясамі
й шаблямі.
Мне дасталіся надвячорак і вёска.
Прысяга
ў адкрытым моры
Я яшчэ не здабыў
сабе зноў тваю блізкасьць, радзіма,
Але ў мяне ўжо ёсьць твае зоркі.
Іх вымавіла найвялікшая далеч небасхілу, і цяпер
У іхнай спагадзе губляюцца мачты.
Яны зьляцелі з высокіх карнізаў, нібы зьнянацку
Засьпетыя галубы.
Тыя ж зоркі, што ў дворыку, дзе калодзеж ёсьць адваротнай
Вісячай вежай між двух нябёсаў.
Тыя самыя, што ў буяньні саду, чый неспакой прыстае ля ўзножжа
Мура, нібыта цёмныя воды.
Тыя самыя, што зіхцяць у чэзлым правінцыйным надвячорку,
Ласкавым, быццам палетак.
Тыя самыя, што зьзяюць у небе па-над трывожнай паўнатою
Палёў.
Яны—неўміручыя й палкія; ніводнаму народу ня зьмераць
Іхную вечнасьць.
Перад цьвярдыняй іхнага сьвятла ўсе людзкія ночы
Стуляцца, як сухое лісьце.
Сёньня, па-над цяжарам мора, яны для мяне—лёгкае абяцаньне.
Яны ёсьць краінаю сьветліні, межы якой нейкім чынам
Зьмяшчаюць маю зямлю.
Сялібы як анёлы
Там, дзе крыжуюцца
Сан Хуан з Чакабуко,
Я ўбачыў сінія дамы,
Дамы колеру прыгоды.
Яны былі як сьцягі
Й мелі глыб сьвітаньня, што разгортвае ўскраіны.
Ёсьць дамы колеру заранкі й колеру золку;
Іхнае зьзяньне—палкасьць у параўнаньні
З пахмурнасьцю любога скошанага рогу.
Я думаю аб жанчынах,
Што знойдуць рай у іхных гарачых дворыках.
Пра белыя рукі, што асьветляць вечар,
Пра чэрань косак: пра невыноснае шчасьце
Пазіраць у іхныя вочы глыбіні вінаграднікаў.
Штурхану весьнічкі, зробленыя з жалеза й саду,
Дзе ў салоне чакацьме яснавокае дзяўчо, ужо мая нявеста,
І мы будзем зь ёю маўчаць, дрыготкія, як полымя,
І цяперашняе нашае шчасьце супакоіцца ў колішнім.
Маё жыцьцё цалкам
Вось і зноў я тут,
незабыўныя вусны, непаўторны
Й падобны да вас.
Я ёсьць гэтай няўклюднай настойлівасьцю—душою.
Я ўсё яшчэ застаюся блізкі да шчасьця
Й асабіста прыбліжаны да маркоты.
Я перасёк мора.
Я спазнаў шмат краёў; бачыў адну кабету
Й двух ці трох мужчынаў.
Я кахаў адну ганарлівую, сьветлую,
Па-гішпанску спакойную дзяўчынку.
Я бачыў бясконцае прадмесьце, дзе нездаволеная
Неўміручасьць заходаў стаецца праўдай.
Я спазнаў смак многіх словаў.
Я глыбока веру, што гэта ўсё, і што новых рэчаў
Я ўжо ня ўбачу й ня зьдзейсьню.
Я думаю, што мае дні й ночы сваёй беднасьцю
Й багацьцем роўныя Боскім, як і дням і начам
Любога зь людзей.
Апошні пробліск сонца ў віле Ортусар
Вечар—бы Страшны
Суд.
Вуліца—адкрытая рана ў небе.
Я ня ведаю, Анёлам ці заходзячым сонцам была
Сьветліня, што палала ў нізіне.
Настойлівая, як кашмар, адлегласьць
Валіцца на мяне.
Драты прыносяць боль далягляду.
Сьвет—нібы непрыдатнае сьмецьце.
У небе яшчэ дзень, але ў расколінах тоіцца
Здрадніца-ноч.
Усё сьвятло сабралася ў сініх мурах і ў гэтым
Гомане дзяўчатак.
Я ня ведаю, гэта дрэва ці нейкі бог пазірае
Скрозь іржавыя дзіды паркану.
Колькі краінаў адначасова: поле, неба,
Ваколіцы.
Сёньня я нажыўся на вуліцах, на вострым сутоньні
Й агаломшаньні вечара.
Далёка адсюль, я вярнуся ў сваё жабрацтва.
Адной вуліцы ў Оэстэ*
Я ведаю, што ты
зробіш мяне неўміручым, вясковая
Вулічка.
Ты—цень майго жыцьця.
Твая ўпэўненая прастэча, нібы гасьцінец, перасякае
Мае ночы.
Твае зоркі вядуць мае бадзяньні ад смутку да смутку.
Сьмерць—цёмная й нерухомая непагадзь—
Распусьціць мае гадзіны.
Хтосьці пройдзе па маіх сьлядох і прысвойтае маё
Захапленьне й гэтую зорку.
(Далеч, нібы несупынны вецер, будзе сячы бізуном
шлях ягоны.)
Асьветлены ўзьнёслай самотай, ён скіруе
Ў тваё неба тую самую прагную просьбу.
Тую самую просьбу, якая ёсьць мной.
Я ўскрэсну ў ягоным будучым зьдзіве з быцьця.
Зноў заглыблюся ў цябе:
Вуліца, што адкрываецца з болем, як рана.
*раён Бўэнос-Айрэса
Чатырнаццаціскладовыя
вершы
У мой горад з дварамі,
бы глякі, угнутымі,
дзе прарэзваюць мілі імклівыя вуліцы,
дзе закотнымі німбамі ўквечаны ростані,
дзе кварталы з блакіту нябеснага зроблены,
у мой горад, адкрыты
вакольнае роўнядзі,
я вярнуўся з краінаў ранейшага Захаду
і вярнуў сабе зноўку сьвятло пабудоў яго
і зіхценьне нядрэмных кавярняў нязгаснае,
аб каханьні на
ўскрайках ягоных даведаўся,
і псальмамі сьцякала душа надвячоркамі,
і ўхваліў я прынятую звычкай адлюдненасьць,
і пунсовае пампы кавалак у дворыку,
я купаньні нядзельныя
й вулічкі вымавіў,
і агромністы мур, ценем раю раськеплены,
лёс, што сочыць на краі ляза насьцярожана,
ноч, бы моцнае горкае матэ, духмяную,
я прадчуў гучны
голас ягонага берагу,
якім робіцца места няпэўнаю выспаю
сярод мора, што вабіць прыгодамі ўскраіны,
у якіясьці пляжы іх ператвараючы.
Гэтак жменю сэнтаво
вяртаю я Госпаду
з атрыманага мной капіталу бясконцага.
Зь неапублікаванага
Маёрка
Маёрка—месца, што
падобнае да шчасьця, прыдатнае для шчасьця, прыдатна дэкараванае для
шчасьця, але я—як шматлікія іншыя жыхары тутэйшых выспаў і прыхадні—ніколі
не насіў у сабе той струмень шчасьця, які неабходны кожнаму для таго,
каб пачуваць сябе вартым (а не сарамлівым) сузіральнікам такой яснай
прыгажосьці. Двойчы я быў на Маёрцы, і мой успамін аб ёй—празрысты й
спакойны, некалькі дыскусійных паседжаньняў зь сябрамі, адзін дасьвітковы
шпацыр, што пачаўся ў Вальдэмоса й зьнясіліўся ў Ла Пальме, адна ружовая
й залачоная дзяўчынка, у якую я, магчыма, быў закаханы і якой ніколі
аб гэтым не сказаў, некалькі доўгіх дзён, што суцяшаліся падлікам пляжаў.
Зараз я пакідаю пісаць і працягваю ўзгадваць.