"Гарадзкі хуліган-компадрыто"

(малюнак Борхэса)

 

Хорхэ Лўіс Борхэс

(1899-1986)

 

СЛОЎНІК "БАРХЭСОВІНАЎ"

 

(зь інтэрвію выбрала Пілар Браво,

“Revista del Occidente”)

 

 

А

Абавязанасьць

Усе мастацтвы абавязаныя музыцы, сутнасьцю якой ёсьць форма.

Аборт

Кажуць, што аборт анулюе магчымасьць зьяўленьня новага Шэйкспіра; але таксама— новага Макбэта.

Абранасьць

Я двойчы быў у Ізраілі і, на жаль, заўважыў, што яны там амаль гітлераўцы. Розьніца ў тым, што яны настойваць не на ідэі абранасьці германскай расы, а на ідэі абранасьці гэбрайскага народа. Нямецкая ідэя “абранага народа” ня ёсьць нічым іншым, чым гэбрайскай ідэяй абранага народа, якую Гітлер запазычыў зь Бібліі.

Адукацыя

Аднойчы я размаўляў з адным студэнтам пра Марка Твэна, якога я вельмі люблю, і выглядала, што ён таксама. Я яму сказаў: “Ну Вы, пэўна, памятаеце гэтае месца ў “The Life of the Mississipi”. “Ня ведаю”, адказаў ён, “мне аб гэтым не выкладалі”. Ён чытаў толькі тыя кнігі, аб якіх яму выкладалі. У іншага я спытаўся: “Вы памятаеце, аб гэтым ёсьць у “Тысячы й адной ночы”?” Ён сказаў: “Не, я не вывучаў арабістыкі.” Гэтак там са ўсім. Гэта вельмі дзіўна.

Анёлы

Вельмі часта здараецца, што да мяне прыходзяць журналісты і пытаюцца: “Якім ёсьць Ваша пасланьне?” Я ім адказваю, што ў мяне няма пасланьня, таму што мець пасланьне ўласьціва анёлам—як што анёл азначае ў грэцкай мове “пасланец”—а я дакладна не анёл.

Аўтографы

Я падпісаў столькі асобнікаў сваіх кніг, што ў дзень маёй сьмерці найкаштоўнейшай маёй кнігай будзе тая, у якой ня будзе аўтографа.

Б

Баскі

Не разумею, як хтосьці можа ганарыцца тым, што ён—баск. Гавораць аб басконскай волі, аб басконскай упартасьці—і для чаго яны ім прыдаліся? Толькі для таго, каб стацца гішпанцамі і французамі... Ува мне таксама ёсьць басконская кроў, але калі я пералічваю сваіх продкаў, я заўсёды вельмі пасьлядоўна забываюся згадаць баскаў.

Бацькі

Абавязак, які мы маем перад сваймі бацькамі—гэта быць шчаснымі, а ня слухацца іх і ці паважаць; гэта ня мае ніякага значэньня.

Бібліятэка

Упарадкоўваць бібліятэку—ціхі спосаб займацца мастацтвам крытыкі.

Бліскучасьць

Я аддаю перавагу таму, каб быць цьмяным і шэрым перад тым, каб быць бліскучым, а пагатоў—“блістаючым”.

Бог

Ідэя мудрага, усемагутнага Бога, які акрамя гэтага нас яшчэ й любіць, ёсьць адной з найбольш сьмелых прыдумак фантастычнай літаратуры. Нягледзячы ні на што, мне б было больш даспадобы, калі б ідэя Бога паходзіла з рэалістычнай літаратуры.

Борхэс (1)

Я не чытаю кніг, напісаных пра мяне. Я ўдзячны за іх, але я іх не чытаю. Іх тэма мяне не цікавіць. Ці лепш сказаць, што яна мяне цікавіць аж занадта, і я не хачу разьвярэджваць у сабе гэтую цікавасьць.

Борхэс (2)

Кажуць, што я—вялікі пісьменьнік; я ўдзячны за гэтае кур’ёзнае меркаваньне, але я яго не падзяляю. Неўзабаве некалькі сьветлых галоваў лёгка яго абвергнуць і налепяць на мяне цэтлік падманшчыка ці махляра, ці абое адразу. Я ня маю нічога агульнага са сваёй славай, якая будзе мінучай.

Бўэнас-Айрэс

Я заўжды адчуваў, што ў Бўэнас-Айрэсе ёсьць штосьці, што мне падабаецца. Яно мне настолькі падабаецца, што мне не падабаецца, калі гэта падабаецца іншым. Такое гэта раўнівае каханьне.

Бэстсэлеры

У мае часы не было бэстсэлераў, і мы не маглі займацца прастытуцыяй. У нас не было кліентаў.

В

Вера

Я заўважыў, што людзі, якія вераць, ніколі не бываюць асабліва шчаснымі. Яны жывуць у сьвеце комплексаў, спавядаюць жахлівую ідэю божай справядлівасьці і, акрамя ўсяго іншага, чакаюць узнагародаў і пакараньняў, якіх не заслугоўваюць.

Высілкі

Ня варта імкнуцца быць сучаснымі альбо актуальнымі, таму што мы непазьбежна (і часам, на гора сабе) імі зьяўляемся. Мы ня можам быць нічым іншым.

Высновы

Калі гішпанец піша добра, можна зрабіць выснову, што ён інтэлектуал. Пра француза такога ня скажаш.

Выспа

Заўсёды, калі ў некага пытаюцца, якую кнігу яны б узялі з сабой на бязьлюдную выспу, яны адказваюць, што “Дона Кіхота”. Але калі ў бальшыні апытаных бывае дваццацідзённы адпачынак, яны яго з сабой не бяруць...

Вядомасьць

Што да сімпатыі, якую адчуваюць да мяне людзі, якія бачаць ува мне гэткага Гардэля, дык улічвайце таксама, што стары й сьляпы паэт папросту выклікае спачуваньне. З глухімі падобнага не здараецца. Мой швагер, які быў надзвычайна прыемным чалавекам, не выклікаў спачуваньня праз сваю глухоту.

Г

Гарбата

Бэрнард Шоў казаў, што ў ягоных камэдыях заўсёды нехта п’е гарбату, бо публіцы падабалася глядзець на некага, хто п’е гарбату.

Гардэль

У нас з Гардэлем ёсьць адно агульнае: мы абодва ня любім танго.

Голас

Якім быў голас Хрыста? Пэўна, жудасным.

Гомэс дэ ла Сэрна

Вялікі творца, які расьцярушыўся ў сваіх грэгэрыях. Калі прызвычаісься думаць атамізавана, атамізуесься сам.

Гонгора

Найлепшыя вершы Гонгоры ня ёсьць найбольш “гонгараўскімі”. Я памятаю гэты: “За гэта будуць помсьціцца гадзіны:/ Гадзіны, што паціху піляць дні,/ Што стануцца струпехлымі гадамі”. Гэтыя радкі маглі б быць найлепшымі радкамі Кэвэдо, калі б іх не напісаў Гонгора.

Грэцыя

Грэцыя была мысьляркай. Індыя, Кітай, гэбраі ня столькі думалі, колькі прыдумлялі. Яны былі не філосафамі, а паэтамі.

Гумар

Брытанскі гумар паходзіць зь інтуіцыі ці праўды, альбо, калі не баяцца велягорных словаў, з пэўнай мудрасьці. Францускі досьціп звычайна бывае вэрбальным. Тое ж, што называецца “гішпанскім досьціпам”, ёсьць формай калямбуру; ён паходзіць з фанэтычных выпадковасьцяў.

Д

Дактрыны

Той, хто кажа, што мастацтва не павінна прапагандаваць дактрынаў, звычайна мае на ўвазе ня ўласныя, а супярэчныя дактрыны.

Дарыё, Рубэн

Дарыё, ня ведаю чаму, правакуе мяне да нахабстваў у ягоны адрас. Мне здаецца непрыкрытым перабольшваньнем зьвязваць яго з сімвалізмам, параўноўваць яго з Малярмэ. Дарыё быў прадвесьнікам разьняволеньня: з францускай мовы ён пераняў толькі мэтрычныя дасягненьні і карыстаўся кішэнным “Лярусам” для аздабленьня сваіх вершаў. Згода, я не хацеў бы гаварыць аб ім дрэнна.

Джойс

Калі б ён абмежаваў сябе вершаванай творчасьцю, ён бы стаўся, несумнеўна, адным з найвялікшых англамоўных паэтаў; але паколькі ён выказваў тое самае ў прозе, ягоная значнасьць іншая. Таму што ў рамане мова павінна быць не такой заўважнай. Гэта тое самае, што напісаць раман мовай Кэвэдавых вершаў альбо мовай “Сэнтымэнтальнага месячкоўца” Лугонэса. Яны таксама былі б нечытэльнымі. І менавіта гэта адбываецца з Джойсавым раманам, бо нягледзячы на тое, што кожны радок, кожная старонка могуць успрымацца як цалак, кніга як такая распадаецца.

Дзьвюхмоўе

У дзяцінстве я ведаў, што павінен размаўляць з бабуляй з матчынага боку, Леанор Асэвэдо Суарэс, і з бабуляй з бацькавага боку, Фрэнсіс Гэслэм Арнэт, па-рознаму. З часам я адкрыў, што гэтыя дзьве манэры размаўляць называюцца гішпанская і ангельская мовы.

Дэмакратыя

Гэта вельмі распаўсюджаны забабон, злоўжываньне статыстыкай.

Ж

Жорсткасьць

Можа быць, што для таго, каб быць мужным, патрэбна быць жорсткім, ці, магчыма, жорсткасьць дапамагае быць мужным. Можа быць, тут ёсьць абаюднае ўзьдзеяньне.

З

Заганы

Я ня п’ю, не палю, ня слухаю радыё, не ўжываю наркотыкаў, як мала хто іншы. Я б сказаў, што мае адзіныя заганы—гэта “Дон Кіхот”, “Боская камэдыя” і адмаўленьне чытаць Энрыкэ Ларрэту альбо Бэнавэнтэ.

Захапленьне

Само па сабе злачынства не выклікае захапленьня. Але адвага, зь якой яно зьдзяйсьняецца, можа захапляць. Зразумела, што баязьліўства ніколі не выклікае захапленьня: яно выклікае агіду.

Зрок

Ува сьне ў мяне цудоўны зрок. І вельмі часта я падманваюся: чытаю ўва сьне і думаю: “Халера, мне вярнуўся зрок”.

Зьнявага

Пойм зьнявагі—атавізм, які застаўся ў нас з часоў магіі. Аднак я ня думаю, што словы могуць быць такімі значнымі.

К

Кактусы

Флёбэр у “Салямбо” згадвае кактусы, таму што ён наўмысна езьдзіў у Карфаген назьбіраць матэрыялу і ўбачыў іх там, ня ведаючы, што іх прывезьлі з Мэксікі. Ён думаў, што гэта афрыканскія, карфагенскія кактусы. Такім чынам, менавіта таму, што ён выправіўся на дасьледаваньні, ён памыліўся. Калі б ён застаўся сядзець дома, ён не зрабіў бы такой памылкі.

Кальдэрон дэ ла Барка

Маналог Сэгізмунда ня варты ніякага даверу. Сэгізмунда сядзіць у вежы і гаворыць аб рыбах і моры. Чалавек, які ўсё жыцьцё правёў у ізаляцыі, замкнёны ў вежы, ня можа мець думак аб рыбах ці аб моры. Гэты маналог варта перапісаць.

Камуністы

Ёсьць камуністы, якія лічаць, што быць антыкамуністам азначае быць фашыстам. Гэта настолькі ж няўцямна, як думаць, што ня быць католікам азначае быць мармонам.

Каталікі

Каталікі ў Аргентыне вераць у незямны сьвет, але я заўважыў, што яны не выяўляюць да яго ніякай цікавасьці. Са мной адбываецца адваротнае: ён цікавіць мяне, але я ў яго ня веру.

Кафка

Калі я пісаў “Вавілонскую бібліятэку”, я спрабаваў быць Кафкай. Пазьней я зразумеў, што ў Кафкі гэта атрымлівалася лепш.

Кірога, Орасьё

Жыцьцё Кірогі здаецца мне важнейшым за тое, што ён напісаў. Выпадак, цалкам супрацьлеглы майму. Са мной ніколі нічога не здаралася.

Кэвэдо

Калі б ён жыў сёньня, кім бы ён быў? Безумоўна, франкістам. Нацыяналістам. У Бўэнас-Айрэсе—пэраністам. Ён быў чалавекам, які не разумеў нічога з таго, што адбываласяў ягоную эпоху. Напрыклад, ён не заўважыў важнасьці пратэстантызму. Яны тады нават не заўважылі адкрыцьця Амэрыкі. Усіх цікавіла вайна ў Фландрыі, якая была жахлівай, таму што іх разьбілі простыя людзі, якія нават не былі салдатамі.

Л

Лугонэс

Усе ім захапляліся, усе яго паважалі, і ніхто яго не любіў. Калі мне сказалі, што ён скончыў жыцьцё самагубствам, я засмуціўся, але не зьдзівіўся.

М

Маладняк

Аднойчы ў мяне спыталіся: “Што вы думаеце аб сучасных паэтах?” Я адказаў: “Сапраўды, ёсьць адзін малады паэт, які шмат абяцае—Вэргілій.”

Мастацтва

Хай кожны чалавек будуе ўласны сабор. Дзеля чаго паразітаваць на чужых і старажытных мастацкіх творах?

Масы

Жарт, які чалавек не адважыўся б распавесьці ў размове сам-насам, прыймаецца вялікай заляй на “ўра” і выклікае ў яе сьмех. Масы ёсьць прасьцяцкімі. Палітыкі вельмі добра гэта ведаюць.

Мачадо, Антоньё

Безумоўна, у яго ёсьць некалькі бліскучых старонак, але іх рэшта выдае андалюсійца, які імкнецца быць кастыльцам і злоўжывае геаграфічнымі назовамі. Насамрэч, мне здаецца, што тут я падзяляю меркаваньне Кансіноса-Ассэнса, які казаў, што старэйшы з братоў Мануэль Мачадо здаваўся яму лепшы за Антоньё. Зразумела, што аб пісьменьніку заўсёды варта меркаваць паводле ягоных лепшых старонак. І я лічу, што найлепшыя старонкі Мануэля нічым ня горшыя за найлепшыя старонкі Антоньё. Акрамя таго, я думаю, што тут, вельмі верагодна, уплывае той факт, што Антоньё быў рэспубліканацам, тым часам як Мануэль франкістам, а ацэньваць пісьменьніка паводле ягоных палітычных поглядаў мне здаецца абсурдным.

Мець (і ня мець)

Ужо Шопэнгаўэр казаў, што тое, што мы маем, здольнае зрабіць нас шчасьлівымі, а тое, чаго ў нас няма—няшчаснымі. Кожны, у каго баляць зубы, дапускае тую памылку, што думае, быццам усе тыя, у каго зубы не баляць, ёсьць шчасьлівымі. Ня быць каханым, хварэць—усё гэта толькі іншыя формы зубнога болю.

Мовы

Вельмі важна, у якой мове чалавек памірае. Я думаю, што памру ў гішпанскай.

Мужнасьць

Мне хацелася б быць мужным. Мой дэнтыст сьцьвярджае, што я такім ня ёсьць.

Музэі

У Італіі ёсьць музэй футурызму. Ня ведаю, ці гэта спадабалася б Марынэці, ці абурыла б яго.

Н

Набліжэньні

Я ніколі не імкнуўся ў сваёй творчасьці наблізіцца да люду. Згода, у сапраўднасьці я не імкнуўся наблізіцца ні да каго.

Назвы

Звычка даваць вуліцам імёны людзей ёсьць жахлівым вынаходніцтвам французаў. Лугонэс забараніў, каб ягонае імя надавалася нейкай вуліцы, але на гэта не зьвярнулі ўвагі. Я таксама не хачу пераўтварацца ў вуліцу, скрыжаваньне ці станцыю: гэта вельмі сумна. Ня думаю, што ў Англіі дзе-небудзь ёсьць вуліца Шэйкспіра.

Нападабненьні

Ўайлд быў у гасьцях у адной дамы, якая вырашыла паказаць яму з балкону захад сонца, што падаўся Ўайлду нападабненьнем Торнэра ў яго найгоршы пэрыяд. Таму што, дадае Ўайлд, прырода нападабняе мастацтва, але часта ня надта здатна.

Наркотыкі

Ня ведаю, ці пашанцавала мне з наркотыкамі, ці наадварот не пашанцавала: я тры разы запар нюхнуў какаіну і ўсьвядоміў, што гэта тое самае, што смактаць мятныя цукеркі.

Нацыяналізм

Ня варта дурыць сабе галаву пошукамі нацыянальнага. Тое, што мы робім цяпер, станецца нацыянальным у будучыні.

Неабходнасьць

Унамуно пісаў, што ня можа верыць у Бога, які б не надзяляў нас неўміручасьцю. Я з гэтым абсалютна нязгодны. Можа быць, што існуе бог, які не жадае, каб я жыў вечна ці думае, што сусьвету я непатрэбны. У рэшце рэшт, я ня быў яму патрэбны да свайго нараджэньня ў 1899 годзе.

Нобэлеўская прэмія

Я заўжды буду лічыцца наступным нобэлеўскім ляўрэатам. Здаецца, гэта ўжо скандынаўская традыцыя.

Няшкоднасьць

Ідэя Унамуно, быццам Дон Кіхот ёсьць пэрсанажам, вартым нападабненьня, здаецца мне памылковай, таму што ён зусім ня варты нападабненьня: гэта хутчэй гэткі неўтаймаваны і свавольны дзядзька. Але паколькі мы ведаем, што ён няшкодны...

Няшчасьце

Для творцы ўсё мае свой станоўчы бок, у тым ліку й няшчасьце. Усё ёсьць глінай для твору. Такім чынам, у сапраўднасьці са мной ня можа здарыцца нічога благога.

О

Онсэ, плошча

Мне гэтая плошча нагадвае пра Масэдоньё Фэрнандэса. І ў гэтай згадцы нябожчык Масэдоньё тлумачыць мне, што сьмерць ёсьць падманам.

П

Падарункі

Людзі купляюць мае кнігі, але не чытаюць іх. Дзеля чаго яны іх купляюць? У падарунак. За апошні час я ўжо прызвычаіўся быць падарункам.

Погляды

Магчыма, у маіх поглядаў ёсьць ворагі, але я сам, калі крыху пачакаю, таксама магу зрабіцца ворагам сваіх поглядаў.

Помста

Помста ёсьць непатрэбнай, жорсткай і абсурднай. Адзінай сапраўднай помстай ёсьць забыцьцё. Як і дараваньне.

Прапанова

Шторазу як я чытаю штосьці напісанае супраць мяне, я ня толькі падзяляю гэтае пачуцьцё абурэньня, але й думаю, што мог бы напісаць тое самае лепш. Відаць, мне варта было б параіць маім будучым непрыхільнікам, каб яны, перш чым публікаваць сваю крытыку, дасылалі яе мне.

Прыемнасьць

Акт пісаньня павінен быць прыемным. Калі ўзьнікае змушанасьць, гэта азначае, што зьяўляецца пэўная нязграбнасьць. Пісаньне павінна было б быць настолькі ж спантанным, як чытаньне: дзьве асалоды. Хаця часам пісаць бывае неразумна, затое чытаць ня ёсьць неразумным ніколі.

Р

Роб-Грые, Ален

Я пазнаёміўся зь ім асабіста. Ён сказаў, што я на яго вельмі паўплываў, а я, даволі няветліва, адказаў: “Халера, не палохайце мяне.”

Руссо

“Эміль”—невыносная рэч. Каму магла прыйсьці ў галаву думка пабудаваць цэлы раман на выхаваньні нейкага дзіцяці?

Рэвалюцыі

Ня ведаю, да якой ступені пісьменьнік можа быць рэвалюцыянэрам. Прынамсі, ён працуе з мовай, якая ёсьць пэўнай традыцыяй.

Рэкляма

Мы жывем у вельмі, вельмі даверлівы час. Напрыклад, людзі купляюць прадукты, чыя якасьць ухваляецца тымі, хто іх прадае. Гэта здаецца мне доказам даверлівасьці.

С

Самагубства

Гэмінгўэй, у якім была добрая палова гарадзкога хулігана, скончыў самагубствам, таму што зразумеў, што ня быў вялікім пісьменьнікам. Гэты ўчынак у пэўнай ступені яго апраўдвае.

Сімпатыі

Для аргентынца сяброўства ёсьць жарсьцю, а паліцыя—мафіяй.

Сінтэз

Чалавек усё жыцьцё піша кнігі, каб напісаць адну старонку, і піша старонкі, каб напісаць адзін радок.

Слава

Я думаю, што мой посьпех у Францыі абавязаны таму, што мае кнігі маюць прысмак фантастыкі. У Эўропе наогул чакаюць ці баяцца таго, што лацінаамэрыканскі аўтар павінен пісаць сацыяльныя пракламацыі, апісваць жыцьцё сялянаў. Тым ня менш, я пра гэта амаль не пісаў. Я лацінаамэрыканскі пісьменьнік, але я ніколі ня быў прафэсійным лацінаамэрыканцам. Я сучасны пісьменьнік, але мая сучаснасьць ніколі не была прафэсійнай.

Сны

Сэрвантэс сьніць Алонсо Кіхано, а той сьніць Дона Кіхота. Гэты ёсьць сном у другой ступені. Аднак абодва сны маюць карані ў сьвядомасьці Сэрвантэса.

Спорт

Я думаю, варта было б вынайсьці гульню, у якой ніхто ня мог бы перамагчы.

Стагодзьдзі

18-е стагодзьдзе было рацынальным. У 19-м ужо запанавала ідэя посьпеху, распаўсюджаная Напалеонам. Узьнікла ідэя, што важна быць славутым, важна быць багатым. Ад таго часу мы жывем у сьвеце нейкіх штуршкоў.

Структуралізм

Я быў на адным сімпозіюме ў Злучаных Штатах, на якім адбывалася штосьці дзіўнае: узялі мой аповед і пачалі яго аналізаваць спосабам, які, здаецца, называецца “структуралісцкім”. Гэта гульня, у якую там гуляюць зь вялікай цярплівасьцю. Напрыклад, у мяне ёсьць аповед, які называецца “Кангрэс”. Там аб кангрэсе ўсяго чалавечага роду. Пасярэдзіне аповеду ёсьць эпізод аб каханьні, з парай закаханых. Ня ведаю, здаецца я ўставіў яго, каб надаць большай праўдападобнасьці пэрсанажу. Каб той ня быў проста часткай мэханізму. Дык вось, гэта аналізавалася наступным чынам: “Аповед называецца “Кангрэс”; палавы акт таксама часам называлі “кангрэсам”, і ў ім таксама адбываецца сустрэча; такім чынам, мы маем мікракангрэс усярэдзіне макракангрэсу.” Гэта поўны абсурд. Яны не заўважаюць, што калі чалавек прачытае штосьці падобнае, гэта пазбавіць яго ўсялякай эстэтычнай асалоды. Усё рэдукуецца на нейкія плянчыкі.

Стыль

Цікава зьвярнуць увагу на тое, што ў Бога стыль амаль той самы, што ў Віктора Гюго.

Т

Тагор, Рабіндранат

Падманшчык з добрымі намерамі. Вынаходніцтва швэдаў. Паэт трэцяй рукі, у якога была адна адметнасьць—нябесная туніка.

Танго

Заўважна, што ў яго нізкае паходжаньне.

Трыбуналы

Каб вайскоўцы судзілі вайскоўцаў—гэта абсурдна. Уявіце, каб п’янтосы судзілі п’янтосаў альбо дэнтысты дэнтыстаў.

У

Уласнасьць

Я напісаў свае аповеды толькі раз. Вы іх чыталі шмат разоў. Яны больш належаць вам, чым мне.

Унівэрсітэт

Унівэрсітэт павінен пазнаёміць нас з даўнім і чужым. Калі ён знаёміць нас з уласным і сучасным, дык тады ён непатрэбны, таму што ён толькі дублюе функцыю прэсы.

Уплывы

Няма аўтара, які на мяне б не паўплываў—на мяне ўплывалі нават тыя, каго я не чытаў і нават тыя, хто мне не падабаецца. Але калі б я мусіў выбраць некага аднаго, я спыніўся б на Чэстэртоне, хаця Бэрнард Шоў пісаў лепш за яго. Але звычайна нападабняеш не таго, каго хочаш, а каго можаш.

Учынкі

Ня варта меркаваць аб дрэве паводле яго пладоў ні аб чалавеку паводле яго ўчынкаў. Ужо Стывэнсан сказаў, што чалавек можа забіць і ня быць забойцам. Учынкі ня ёсьць нашым найлепшым самавыяўленьнем.

Ў

Ўайлд

Ён казаў: “Кожны чалавек у кожны момант ёсьць усім, чым ён быў і ўсім, чым ён будзе”. У выпадку самога Ўайлда гэта азначае, што калі ён быў улюбёнцам публікі ён ужо быў таксама будучым асуджаным.

Х

Хрыстос

Я заўсёды па-свойму ім захапляўся. Аднак я адчуваю, што ёсьць нешта, чаго ў Хрыста занадта альбо чаго яму бракуе, і што ня ўсе ягоныя дзеяньні ёсьць настолькі прывабнымі, як хацелася б. У ім ёсьць штосьці ад палітыка, які да канца вас не пераконвае. У нейкіх момантах ён мне здаецца нават дэмагогам. Напрыклад, тое, што апошнія, маўляў, стануцца першымі. Чаму гэта? Ці тое, што бедныя духам успадкуюць зямлю. Чаму? Я гэтага не разумею. І зусім ужо не разумею той мізэрнай думкі, што багатыя ня трапяць у Царства Нябеснае з-за таго, што атрымалі сваю ўзнагароду ўжо тут, на зямлі. Калі Царства Нябеснае ёсьць вечным, як ільга параўноўваць яго зь некалькімі гадамі памыснага зямнога шчасьця?

Ч

Час

Аднойчы мы з адным аргентынскім філосафам размаўлялі на тэму часу, і ён сказаў: “У гэтым пытаньні за апошнія некалькі год зроблены вялікі прагрэс.” І я падумаў, што калі б я спытаўся ў яго аб прасторы, дык ён дакладна б мне адказаў: “У гэтым пытаньні за апошнія сто мэтраў зроблены вялікі прагрэс.” Гэта вельмі вядомы філосаф.

Ш

Штучнасьць

Я думаю, што з усіх жанраў дэтэктыў, мажліва, найбольш штучны, таму што ў сапраўднасьці злачынствы выкрываюцца ня шляхам развагаў, а шляхам даносаў.

Шчасьце

Хрысьціяне вераць, што пакута ёсьць кшталтам славы. Я, наадварот, думаю, што шчасьце ёсьць вышэйшым за няшчасьце. Ня варта абгаворваць шчасьце.

Шэйкспір

Яму быў патрэбны стымуль, абавязак напісаць тэатральную п’есу, якая павінна была быць паказанай у такі й такі дзень. Як толькі ён дасягнуў эканамічнага дабрабыту, ён перастаў пісаць, прысьвяціўшы сябе судовым спрэчкам. І акрамя таго, як ні сумна гэта казаць, ён быў працэнтшчыкам. Грусак апавядае, што ён памёр пасьля папойкі з акторамі, што прыехалі з Лондану да яго ў госьці. Ён абраў сабе дзіўны лёс, які ёсьць для мяне чымсьці няўцямным.

Э

Экалогія

Пачуцьцё прыроды ёсьць чымсьці новым, што не існавала да рамантыкаў. У антычнасьці яго не было. Падумайце пра сем дзівосаў сьвету. Для грэка ці рымляніна Альпы, напрыклад, былі страхоцьцем. Лес здаваўся Дантэ жахлівым.

Экзамены

Адзін прафэсар сказаў вучню: “Перакажыце мне трэцюю дзею “Гамлета”. Вучань ня ведаў, тады прафэсар кажа: “Добра, прыйдзецца вам прыйсьці зноўку.” Праўда тое, што і Шэйкспіру прыйшлося б прыйсьці зноўку, таму што падзел на дзеі і сцэны быў уведзены пазьней рашэньнем выдаўцоў. Гэта як калі б мяне папрасілі пераказаць старонку 137 з кнігі “Алеф”, мне таксама прыйшлося б прыйсьці зноўку.

Я

Я

Уся мая творчасьць—аўтабіяграфічная. Я б ня здолеў вынаходзіць герояў, як Дыкенс. Маім адзіным пэрсанажам ёсьць я сам.


Існуе кніга, якая называецца “Кніга аб усім і яшчэ многім іншым”. Што да гэтага інтэрвію, то ня думаю, што засталіся яшчэ тэмы, аб якіх мы ня гутарылі.

 

© Пераклад - Макс Шчур, 2005

HA POCTAHI