10 красавіка памёр
Эгон Бонды. Пры жыцьці ён ужо настолькі пасьпеў ператварыцца ў сімвал,
што гэтая навіна выклікала ў ягоных прыхільнікаў хутчэй зьдзіўленьне,
і толькі пасьля—усьведамленьне таго, што адзін з найбольш праніклівых
розумаў, які разважаў над пытаньнямі жыцьця і сьмерці, нарэшце сустрэўся
з прадметам сваіх развагаў—Вечнасьцю. Пастаўленая кропка—цяпер ужо канчаткова,
хаця бальшыню сваіх найбольш істотных высноў Бонды і зрабіў у мінулым
стагодзьдзі. Ён быў, бадай, апошнім неакадэмічным (нягледзячы на тытул
доктара філасофіі) мысьляром, да якога прыслухоўваліся і якога цытавалі
акадэмікі—сярод іх і Эрых Фром. Незалежным інтэлектуалам, нашчадкам Ладыслава
Клімы, сябрам і пэрсанажам Багуміла Грабала, духоўным бацькам андэрграўнду,
стваральнікам “татальнага рэалізму” ў паэзіі, знаўцам будызму, тэарэтыкам,
які рэвалюцыянізаваў марксісцкае вучэньне, нон-канфармістам... Апошнія
тыдні жыцьця філосафа былі выпрабаваньнем на мужнасьць: палячы ў ложку,
77-гадовы Бонды заснуў, узьнік пажар, які каштаваў яму апёкаў на траціне
цела... Бонды памёр у фізічных пакутах, але нават у гэтыя апошнія дні
ягонага жыцьця боль існаваньня, які заўсёды патыхаў зь ягоных тэкстаў,
ня мог пазбавіць яго асалоды мысьленьня. Ягоная сьмерць была адначасова
страшнай і сьмешнай, як і кожная сьмерць, але перадусім яна была—гераічнай,
як і ягонае жыцьцё нязручнага для любога рэжыму мысьляра і непрыстасаванца
(за выключэньнем моманту, калі ён у страху перад астрогам быў вымушаны
пагадзіцца на супрацоўніцтва з тайнай паліцыяй, але ніколі ня здаў нікога
са сваіх сяброў, паводле іхнага ўласнага сьведчаньня—чаго нельга сказаць
пра многіх і сёньня папулярных асобаў...). Памёр культурны герой, памерла
эпоха, памёр андэрграўнд (які, паводле самога Бонды, быў мёртвы ўжо даўно...).
Бонды перажыў многае, што было яму дарагое. Пасьля сьмерці сваёй каханкі
Юліі ён сыйшоў з грамадзкага жыцьця і перастаў пісаць вершы. У 1993 годзе
ён пераехаў у Браціславу ў знак пратэсту супраць падзелу Чэхаславаччыны,
атрымаў славацкае грамадзянства. Там ён жыў практычна сам, у матэрыяльнай
нястачы, тым часам як ягоныя кнігі выходзілі й працягваюць выходзіць...
За іх яго і будуць памятаць, і пакуль іх будуць чытаць, то верыць ва ўсе
папярэдне пералічаныя сьмерці—неабавязкова.
Эгон Бонды (1930—2007)
БУХАЯ
ПРАГА і іншыя вершы
*
На сходнях старых пад замчынай
я ўзяў кароткі адпачынак
Унізе бачу горад
і электрычны провад
Насупраць Рудальфінум
дзьве вежы па-над Тынам
На рэчцы плёскаюцца бабы
любая гожай быць магла бы
А па-над мной Градчаны
ўтвараюць кшталт панарамы
*
Стан рэчаў гаўняны
у будні і ў сьвяты
Толькі фільмы саўковыя
спрэс навуковыя
*
Вечар ружовы
мне ўсё да жопы
Ля Палацу мастацтва
пасьпеў ромам затарыцца
Напроці бутэлькі
сяджу як пан велькі
Глыток другі
і я ўжо бухі
Гляджу на дол
пад трохногі стол
Затоены ўсім
мой левы марксізм
Стары горад
Стары горад—мой раён
мне запаў у душу ён
Тут я ўсім мянтам вядомы
пачуваюся як дома
Тут мяне любы шынкар
добра памятае ў твар
Бегаю, калі нап’юся
ўкол сьвятога Яна Гуса
Часам маю я настрой
пазаймацца ерундой
Распускаю свае пёркі
і скачу накшталт вавёркі
Гальштук мой амэрыканскі
мне пасуе нечуванскі
Бачыць кожны, што ў мяне
непарадкі ў галаве
Стары Горад, каб ня ты—
мне даўно прыйшлі б кранты
Раство
І сёлета праз тыдзень
Раство прыйдзе
Рыбкі нам усім салёнай
падвязуць ня заўтра-сёньня
Людзі ходзяць сьціжмамі
неспасьціжнымі
Працы шмат, кошт згубіла
рабочая сіла
Сям’я мянта моліцца
дай бог Сталіну здароўіца!
Але прыйдзе мароз
пойдзе ўсё пад адкос!
*
Я зноўку сёньня набухаўся
зь сябрамі дзень хвілінай здаўся
Яны плацілі за мяне
а я адзіна частаваўся
Сябры, што за мяне плацілі
зь мяне пры гэтым дужа кпілі
Ды хто б на месцы іх ня кпіў
калі б пабачыў як я піў
Пасьля мяне вялі дахаты
і лаялі які ж я даты
Але на Кампе ўзьніклі зранку
шасьці бялюткіх дрэваў шаты
*
Мы з Уладзем піць ідзем,
калі шчэ ў разгары дзень
Удваіх ён і я
сядзім ля стала
Пра сёе меле ён пра тое
з увагай слухаю яго я
Калі ён куфаль вып’е шосты
тады бывае яму млосна
А як восьмае дап’е
запяе
Пакуль ён свой спрабуе голас
я дэклямую вершы ўголас
У куточку сядзіць мент
новы апрануў брызент
*
Ізноў пад газам я з апоўдня
на небе белы мячык поўні
вакол мая каханка скача
таксама п’яная ня йначай
Сюды нагой туды нагой
маўляў мне на шляху ня стой
Бяжыць за поўняй Кацярына
сьнег на рацэ ільду пярына
Нутро дамоў пакуль у цемры
ля крамаў люд глядзіць на цэны
Мы з ранку дзень бухалі цэлы
а двор тым часам стаўся белы
*
У нядзелю тупа
мне сьвярбела дупа
Гэта ўсё праз тое
што я піў сьпіртное
*
Зь пяшчотнай асьцярожнасьцю
пярджу каб не абасрацца
Знадворку цёмна
на небе млечны шлях
схаваны пад хмарай
Учорашні дзень
за выняткам зьедзенай мной фасолі
ня быў адметны нічым
*
З жахам бачу, што раблю інтымную лірыку
Калахую, як вада ў імбрыку
Маё буханьне звычнае
мае штось гістарычнае!
Праз сто год у рамачцы апынецца
маё бадзяньне па месьце
Асабліва шукаць будуць доўга
дзе ня меў я ні ў кога доўга
Шмат хто выкруціць пятку
дзе пазычаў я дзясятку
Мае спробы самазьнішчыцца
дурнічкі знойдуць у кніжачцы
Мае сувязі зь іхным полам
будуць для іх галоўным
Разьюшаны я нямала
ажно кручуся як малпа
Эпітафія
Цяпер я пад газонам
Цяпер ужо запозна
Зь іншых нізак
*
Міма вакна
сузор’і чэшуць
па-нада мной спыніўся месяц
і дурнаваты позірк твой
скрозь цемру сьвеціць
лятае жамяра вячэрняя
у гэтай месячнай паўчэрані
мазгі баляць пасьля віна
і чэрава
*
Калі сёньня чалавеку дваццаць
з гнюсу яго цягне праблявацца
тых жа каму сёньня якіх сорак
праблявацца цягне яшчэ горай
толькі ва ўзросьце шасьцідзесяці
можна ўжо спаць са склярозам ісьці
*
Ніхто ніхто ніхто
нідзе ніколі нічога
Не дасягнуў
Можа я?
Не не такі я
прыдурак
*
Дождж на двары цярушыць.
Цыгара танная ня цягнецца.
Катуе мае вушы
розгалас дня. Ад самай раніцы
я працаваў да вечара,
калі вершаскладаньне—праца.
Як сэрцу пасьля нечага
такога ў радасьць увабрацца?
Я стомлены, нібы
старая цяглая кабыла.
Душа—як лахманы,
жыцьця ў сабе яна пазбыла.
*
У глыбі думкі часам бачу шчасьце
якое большае за пачуцьцё спакою
Магчыма, калі б боль яшчэ дадаўся,
я пасьля сьмерці мог бы мець такое
20.5.1988
*
Маё жыцьцё турмой здаецца мне
няясна толькі, так яно ці не
19.8.1988
*
Яшчэ не такі стары я
З майго пакаленьня сія-тыя жывыя
але засталося нас мала
жыцьцё адусюль адаб’юць
па кавалку
што тым хто працуе за грошы
што тым каму чорнае сонца палае
Сонца чорнага дыск чорны
застаецца нам адзіна
да хвіліны пэўнай скону
калі зь ёю ўсё загіне
19.8.1988
*
Цёмна цэлы дзень імжыць
і на небе і ў душы
ўглыб пасоўваецца ў нетры
змрок—сапраўдны твар сусьветны
пачатак лістападу
1988
*
Роля філасофіі ў гісторыі—сумнеўная
яе спрэчкі, здавалася б, непатрэбныя,
і ўсё-ткі яе мы шукаем.
Узьдзеяньне вершаў
надзвычай малое,
гэта бачна ў лініях іхных далоняў,
але веру мы ў іх укладаем.
Лёс паэтаў і мысьляроў—сьмеху
варты
мова іх—расхлістаныя ар’егарды,
але нічога больш мы ня маем.
Чаму гэтыя лішнія
й такія мінучыя
людзі гэткія неўміручыя,
нам скажуць хіба толькі ў раі.
9.12.1988
*
Я сядзеў у кіно на дэтэктыве
і штохвіліны з сапраўдным болем прыгадваў
што калі фільм скончыцца мне зноў прыйдзецца ісьці дамоў
да таго ж у цемры—дзень зноўку прамарнаваны
Але калі я выйшаў на вуліцу
мяне яшчэ прывітала сутоньне
Над стрэхамі вісела шэра-сіняе неба
зьнізу азоранае аранжавай і бледна-чырвонай
Я ішоў ажно на Йіржак не спускаючы зь неба вачэй
Хутка цямнела
Я ўсьвядоміў
што ўсяго толькі для некалькіх падобных хвілінаў
я ўласна і жыў
Усё астатняе мяне не цікавіла
й было мне да аднаго месца
лістапад 1988
*
У ложак да мяне ўжо лезе сьмерць—
што, на гісторыю праз гэта напярдзець?
Праз тры гады спручуся—дае права
маўчаць аб праўдзе гэтая падстава?
Развагі скіраваць да вечных рэчаў
хіба цяпер дарэчы?
Шлях з тыраніі аднае ў другую
ці ж я праігнарую?
Няхай капіталізм прыйшоў на 20 год—
то скласьці рукі, закрыць рот?
І сёньня я павінен праўдай пераймацца
Хацець патрэбна іншага грамадзтва