Эгон Бонды

УРЫВАК

 

(з кнігі “Працоўны скляпеньня”, 1973)

 

Пасьля сустрэчы з бабай я пачаў праз некалькі тыдняў усьведамляць, што адчуваю нейкі неспакой ці штосьці накшталт нейкага чаканьня, нешта, што ніколі раней не адчуваў, а таму аб ім ня ведаў, і ў чым дагэтуль не разьбіраўся. Ажно недзе пад самы новы год ці неяк адразу пасьля новага году я ўцяміў, што шукаю альбо чакаю нейкага спатканьня. Дзіўным чынам, гэта мне падалося такім ясным і недвухсэнсоўным, што я нават на ймгненьне не схіліўся да думкі, што зь мяне мог стацца шызфарэнік. Зрэшты, калі б у мяне з галавы да апошняй літары выпалі ўсе чыста дзяржіспыты па псіхалогіі, дык яшчэ застаюцца неаспрэчныя сьведчаньні шэрагу прысяжных псіхіятраў, якія мяне ўжо аглядалі, дзе стаіць, што ў мяне м.д.1 псіхоз, які проста перайшоў у гамма-стадыю, што ў чалавечай мове азначае, што я ў дэпрэсіі ўвесь час, а станы гіпаманіі ў мяне прайшлі й болей ня вернуцца, нават калі я паўдня буду слухаць “Бітлз” альбо лектараў партыйнай школы. Таму ўсьведамленьне дзіўнага зьместу майго неспакою ня зьбіла мяне з панталыку, а наадварот, надзвычай зацікавіла. Бо ад гэтага моманту я пачаў хадзіць па напамяць вядомых мясьцінах узброены цалкам новым бачаньнем.

Гэтак напрыклад як нешта звышновае адкрылася мне тая прыбіральня ў парку на Кампе2, якая й без таго ўсім мазоліць вочы, бо пасьля зруйнаваньня ўсялякіх муроў, што ўлучалі яе ў нейкі пячорны архітэктурны комплекс, засталася самотна й роспачна тырчэць без арганічнай сувязі з Інстытутам вывучэньня спадчыны Здэнька Нэедлага3, да якога яна калісьці стасавалася.

Няўцямна, што я толькі цяпер упершыню заўважыў, што гэта таксама й жаночая прыбіральня, а таму, зразумела, пачаў зноўку ўважліва перачытваць усе надпісы, што аздабляюць яе зьсярэдзіны.

Гэтыя надпісы—меней-болей стэрэатыпныя, а ля: “Шукаю сябра да трыццаці. Ссу х... Кожны вечар тут. Напішы.”

“Патрэбны хлопец да 17 год, што езьдзіў бы са мною на дачу. Люблю анал. Толькі зь вялікім.” І г.д. і д.т.п. Увесь мур расьпісаны пад самую столь. Несумнеўна, мужчынскай руцэ належыць і гэты надпіс: “Вялікая й валасатая потка. Чакаю пад мостам штовечара.” Альбо: “Цыцкі 90 сантымэтраў. Патрэбны вялікі х...” І гэтак далей.

Аднак сапраўдным шэдэўрам ёсьць надпіс ужо (на жаль!) ня новы, але ўсё яшчэ выразна чытэльны:

“Хто хоча адваліць гожую бабу, 25 год, робіць усё што заўгодна і як заўгодна, улучна высцаньня на цыцкі. Калі вам максімум 20 год, у вас вялікі чэлес і вы хочаце перажыць штосьці неверагоднае—зьвяртайцеся.”

Пад гэтай аб’явай падпісалася шмат зацікаўленых, аднак, як я шматразова пераконваўся ў спрыяльныя восеньскія вечары, у прыбіральні не сустрэнеш нікога, апроч двух чатырнаццацігадовых хлапчукоў, што займаюцца ананізмам. Магчыма таму, што мне ўжо даўно ня трыццаць, а можа таму, што ўсе гэтыя надпісы ёсьць толькі плёнам паэтычнай фантазіі народных масаў, мне ніколі не пашасьціла тут сустрэць нават ніводнага сапраўднага педэраста, ня кажучы ўжо пра некага, хто б прапанаваў мне адваліць прынамсі старую бабу. Нягледзячы на гэта, прыбіральню я наведваю ўдзень, калі надпісы ільга разьбіраць цягам доўгіх хвілінаў, і гэтак перажываць маленькія драмы ўзбуджэньня й рэўнасьці ў дачыненьні да лёсу, які, авохці, спрыяе адважным, а зусім ня схільным да сузіраньня.

Зрэшты, непадалёк адсюль, пад мурам дзіўнага будынку, што пасьля выкананьня незьлічонага шэрагу функцыяў стаўся складам друкаваных матэрыялаў і іншых дзяржаўных таямніцаў, я ў 17 год насамрэч перажыў першы зеніт свайго першага каханьня да сваёй першай студэнткі-мастачкі, што ня ўмела рысаваць, затое спадніцу насіла па самыя лыткі.

Варта азірнуцца, і натрапіш на бюст аббэ Даброўскага4, перад якім падчас сваіх позьніх вяртаньняў зь піцейнай кленчыў напрыканцы саракавых-напачатку пяцідзесятых гадоў жорстка катаваны адсутнасьцю прызнаньня народны паэт Уладзімір Голан5, благаючы ці то дваццаці крон для сябе, ці то ўратаваньня для чэскай нацыі. Паэтам уласьціва абое.

Але як быццам упершыню я бачыў ня толькі ўвагівартую Кампу, якую не забудзецца сфатаграфаваць ніводны турыст, але й закуткі цалкам непрыкметныя, такія як завулак і падход да ўправы Барачніцкага павету, дзе, паміж іншым, летась на гародзе ўлетку бяз дай-прычыны вырас і закрасаваў двухмэтровы кмін, маўляў чароўнае дрэва карбонскага пэрыяду. Нідзе як тут, у Барачніцкай управе, я зноўку пераканаўся ў мудрасьці нашага люду. Тут зьбіраецца маластранская галёрка, прычым як ейныя дзейныя прадстаўнікі, так і іхныя папярэднікі, якія даюць моладзі жыцьцёвыя парады. Толькі дзесьці ў суседнім пакоі засядае больш нявінны маладняк, які ня ўмее яшчэ як сьлед красьці машыны й брынькаць на гітары. Пані шынкарка—жанчына найлепшых гадоў і найлепшых палеалітычных прапорцыяў, суворая да неплацельшчыкаў, але ў астатнім—душа наросхрыст. Афіцыянты тут мяняюцца ў залежнасьці ад спрыту ці млявасьці крыміналістаў, а таму што так ці так ведаюць, што доўга тут не пратрымаюцца, дык калякаюць сабе ў кухні з найбольш паважанымі гасьцямі, таму піва наведнікі карчмы мусяць прыносіць сабе самі.

Аднойчы ўлетку я ўжо аддаваўся там медытацыям. Бар знаходзіцца колькі прыступак ніжэй за ўзровень вуліцы, а над ім месьціцца закратаванае вакенца, якое ўлетку выконвае ролю вэнтыляцыйнага, і кудою падаюць піва тым мінакам, якія лянуюцца зайсьці ўсярэдзіну. Альбо не палянуюцца й зойдуць, каб хвілінку пастаяць ці пасядзець, толькі тады малыя дзеці, якіх яны выгульваюць на шпацыры, застаюцца знадворку на тратуары, часам трывала прывязаныя да закратаванага вакенца. (Ад таго часу, што з сабакамі таксама нікуды не пускаюць, дык ля вакенца пакідаюць і сабакаў). Дзеці, аднак, пачуваюць сябе вельмі пацешаныя й нечувана радуюцца ад сузіраньня цёмных прыцемкаў карчмы, дзе разглядаюць сваіх бацькоў, маўляў арангутангаў у клетцы зоалагічнага саду. Дый тут нават лепей, таму што ў зоа бацькі павінны ўздымаць іх на руках, каб было вышэй, і вельмі хутка стамляюцца, таму зноўку ставяць дзяцей на зямлю, адкуль тыя зноўку нічога ня бачаць і пачынаюць раўсьці, з-за чаго бацькі хутка цягнуць іх далей, паглядзець на птушак. Але тут, каля карчмы, дзецям ніхто не перашкаджае глядзець цягам доўгага часу, а таму што ў карчме—цёмна й стаіць кумар, дык дзеці могуць з засяроджанай увагай уяўляць сабе якія заўгодна фантастычныя рэчы, што адбываюцца за кратамі, прычым так доўга, як ім будзе заўгодна. Сваіх бацькоў яны клікаюць толькі тады, калі ім невытрымна захочацца пісяць, і тады бацька ці маці падыходзяць да кратаў, расшпіляць і здымуць ім нагавічкі ды пакажуць на закуток ля суседняга вакна. Калі дзецям абрыдне пазіраць усярэдзіну, яны прысядуць на брук і пачнуць тузацца з сабакамі, такімі ж сама вернымі чакальнікамі, як яны самі, а калі няма дажджу, дык нічога ім не бракуе, бо ў халоднай і наскрозь прадзьмуванай ветрам вуліцы нельга зарабіць сонечны ўдар ані ў самую пякельную задуху.

Нягледзячы на тое, што ані дзеці, ані жывёлы мяне асабліва не натхняюць, назіраньне за гэтымі назіральнікамі каля кратаў Барачніцкай управы заўсёды мяне прыцягвала, таму ўлетку я пачаў хадзіць туды часьцей, асабліва калі ў іншых месцах было задушліва й не было вольных месцаў. Пладжэньне дзяцей, наогул—цікавая рэч, асабліва калі забыцца аб тым, што чалавечы род—упоравень з мурашамі, тэрмітамі й селядцамі—ёсьць найбольш распаўсюджаным на зямлі, прычым дасягнуў гэтага стану ў пэрыяд з геалагічнага гледзішча вельмі кароткі, таму існуе шанец, што калі дасьць бог часу, дык мы перасягнем колькасьцю як мурашоў і тэрмітаў, так і селядцы, сярод іншага яшчэ й таму, што іх паямо—і за кароткі час далібог будзем хадзіць адзін адному па галовах. Будучы вымушаны, як інтэлектуал, прадзерціся тонамі мастацкай літаратуры, я часта пускаў ад расчуленасьці сьлязу над выдумным апісаньнем гора, якое апаноўвала нашых продкаў і сучасьнікаў у сувязі тым, што іхнае дзіця памерла раней, чымся дасягнула веку, калі магло ісьці на вайну альбо ў сваю чаргу пладзіць дзяцей, і зь цікавасьцю сачыў за тым, як у творах мастацкай літаратуры нараджэньне кожнага наступнага дзіцяці ўсьпяваецца як сама таямніца жыцьця й суправаджаецца краканьнем нястрымнага захапленьня з боку бацькоў і аўтараў. А ў рэшце рэшт, і безь літаратуры—то ж бо я ўсё яшчэ не настолькі “адчужаны”, каб бачыць сьвет толькі вачыма літаратуры, а бачу яго яшчэ і вачыма ўласнымі—мог назіраць і назіраю, як радасна й шчасна множацца нашыя сучасьнікі. Асабліва моцна мяне зацікавіла й цікавіць тое, як бацькі трызьнілі й трызьняць аб тым, наколькі лепшае жыцьцё яны, што самі яго ня мелі, рыхтуюць для сваіх нашчадкаў, маючы даволі дзіўныя эсхаталагічныя ўявы аб тым, што іхныя дзеці дакладна будуць жыць у часы, калі ўсялякае зло нейкім чынам кудысьці зьнікне.

Ільга было яшчэ неяк зразумець іхныя мары й неаб’ектыўнасьць раней, калі бацькі бальшыні людзей насамрэч жылі ў цяжкіх умовах, ня маючы нават тэлевізіі, як, напрыклад, у сярэднявеччы. Зразумела, што калі ў чалавека мізэрнае жыцьцё, дык заўжды ёсьць надзея, што пазьней яно мізэрным ня будзе. Што тое, чаго не дасягнулі бацькі й дзяды, дасягнуць дзеці й нашчадкі. Што небарака-кравец недаядаў, каб магчы паслаць свайго сынка ў рэальную вучэльню, каб той мог быці панам на пошце альбо на чыгунцы—гэта з псіхалагічнага гледзішча зразумела й прыймальна. Яшчэ й між намі шмат хто зьявіўся на сьвеце таму, што ў ягоных бацькоў не было машыны ані тытулу дактароў навук, што павінна быць выпраўленае намі, іхнымі дзецьмі.

Але сёньня ў больш разьвітых краінах сітуацыя, як вядома, такая, што бацькі ўжо маюць усё тое, чаго яны маглі пры сваёй пасярэднасьці й нізкім (а таксама спадчынным!) IQ дасягнуць: яны не гарбацяць, як валы, маюць дачу, у перадавых краінах нават і маторныя чаўны, езьдзяць на адпачынак на ўзьбярэжжа, так што цяжка ўявіць сабе, чаго яшчэ маглі б хацець іхныя атожылкі. У чым яны маглі б быць лепшыя за бацькоў. Пры гэтым бацькі, нават самыя дурныя зь іх, напрыканцы гэтага тысячагодзьдзя ўжо ведаюць, адчуваюць, пераконваюцца, што ўсё, што ў іх ёсьць і чаго яны дамагаюцца—гаўно, бо ўсе яны—толькі ананімныя бактэрыі ў прабірцы, якіх перамешваюць, ператрусваюць, разбаўляюць і загушчаюць без усялякага іхнага ўдзелу, няўзнак, без найменшай магчымасьці да самастойнага дзеяньня, без найменшага шанцу ўнікнуць ад улады той невядомай рукі, якая ўструсвае іхную прабірку й г.д., сёньня на вайну й грызьці цаліну, заўтра на радаснае будаўніцтва, пасьлязаўтра на сплесьнелае й пыльнае гніцьцё ў так званым дабрабыце, у якім няма чым дыхаць, няма прастору для вольнага перасоўваньня, ня кажучы ўжо пра нейкія там жаданьні. І гэта ведаюць нават самыя дурныя з бацькоў, гэтаксама як ведаюць, што іхныя дзеці ня змогуць пазьбегнуць гэтага гаўнянажыцьця, што гэтае гаўнянажыцьцё будзе іхным конам, які будзе пэрыядычна вагацца ад вайны да вочалыпу перад тэлевізарам. Таму мне цалкам няўцямна, што чалавек, які выходзіць з пары інфантыльнасьці (што мусіла б адбывацца мабыць недзе пасьля дваццаці), родзіць сёньня дзяцей, аб якіх яму пэўна вядома, што яны будуць качацца ў тым самым гноі—як ён сам—і будуць пакутаваць горш за жывёлу—як ён сам—будуць няшчасныя, нават яшчэ больш няшчасныя—як ён сам—упадуць у абдымкі калектыўнай шызафрэніі—як ён сам—і будуць духоўнымі й цялеснымі інвалідамі—як ён сам.

Прыводзіць дзеці на сьвет, дзе ільга верыць у зьмену да лепшага—гэта яшчэ ільга неяк псіхалагічна растлумачыць і зразумець. Гэта папросту нармалёвая біялогія, няхай сабе і нармалёвая біялогія ёсьць тупой як бярно, але пры гэтым яна яшчэ не вычварэньне, ці лепей кажучы, ня толькі вычварэньне. Але прыводзіць дзеці на сьвет, аб якім мне гранічна вядома, што ён будзе чым далей тым горшым, шторазу больш жорсткім пеклам, рабіць дзяцей, аб чыім будучым лёсе я, нават калі б быў найвялікшым фантастам, не магу сказаць нічога іншага, як тое, што яны будуць збаўленымі ўсіх правоў рабамі, такімі, як я сам (ці можа яшчэ мізэрнейшымі, нават калі тэлевізія будзе ў іх і ў наручным гадзіньніку)—гэта ільга назваць толькі адным словам: вычварэньнем у самым найгоршым сэнсе гэтага слова. Тут не дапаможа ніякая адмоўка на адрас біялагічнага й натуральных біялагічных так званых бацькоўскіх, інстынктаў: бо калі чалавек цьвердзіць аб сабе, што ён ёсьць чымсьці лепшым, то бок маральнейшым і разумнейшым за жывёлу, дык ён тады павінен умець выявіць свой розум і этыку менавіта ў дачыненьні да бездухоўнага біялагічнага. Калі ён да гэтага няздольны, дык у яго няма ніякага права патрабаваць, каб яго лічылі чымсьці ці кімсьці якасна адрозным ад селядца.

Таму я з такой цікавасьцю сачу за тымі дзецьмі каля кратаў карчомскага вакенца, а таксама на іхных бацькоў, што седзячы ў карчме на піве канстатуюць, што вартасьць гэтага жыцьця роўная вылізваньню сракі.

Безумоўна—ува ўсім гэтым ёсьць свая жахлівая, абсурдная логіка й пасьлядоўнасьць. Бацькі, якія ў інтарэсах грамадзкага дабрабыту будуюць ня толькі збройныя заводы, але й гіганцкія прадпрыемствы па “прамысловым вырабе жывёлапрадуктаў”, аб якіх з гонарам кажуць, што кураня тут за тыдзень пасьля вылупваньня зь яйка дасягае кілаграму й ідзе пад нож, тады як у парасяці гэта займае некалькі тыдняў і г.д. і д.т.п., выхваляюцца тым, што вывелі куранятаў бязь пер’я, чым пазбавілі сябе неабходнасьці іх абскубваць і г.д., гэтыя бацькі незаўважна для сябе пачынаюць гэтаксама ж ставіцца й да людзей, што азначае да ўласных дзяцей: яны родзяць іх на сьмерць, будучы пры гэтым няздольныя забясьпечыць ім нармалёвае прабяганьне жыцьцёвага цыклу, яны прадукуюць іх, як тыя жывёлапрадукты, як скот, з адзінай мэтай пераплавіць іх на другасную сыравіну ў машыне “разьвітага грамадзтва”, якой нельга пазьбегнуць, зь ейным мірам, які ёсьць такі сама вар’яцкі й пакутлівы, як тая ейная вайна, гэтыя бацькі множацца як аўтаматы, не задумваючыся над сапраўдным лёсам гэтых дзяцей, проста так, бяз дай прычыны, абы толькі поршань рухаўся, абы толькі машына мела што пераплаўляць, бо пры недахопу чалавечай сыравіны яна, бедалажка, магла б зламацца, і дабрабыт апынуўся б пад пагрозай.

Бацькі, якія пяшчотна любяць сваіх дзяцей, пры гэтым спакойна прымаюць удзел—актыўны альбо пасіўны, але аднолькава самаадданы—у забіцьці іншых людзей (чым далей ад нас саміх, тым, зразумела ж, лепей, а калі ўжо паблізу з намі, дык у ізаляцыі канцэнтрацыйных лагероў, каб мы іх ня бачылі), і цалкам бяздумна рыхтуюць да такога ж кону сваіх любых нашчадкаў, бо ў сваёй любові да іх яны нават на момант не прыпускаюць, што і гэтыя іхныя атожылкі стануцца ахвярамі масавага забойства—а ўжо той факт, што яны так ці йначай абавязкова стануцца інструмантамі гэтага забойства, дык любячым бацькам гэтак цалкам да сракі.

А таму што я не хачу, каб мяне лічылі ідыётам, мне гэта таксама да сракі.

Але таму што я яшчэ й паэт, дык я мушу тады ўсю паэзію, улучна сваёй уласнай, лічыць фальшывай і двудушнай. А з такой сьвядомасьцю чалавек жыць ня можа. Калі ён толькі не звар’яцее, дык павінен скончыць жыцьцё самагубствам. У гэтым пункту ніводная пэтжынская баба мяне не надурыць.

Я дапіў свой куфаль піва ў Барачніцкай управе, якая гэтай парой, узімку—няўтульная й волгкая, і з коміну тут увесь час цягне куродымам, дый пайшоў сабе сноўдацца далей. Усё, усё вакол было новае, толькі тыя летнія ўспаміны засталіся нязьменнымі.


(Footnotes)
1 Маніякальна-дэпрэсіўны
2 Выспа на Влтаве, што далучаецца да Малай Страны, насупраць Нацыянальнага Тэатру.
3 Чэскі пісьменьнік, камуністычны функцыянэр, ідэялог сацрэалізму.
4 Ёзэф Даброўскі—чэскі адраджэнец, езуіт, заснавальнік славістыкі. Першым дасьледаваў тэкст Скарынаўскай Бібліі. Як мяркуе Эдвард Кінан, напісаў таксама “Слова аб палку Ігаравым”.
5 Уладзімір Голан—разам з Яраславам Сайфэртам і Віцезславам Нэзвалам, найбуйнейшы чэскі паэт ХХ стагодзьдзя. У адрозьненьне ад Нэзвала, ня быў афіцыйна прызнаны й друкаваўся амаль выключна за мяжой і ў самвыдаце. Сваёй складанасьцю, выкшталцонасьцю мовы й вобразнай вынаходлівасьцю ягоны стыль вельмі нагадвае рускіх акмэістаў, у прыватнасьці—Пастэрнака.

 

© Пераклад-Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI