Адзін з кадраў калісьці
культавай стужкі, мабыць, застаўся ў памяці кожнага, хто яе бачыў. Пасьля
гучнай сцэны, калі Бэці выкідае праз вакно абсталяваньне бунгало, раптоўна
ўсё сьціхае. Ён стаіць каля лесьвіцы, яна—на парозе драўлянай будовы.
Яны пазіраюць адзін на аднаго. Бэці апранутая ў чырвонае, адно плячо
аголенае. У руцэ—газаўка. Ціша й напружанасьць у небясьпечным зьвязку.
Газаўка ляціць у дом, той палае. Яны ўцякаюць, едуць аўтастопам. Дваццаць
гадоў таму, калі ўзьнікла кніга, пытаньнем было—куды можна ўцячы. Сёньня
ўжо ясна: нікуды.
Раман Філіпа Дыжана
(нар. у 1949 г.) выйшаў у 1985 годзе. Аднайменны фільм Жан-Жака Бэнэкса
ў 1987 годзе быў намінаваны на Оскара за найлепшы замежны фільм, атрымаў
шэраг прызоў у Эўропе і ўхвалу крытыкі. Аўтар раману ў францускіх літаратурных
варунках 1980-х гадоў успрымаўся зь некаторым падазрэньнем—як той, хто
прасоўвае ў культуру пралетарскія матывы, часта напісаныя гутарковай
мовай. У кнізе й фільме мова йдзе пра Зорга і Бэці. Зорг распавядае
аб іх каханьні, у час аповеду Бэці ўжо не жыве. “Я пытаўся ў сябе, ці
не абраў я найцяжэйшы шлях, ці ня ёсьць жыцьцё з жанчынай найгоршым,
што можа зрабіць мужчына, калі гэта азначае прадаць душу д’яблу альбо
ў рэшце рэшт выкалаць сабе трэцяе вока. Я патанаў у роспачы да таго
моманту, калі Бэці ўва сьне павярнулася й прытулілася да мяне. Мяне
прадзьмуў парыў сьвежага ветру, які пазбавіў маю душу чорных думак,
як мэнтолавая цукерка пазбаўляе дыханьне непрыемнага паху.” Зорг разумее,
што мэтай усіх яго намаганьняў ёсьць час з Бэці. З усёй шчырасьцю ён
кажа, што яму няма чаго губляць, калі б’е рэдактара з выдавецтва й спрабуе
прымусіць яго забраць з суду скаргу на Бэці. Жыцьцё з Бэці, час вакол
“трахаемся штодня” ёсьць Зоргавай мэтай. Калі Бэці пасадзяць з-за выдавецкага
лёкая, хай адразу содзяць і Зорга.
Тым часам як ягоная
мэта—у часе зь ёй, яна глядзіць у іншы бок. Яна чагосьці прагне і чагосьці
баіцца. Каб з Бэці была надзейная здаровая жанчына, “яна павінна была
б пагадзіцца, што шчасьця і раю няма, што няма ні выйгрышу, ані пройгрышу,
і што нічога па сутнасьці зьмяніць нельга. А калі ты лічыш, што адзінае,
што застаецца—гэта адчай, дык ты памыляесься, таму што і адчай ёсьць
ілюзіяй. Усё, што ільга рабіць—гэта легчы спаць увечары і ўстаць раніцай,
пажадана—з усьмешкай. Усё адно, што пры гэтым думаеш, усё адно нічога
ня зьменіцца, навошта дарэмна ўсё ўскладняць.”
У адным сучасным нямецкім
фільме гучыць пытаньне, якое адкрывае шлях да “Бэці Блю” праз 20 гадоў.
“Кім ты хацела быць да аварыі?” Мы маем справу зь людзьмі, што перажылі
катастрофу. У кнізе “Бэці Блю” ільга знайсьці характарыстыку: “Яна перасьледуе
штосьці, чаго не існуе. Яна як параненая жывёла, што правальваецца глыбей
і глыбей. Сьвет для яе—замалы.”
Эпоха 20-гадовае даўніны
на Захадзе бачыцца як час падманутых спадзеваў, які суправаджаецца камфортам.
Колькі ў аб’ёмным рамане выпіваецца добрага алькаголю, выпальваецца
цыгарэт, зьядаецца добрай ежы! І жыць героі заўсёды маюць дзе. Пасьля
1970-х гадоў, пары нафтавага крызісу й левых тэрарыстаў, 80-я—першыя,
што нагадваюць нашыя часы. Хаця інтэрнэту яшчэ не было, а ў рамане мільгае
і згадка аб правілах паводзінаў у выпадку атамнага выбуху, аднак халоднай
вайны не чуваць і не відаць. Зорг выжывае ў прынцыпе спакойна й не задае
пытаньняў. Людзей вакол сябе ён лічыць у рознай ступені небясьпечнымі
шаленцамі й спрабуе іх не раздражняць. Бэці задае пытаньні, робіць сцэны,
і таму яна вылучаная з выжываньня. Для ейнай прагі вялікага апавяданьня
некалькі разоў зазьзяе надзея. Першая—знаходка Зоргава рукапісу. Тэкст
ёй падабаецца, Зорг робіцца ў яе ўваччу вялікім пісьменьнікам, маленькая
гісторыя працоўнага з бунгало ператвараецца ў вялікую гісторыю пісьменьніка.
Вялікі пісьменьнік не пасуе ў будку, таму можна спаліць бунгало. Другая
надзея зьвязаная з Зоргавым падарункам на яе дзень народзінаў. Бэці
атрымлівае кавалак зямлі й стары дом. Яна ня можа паверыць, што гэта
належыць ёй і што можна нешта падобнае набыць. Аднак пасьля буры й патокаў
вады скрозь дзіравую страху Бэці разумее, што валодаць нечым яшчэ не
азначае пазбавіцца бяздомнасьці й нікчэмнасьці. Нарэшце, трэцяя надзея
зьвязаная з матывам цяжарнасьці. Нейкі час здаецца, што кантрацэптыўная
сьпіраль не спрацавала, што сам сабою адкрыецца нейкі новы, значны сцэнар.
Калі Зорг апавядае аб цяжарнасьці іншаму пэрсанажу, ён ужывае свае лапідарныя
фразы. Выглядала, што яна зацяжарыла, але выявілася, што не.
Зьвязак Бэці і Зорга
небясьпечны, магчыма, яшчэ і таму, што Зорг толькі напружана назірае
за ўсімі перамогамі і эксцэсамі сваёй каханай, а сам спрабуе палагодзіць
канфлікты з вакольным сьветам. Ён бегае за ёю з ахоўнай сеткай. Бэці
ня мае дачыненьня да Зоргавай лаяльнасьці, Зорг ня мае дачыненьня да
змаганьня і перамогаў жанчыны сваіх мараў. Яна хоча разварушыць яго,
ён хоча ўтаптаць ейны шлях.
Каханьне само па сабе
ёсьць вытокам небясьпечных стасункаў. Нават калі ўзяць да ўвагі класічную
сям’ю, дык тут асобы зьнішчаюць сябе тым, што некаму падпарадкоўваюцца,
і жыцьцё, ужо й гэтак кастраванае, зьнішчаецца тым, што ў яго прыводзяць
дзяцей. А чым было каханьне ў 80-х гг. на Захадзе? Даўно пасьля ўвядзеньня
кантрацэпцыі і сьмерці грамадзкіх мараў, якія маглі быць злучвом. Зарабляць
на выжываньне стала лёгка, чорную работу замяніла стома. Зорг кажа:
“Шарм гэтай генерацыі палягаў у досьведзе самоты і абсалютнай непрыдатнасьці
рэчаў. Дзякуй богу, жыцьцё было прыгожым.”
З 80-х гадоў існуюць
парэшткі ілюзіяў, але ў кожнага яны палягаюць у нечым іншым. Ілюзіі
чым далей, тым болей атамізуюцца, самота і непрыдатнасьць робяцца ўсё
глыбейшыя. Скарачаецца час, цягам якога вы камусьці патрэбныя, у выпадку
што вас наогул кудысьці прыймуць. Бэці працавала цягам году, пакуль
яе ня выгналі на банальнай, як у кнігах 19-га стагодзьдзя, падставе—працадаўца
з абавязковай жонкай і рукой пад спадніцай сімпатычнай працаўніцы. У
кнізе мы знаходзім характарыстыку галоўнай гераіні як спалучэньня агня
з вадой. Зорг дадае, што яна ідэальная для таго, каб ператварыцца ў
пару. У 90-х гадох ужо цяжка знайсьці настолькі эмацыйна поўную, нікуды
не ўпісаную і няўпісальную гераіню. Бэці, магчыма, і складаецца з агню
і вады, але гэтыя стыхіі зьяднаныя адным прыгожым целам. Гэта—дарослая
асоба. У сваёй інтэнсіўнасьці Бэці сканчае псіхічнай хваробай. Зорг
баяўся выкалаць сабе трэцяе вока, Бэці выколвае вока сапраўднае. Як
што прыгожым жанчынам не пасуе выколваньне вачэй, у 90-х гг. і на пачатку
21 стагодзьдзя будзе болець абмежаваных і інфантыльных гераінь.
...Калі Бэці памірае,
Зорг распавядае аб ейным жыцьці, аб ёй. Аб тым, што ён, бывае, падсмажыць
два кавалкі мяса ці пакіне ванну поўнай. Пра Бэці ён гаворыць як аб
кімсьці, хто нічога не пакінуў і ўсё ўзяў з сабой. Яна пакінула сваю
гісторыю настолькі адкрытай, што Зорг можа ўсё яшчэ ў яе ўступіць. Яна
пакінула яе такой, каб нігіліст Зорг меў магчымасьць у даданым часе,
на які ён яе перажыве, крок па кроку ўсьведамляць, што жэсты, якія Бэці
зьнішчыла, былі дарэчнымі. Нігіліст мае гэты прывілей таму, што прыняў
жанчыну сваіх мараў, верыў ёй і кахаў яе. І таму што Яна вырашыла жыць
менавіта зь ім.
“Бэці Блю”—не адзіны
літаратурны і кінатвор, які абвяшчае пачатак культурнага пэрыяду, які
працягваецца да сёньняшняга дня. Культурныя формулы з 80-х гг. па-рознаму
змутавалі, але іхная аснова застаецца той самай. Мы можам скарыстаць
характарыстку, паводле якой гаворка ідзе аб страчаных надзеях, што суправаджаюцца
камфортам. Гэты пэрыяд таксама характарызуецца адчаем тых, хто задае
пытаньні. Узьнікаюць цэлыя вобласьці, пра якія нельга пытацца. То бок,
пытацца можаце аб чым заўгодна, але слухаць вас ніхто ня будзе.