Макс
Шчур
БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ
ШКОЛА: УХВАЛА ЦЕНЮ
(фантазія на тэму
паэтычных вытокаў шчуррэалізму)
1.
Беларуская паэзія,
як гэта ні сумна, перажывае свой залаты век. Яшчэ ніколі раней яе грамадзкая
значнасьць не спалучалася з такой абыякавасьцю да грамадзкага прызнаньня
і самадастатковасьцю, ніколі цікавасьць да яе з боку іншых культур не
была такой высокай пры поўнай адсутнасьці цікавасьці з боку ўласных
дзяржавы і грамадзтва, ніколі яшчэ яна не была настолькі заклапочаная
будучыняй пры абсалютнай няпэўнасьці свайго існаваньня ў цяперашнім;
наагул кажучы, ніколі яшчэ ў ёй не спалучалася столькі крайнасьцяў,
як сёньня.
Чаму ж тады гэты сум? Таму што такая спрыяльная, як гэта ні парадаксальна,
для творчасьці сітуацыя ўсё часьцей скарыстоўваецца самімі творцамі
ня з мэтамі мастацтва, а з мэтамі ўласнай інстытуцыяналізацыі ў межах
нейкіх анахранічных мастацкіх плыняў, у лепшым выпадку, у горшым—у межах
нейкіх клік ці там палітычна альбо рэгіянальна абумоўленых груповак.
Беларуская паэзія ператвараецца некаторымі ў бізнэс, нагоду нагадаваць
сацыяльны і проста капітал на палітычна прыгнечаным статусе сваёй культуры.
Сам факт пісаньня па-беларуску ў такі час выдаецца за большую каштоўнасьць,
чым сам па сабе зьмест і ўзровень таго, што напісана. Стандартная пячатка
набывае большую вагу, чым матэрыял і яго проба. Залаты век мае тэндэнцыю
пераходзіць у медзяны, талеры разьменьваюцца на барацінкі. Пад ціскам
зьнешнепаэтычных абставінаў адбываецца пакуль яшчэ пакрыёмая дэвальвацыя
толькі ўведзенай і яшчэ недастаткова ўмацаванай самастойнай манеты беларускага
слова. Калі ў папярэднюю савецкую эпоху золата завозілася з-за ўсходняй
мяжы і ў мясцовых нават ня кузьнях, а сацыялістычных фабрыках і калгасах
перараблялася (пры паўсюдным крадзяжы і абядненьні першапачатковага
мэталу) на падазрона аднолькавыя сьліткі, а доля індывідуальных майстроў
кшталту Разанава альбо Караткевіча была нязначнай, то цяпер пераадкрыты
залаты запас эміграцыі, вярнуліся вывезеныя ў Сібір скарбы, імпарт заходніх
уплываў зрабіўся канкурэнтназдольным да імпарту ўсходняга. Пакуль яшчэ
валюта мацнее, курс расьце, але расьце і мноства спэкулянтаў і фальшываманэтчыкаў,
зь якімі так і карціць часам абысьціся паводле строгіх законаў Статуту
1588 году... Але пэрыяд першапачатковага накапленьня, крадзяжоў, імітацый,
запазычаньняў і тэхнічнага шпіянажу скончыўся. Беларуская паэзія адбылася.
Таму і магчыма рабіць нейкія папярэднія высновы.
Якой была доля і роля Берасьця ў гэтым пасьпяховым працэсе назапашваньня?
І ці ёсьць патрэба гаварыць аб гэтым цяпер, у эпоху згаданай варажнечы
клік і рэгіёнаў? Калі ёсьць, то, верагодна, толькі для таго, каб гэтую
гіпатэтычную адасобленасьць пераадолець.
2.
Калі мастацтвазнаўцы
гавораць пра школы жывапісу, яны азначаюць іх з дапамогай геаграфічных
тэрмінаў: галяндзкая, венецыянская, флямандзкая школы. Аднак насамрэч
маюцца на ўвазе пэўныя тэхнікі ці нават цалкам канкрэтныя элемэнты:
колер, мазок, пэрспэктыва... Іхная сукупнасьць і дазваляе сканструяваць
для зручнасьці ўмоўны пойм школы—абстрактны інструмэнт накшталт ідэальнай
мадэлі фізічнага закону, які дазваляе лягчэй тлумачыць рэальныя фізічныя
зьявы. То бок, школа—літаратуразнаўчая ўмоўнасьць, якая мае да рэальнасьці,
скажам так, чыста тэарэтычнае дачыненьне. У ХХ стагодзьдзі праграмнае
стварэньне мастацкай альбо паэтычнай школы ці там групоўкі пачыналася
менавіта зь ідэальных тэарэтычных фармулёвак, маніфэстаў, якія ў большасьці
так і заставаліся дэклярацыяй—часам для стварэньня функцыянальнага агульнага
тэарэтычнага базісу папросту бракавала практычных перадумоў, бо залішне
розныя паводле сваіх тэхнік творцы імкнуліся гвалтам увапхнуць сябе
ў межы штучна створанага напрамку. (Напачатку 1990-х гг. у Берасьці
такіх спробаў не было; хіба што аўтар гэтага тэксту абмежаваўся стварэньнем
уласнай плыні пад назовам “шчуррэалізм”, аднак тады яшчэ ёй бракавала
якіх-заўгодна тэарэтычных пастулятаў, апроч чыста інтуітыўных; няма
дзіва, што да гэтай “плыні” ніхто так і не далучыўся). Мы ж, на якіх
13 гадоў пазьней, наадварот, спрабуем сябе ў жанры тэарэтычных спэкуляцый
наконт “берасьцейскай школы” на падставе таго, што ўжо адбылося.
Пачнем з таго, што
ад часоў пабудовы сваёй славутай крэпасьці-героя Берасьце—горад рускі,
а груба кажучы з 1939 году—і рускамоўны, да таго ж аточаны небеларускай
моўнай прасторай. Таму сам факт наяўнасьці там беларускамоўнай творчасьці
ільга патлумачыць пэўнай культурнай рэ-каланізацыяй гэтых тэрыторыяў
зь Менску (а ў яшчэ большай ступені—зь беларускай вёскі незалежна ад
ейнага знаходжаньня) у другой палове ХХ стагодзьдзя, ужо ў савецкую
эпоху. Беларускамоўная творчасьць была тут пэўнай рэкамэндацыяй у Менск,
рускамоўная—спатаннай праявай цягі савецкага народа да паэтызацыі сваёй
ня самай бясхмарнай рэчаіснасьці. Беларускі паэт нават мясцовага паходжаньня
заўсёды адчуваў тут сябе чымсьці накшталт каланізатара, тым часам як
той, хто карыстаўся мовай усходніх каланізатараў—наадварот, пачуваў
сябе дома ня горш чым у якім-небудзь Калінінградзе. Заходняя брама СССР
вяла нейкім падземным ходам адразу ў Маскву ці Ленінград у абыход Менску.
Кантакты зь Пінскам былі чыста адміністрацыйнымі, з Горадняй—практычна
ніякіх, з Варшавай—збольшага чыста эканамічныя. Ад першага аддзялялі
палескія балоты, ад другой—пушча, ад трэцяй—радок Маякоўскага “у советских
собственная гордость” (партрэт Маякоўскага нібыта паслужыў прататыпам
воіна для агромністага помніку абаронцам крэпасьці). Бліжэйшы да Берасьця
буйны беларускі горад, Кобрын, быў помнікам расейскай акупацыі і яе
героя А.В.Суворава. Афіцыйная беларускасьць Берасьця ў новую эпоху брала
выток у часох КПЗБ і Бярозы-Картузскай.
Зрэшты, пэўнае становішча выспы—праблема ўсіх беларускіх культурных
цэнтраў улучна зь Менскам. Аднак у Берасьці, у адрозьненьне ад Менску,
немагчыма сабраць поўную залю прыхільнікаў з шэрагу філфакаўцаў з усяе
Беларусі й сарваць аплядысмэнты. Адсюль—сур’ёзнасьць у паэзіі, разуменьне
яе як высокага жанру, адсутнасьць разьлічанага на публіку “балагану”.
Замест гумару пануе самаіронія і самазьдзек, жартаўлівасьць увасабляецца
ў іншых формах, ад песьні да прозы. Шмат сіл эканоміцца на адсутнасьці
патрэбы дагадзіць шырокім паўадукаваным масам з дапамогай кожнаму зразумелых
намёкаў і калямбураў—гэтыя масы ў Берасьці ў прынцыпе не адчуваюць патрэбы
ў іншамоўнай паэзіі, апрача расейскай (сьведкай таму я быў шмат разоў
на мясцовым літаб’яднаньні). Адсюль таксама дылема берасьцейскага паэта,
які піша па-беларуску: пісаць так, каб было зразумела ўсім, альбо так,
каб не было зразумела практычна нікому. Тут нас цікавяць тыя, хто абірае
другое—пісаньне для сябе (прычым такое ж памкненьне ўласьцівае тут і
рускамоўным паэтам), у лепшым выпадку—для некалькіх блізкіх калег па
рамястве.
Аўдыторыяй паэта ў Берасьці ёсьць самі паэты, прычым збольшага мёртвыя.
Тыя, што разумеюць цябе з паўслова, і тыя, каго разумееш ты. Іхная моўная
прыналежнасьць абсалютна неістотная. Таму аб’яднаўчым фактарам зьяўляецца
ня мова, а менавіта тэхніка. Спачатку і перадусім—чужая, тэхніка ўлюбёных
аўтараў.
Ня ўсім паэтам пашчасьціць знайсьці сваё кола, як і не ўсім удаецца
пазьней зь яго вырвацца. (На тое яна і школа, каб зь яе вырасьці.) Тыя,
хто трапляе ў рамкі, абумоўленыя генерацыяй, паходжаньнем ці мовай,
застаюцца непачутымі і таму ў пэўнай ступені глухімі да астатніх.
3.
Пакуль яшчэ толькі
гіпатэтычны тэрмін “берасьцейская школа”, гэтаксама як гістарычны тэрмін
“Кіеўская Русь”, у маім разуменьні ёсьць умоўным азначэньнем не тэрыторыі,
а хутчэй эпохі—fin de siecle (ня самая ўдалая, але рэальна плянаваная
назва неадбытага часопісу, папярэдніка “Літражу”), 90-х гадоў мінулага
стагодзьдзя. Калі б няўдзячная задача вызначыць над-індывідуальныя рысы
“берасьцейскай школы” ці “берасьцейскай манеры” была даручана мне, я
запыніўся б на наступных зь іх: гэта—зьмешваньне стылістычных узроўняў
мовы; зьмешваньне моваў—шырокае выкарыстаньне барбарызмаў, часам нават
гульні з лацінскай графікай; пэўная “празаічнасьць”, нават “рытарычнасьць”—адсутнасьць
“лірызму”, мінімум абстрактных назоўнікаў, памкненьне да натуральнай
канструкцыі фразы, што сваім памерам звычайна імкнецца не адпавядаць
страфе; экспэрымэнты з рыфмай—карыстаньне дысанансным націскам, паводле
“ангельскага” ўзору, зьмена націску ў зрыфмаваных словах і г.д.; вернасьць
класічным формам, аднак бязь лішніх інавацый... Гэта што да чыста фармальных
прыкметаў, якія самі па сабе можа і ня ёсьць настолькі “берасьцейскімі”,
аднак іхная высокая канцэнтрацыя прымушае задумацца над яе невыпадковасьцю.
Што да зьместу, і тут ільга знайсьці шмат агульнага: уплыў Бродскага
і ангельскай паэзіі ХХ стагодзьдзя; агульная паэтычная ксенафілія заходняй
скіраванасьці; непрыманьне афіцыйнай савецкай паэзіі ў любой мове; нелюбоў
да цьмянасьцяў сімвалізму, гэтаксама як да экстрэмальнага авангарду—рэалізм,
адданасьць рэчам, канкрэтыцы; рашучая перавага гарадзкой тэматыкі над
астатняй, але перадусім—пэрспэктыва самотніка, чужаніцы, вынік знаходжаньня
ў геаграфічнай, сацыяльнай ці культурнай (сама)ізаляцыі. Будучы традыцыяналістам,
берасьцейскі аўтар рэдка калі пачувае сябе часткай нейкай паэтычнай
традыцыі—ён, паводле ўзору Борхэса, сам стварае сваіх папярэднікаў.
Тое самае ільга сказаць і аб “нацыянальнай літаратуры”, да якой берасьцейскі
паэт не сьпяшаецца сябе аднесьці.
Думаю, што гэта якраз тыя рысы, якіх нікому з паэтаў берасьцейскай школы
немагчыма пазбавіцца, як што няма й патрэбы іх пазбаўляцца—яны, так
бы мовіць, правераныя ня столькі традыцыяй, колькі ўласным паэтычным
досьведам кожнага. У астатнім пануюць адрозьненьні—выразна асабістае,
часам палярнае стаўленьне да мэтафары, мовы, выкарыстаньня цытат, да
слэнгу, папярэднікаў, алкаголю і іншых “стымулятараў” творчасьці, а
таксама й да самога існаваньня нейкай там “берасьцейскай манеры” ці
да сучаснага стану літаратуры...
Натуральна, далёка ня ўсе берасьцейскія паэты належалі, належаць ці
імкнуцца належаць да берасьцейскай школы 90-х гадоў. Некаторыя папросту
не падзяляюць яе творчай мэтоды, грунтуюцца на іншых узорах, сфармаваліся
ў іншыя часы і пад іншымі ўплывамі—што ж, у гэтым іх сьвятое права,
магчыма нават—прывілей. Зрэшты, непрыналежнасьць да школ—яшчэ адзін
складнік берасьцейскай традыцыі. У гэтым, можа быць, якраз і палягае
ейны галоўны плюс. Насамрэч, яшчэ адна агульная рыса паэтаў берасьцейскай
школы—нелюбоў да рэальнага Берасьця і любоў да ўсіх іншых гарадоў, ад
Буэнас-Айрэса да Пецярбургу.
4.
З усіх пералічаных
прычынаў, у рамках беларускай паэзіі асобныя берасьцейскія паэты ўсё
яшэ застаюцца ў шэрагу “дысідэнтаў”: калі ў 90-х гадох у Берасьці мала
чулі пра Менск, то ў Менску і сёньня яшчэ мала чулі пра Берасьце. Спадзяюся,
“Літраж” запоўніць гэты прабел. Хаця невыпадкова, што ў польскамоўную
“Анталогію маладой беларускай паэзіі” апрача васьмі менскіх аўтараў
здолелі патрапіць і два берасьцейцы—аўтар гэтага тэксту разам зь Сяргеем
Прылуцкім. Чамусьці ніводны прадстаўнік іншых рэгіёнаў туды не патрапіў—што
аўтаматычна не азначае адсутнасьць іншых гіпатэтычных “рэгіянальных”
школ у беларускай паэзіі, пра якія, прызнаюся, мне мала што вядома (прынамсі,
ня памятаю, каб яны імкнуліся вызначыць сябе ня толькі рэгіянальна,
а яшчэ і тэарэтычна: калі генерацыя не акрэсьліваецца ідэйна, яна зьнікае;
калі рэгіён не акрэсьліваецца іначай, чым рэгіён, ён застаецца проста
рэгіёнам).
Сваім далучэньнем
да “Літражу” я, які напісаў бальшыню сваіх вершаў далёка ня ў Берасьці
і пагатоў не пра Берасьце, аддаю пашану памяці берасьцейскай школе,
якая застаецца для мяне актуальным літаратуразнаўчым, але ўжо не літаратурным
праектам. Таму разам з гэтым далучэньнем я яшчэ раз хацеў бы падкрэсьліць
цяперашнюю (у век інтэрнэту) прынцыповую бессэнсоўнасьць чыста рэгіянальнага
падзелу—повязь генерацыі, якая яднае нас з залатым (хацелася б усё ж
такі верыць) векам беларускай паэзіі, мацнейшая за повязь лякальную.
Тым больш што асноўныя прычыны ўзьнікненьня берасьцейскай школы—чыста
сітуацыйныя, можа нават выпадковыя, а зусім не ўкаранёныя ў нейкай адмысловай
геаграфіі Берасьця ці там ягоным памежным характары; у кожным выпадку—нутраныя,
а ня зьнешнія. Гэта не аспрэчвае традыцыйны статус Берасьця як заходняга
фарпосту на мяжы расейскамоўнай імпэрыі, як крайняга пункту ў зоне ўплыву
расейскай культуры, як брамы цяпер ужо постсавецкага сьвету, гэтаксама
як сімвалу шматлікіх пераломаў гістарычных эпох (першае ў ВКЛ магдэбурскае
права, Брэсцкая Біблія, Брэсцкая унія, Брэсцкі мір, савецка-нямецкі
падзел Польшчы ў 1939 годзе). Але якое дачыненьне ўсе гэтыя факты маюць
непасрэдна да паэзіі? Яны толькі падкрэсьліваюць суіснаваньне ў Берасьці
некалькіх дыскурсаў, некалькіх культурных традыцый—але сама гэтая сітуацыя
ня ёсьць настолькі нетыповай для Беларусі. Больш за тое, уся Беларусь
(разам з Украінай) ёсьць з гледзішча “эўразійскіх” канцэпцый пераходнай
зонай між расейскай і заходнеэўрапейскай культурамі—магчыма, менавіта
таму памежны характар Берасьця скрайне востра адчуваецца носьбітамі
рускага дыскурсу. Беларускага ж паэта Берасьце ставіць у сітуацыю прадстаўніка
“меншынёвай літаратуры”—гэтаксама ж, як і паўсюдна ў Беларусі. Для яго
мяжа праходзіць недзе ўсярэдзіне, а ня звонку. Адчуваньне зьнешняй мяжы
робіцца толькі неабавязковым сімвалам адчуваньня канфлікту між нутраным
і вакольным сьветам, што само па сабе ўласьціва, бадай, любому паэту
незалежна ад ягонага паходжаньня ці знаходжаньня.
©
Макс Шчур, 2007