Яна
Бэнёва, нар. 1974 г.—жыве ў Браціславе, працуе ў газэце “SME” (“Мы ёсьць”).
Выдала зборнікі вершаў “Сьветлабоязь” (1993), “Лунаход” (1997), “Пяшчота”
(1997), раман “Паркер: раман пра каханьне” (2001) і кнігу апавяданьняў
“Дванаццаць аповедаў і Ян Мёд” (2003).
Дзе
што ў Браціславе
Мне
трыццаць пяць год, і я—канатаходка. Калі б у месьце, дзе я жыву, нацягнулі
сем роўных даўгіх канатаў, яны азначылі б усе мае шляхі й паглынулі
кожны мой сьлед.
Падыйшлі
б і звычайныя вяроўкі, таму што мой крок заўжды вельмі вузкі, таму мае
мапы—гэта простыя лініі, уласна кажучы, двухвымерныя адмеркі. У адрозьненьне
ад таго шахматыста, які ў пэўны момант свайго жыцьця вырашыў азначыць
на мапе свае зьменлівыя трасы, якімі рухаўся штогод па месьце, быццам
па шаховай дошцы, і потым успрымаў іх быццам хады, а сваё жыцьцё—быццам
шаховую партыю... Нядобра скончыў той шахматыст... Наогул, мне чамусьці
здаецца, што нашая эпоха не спрыяе Ходзьбітам...
Памятаю,
як аднойчы места наведаў рымскі папа. Тады я сябравала з адной дзяўчынай,
якая за дзень да ягонага прыезду наведала абсалютна пусты касьцёл, у
якім на наступны дзень папа павінен быў служыць імшу, таму што ведала,
што потым ужо туды з-за мноства людзей не праб’ецца. Паўдня яна сістэматычна
й сумленна выкрочвала па пустым касьцёле, прычым выкрочваць тут азначае
шчыльна ставіць адзін ступак да другога, каб мець пэўнасьць, што ейныя
сьляды й сьляды папы сустрэнуцца, што яны судакрануцца ступакамі, маўляў
антыподы, і іхныя ногі, мажліва, будуць нават супадаць у памерах.
Аднак хадзіць па чужых сьлядах надзвычай стамляе. Папа ў касьцёле нават
самлеў, і імша засталася няскончанай.
Я
вельмі пільнуюся, каб вяроўкі, па якіх я хаджу, былі толькі мае. У такім
выпадку, ільга рухацца надзвычай хутка, што азначае, што ўзімку вам
не халодна, бо ваш рух вас грэе.
Калі
я яшчэ хадзіла ў школу й была закаханая ў пана настаўніка, тады я рухалася
па месьце толькі ягонымі маршрутамі, бо ўвесь час жывіла ў сабе надзею,
што нашыя шляхі перасякуцца. Гэта мяне вельмі зьнясільвала, бадзяньне
само па сабе ня мела ніякага сэнсу, і места ад мяне ўнікала.
Калі мы пачалі з панам настаўнікам кахацца, нашыя вяроўкі, наадварот,
пачалі часта перасякацца, але ніяк не маглі ўтварыць рыбарскі альбо
марацкі вузел... прынамсі такі часовы—як у фокусніка—які хаця й выглядае
пэўна, але варта лягенька пацягнуць за канец, як ён бязгучна й зьнянацку
распадаецца, і дзеці сьмяюцца з гэтае штукі яшчэ доўга пасьля таго,
як выйдуць з цырку.
Пасьля
нашага расстаньня я зьняла свае вяроўкі зь ягоных шляхоў і зматала іх,
і гэтак назаўжды страціла некаторыя ўлюбёныя вуліцы майго места, на
якіх мяне апаноўвала адчуваньне, што калі б ён мяне тут выпадкам сустрэў,
дык падумаў бы, што я ўсё яшчэ хаджу па іх з-за яго. Ад таго часу я
пільнуюся, каб ня зьвязваць вуліцы места з мужчынамі, якія рухаюцца
па іх, альбо з кватэрамі, у якіх я зь імі кахаюся.
Гэта датычыцца і таго мужчыны, у якога ніткі замест валасоў—але не ядвабныя
альбо ільняныя, я б нават сказала—звычайныя, такія, што патрэбныя для
таго, каб прышыць гузік на зімовае паліто. Тыя ягоныя ніткі—адносна
доўгія, белыя, а на канцы кожнай—вузельчык, каб яны не пацярэбіліся,
і каб да іх нельга было прывязацца.
Гэты мужчына робіцца выразна відочны ў нашым месьце ў сьнежні, уласна
ўжо напрыканцы лістападу, а потым стаіць цэлы месяц з глінтвэйнам у
руцэ на Калядным кірмашы. Я маю да яго вялікую пашану, бо ён здольны
ўвесь час нерухома стаяць на адным і тым самым месцы на плошчы, тым
часам як мяне нешта ўсё гоніць па месьце ўсё жыцьцё. Час ад часу я да
яго падыходжу, расшпільваю яму паліто й кладу яму далоні проста на грудзі,
плечы альбо некуды на сьцягно. Гэтакім чынам я хачу перадаць яму паведамленьне.
Ай, ты б’есься токам—скаланаецца тады мужчына й вылівае крыху глінтвэйна
на мае боцікі. Гэтак я дасьледую ўсе шляхі ўсярэдзіне ягонага цела,
мазгоў альбо сэрца, якія настолькі неміласэрна электраводныя й дзякуючы
якім яму здаецца, што жыцьцё—гэта мільён важных рэчаў, што каханьне—гэта
мільён чалавек, а Калядны кірмаш—гэта мільён магчымасьцяў. У мяне ў
нагах—рух, на лытках—крылцы, у руцэ—кіёк, але што да мозгу ці сэрца,
дык тут я—па жыцьці на ровары-трэнажэры.
Мае
вяроўкі некалі заходзяць і ў крамы—паводле тавару ў іх я заўсёды вызначаю,
якая ў нас прыблізна пара года. Крамы ў нашым месьце такія каляровыя,
што я ў думках называю іх галерэямі, і такія ўпарадкаваныя, што замяняюць
мне ня толькі штодзёньнік, але й настольны й насьценны каляндар. Сёньня,
напрыклад, дакладна сакавік альбо красавік, бо ў краме поўна вялікодных
яек і зайцоў.
Чакалядныя
зайцы ў нашым месьце з кожным годам усё буйнеюць і буйнеюць. Бачу іх,
як гэтыя паўмэтровыя ці нават мэтровыя чакалядныя дэгенераты пагрозьліва
ўздымаюцца ў пірамідах, дасягаючы плафону на столі крамы. Слупянею.
Пазіраю ў іхныя агромністыя вочы з чорнымі зрэнкамі. Стуляюся. Чакаю,
калі яны кінуцца на мяне. Усе разам яны саскокваюць з прылаўкаў і вітрынаў,
а людзі, якія не пасьпеюць разьбегчыся, як тыя зайцы, будуць узнагароджаныя
ўкусам заечых зубоў у галаву.
Адразу
за зайцамі прадаюць кнігі. Чую, як прадаўшчыца абураецца тым, што людзі
сёньня не купляюць паэзію, а хочуць толькі кнігу “Майн Кампф” ёй невядомага
пісьменьніка Гітлера. Прадаўшчыца кажа, што ня можа гэтага зразумець,
што яна сама трымала тую кнігу ў руках і нават яе гартала, але нічога
цікавага там не знайшла, нават ніякага сэксу там не было.
Я
чытала нейкае дасьледаваньне наконт таго, што ў час сьвятаў прадаўшчыцы
трапляюць пад вялікі псіхалагічны ціск, бо цягам двух перадкалядных
месяцаў вымушаныя цэлымі днямі слухаць адную й тую самую касэту з калядкамі,
якія разьліваюцца па краме, а як толькі гэтае катаваньне скончыцца,
дык ізноў павінны штодня праходзіць міма зайцоў, што падміргваюць як
вычварэнцы, ды міма нечалавечай вялікасьці яек. А з прыходам вясны спрактыкаваныя
гандляры пачынаюць надзіць людзей у свае крамы наросхрыст адчыненымі
дзьвярыма й вокнамі, таму прадаўшчыцы застаюцца хранічна настуджанымі
ажно да самага лета:
—Божа,
мы, жанчыны, павінны ўвесь час дбаць пра сябе. Я нават сплю ў шкарпэтках.
А ў прыродзе не магу сесьці на зямлю ані ўлетку.
—Ведаеш што, я ў гэтым годзе ўжо тройчы мела запаленьне мачавога пухіра.
—Я таксама. Мне ўжо й крэслы ў бары здаюцца залішне халоднымі.
—Рацыя. Такія мы небаракі. Ня тое што мужыкі, тыя сабе сядаюць, дзе
хочуць.
—Так і ёсьць, чаго ім баяцца.
—Праўда што, у іх жа няма мачавога пухіра.
—І не кажы, тым дык пашанцавала.
Нейкі час яны сядзелі ціха, пералічваючы нейкія грошы, здаецца, здавалі
касу.
—Слухай, а калі ў іх няма мачавога пухіра, дык што ў іх тады, наогул?
—Ну як што—прастата.
—Авой, ну канечне. Пра яе я зусім забылася.
На
тым адмерку, дзе мая вяроўка праходзіць скрозь краму, я заўсёды пераконваюся,
што ў жыцьця ўсё яшчэ ёсьць чым мяне зьдзівіць. І гэта надакор таму,
што мне ўжо трыццаць пяць.
У трыццаць пяць, бадай, чалавек ужо мае права й на крызіс сярэдняга
веку. Таму адна з маіх вяровак вядзе цераз гарадзкія кінатэатры, і кожная
зь іх зачапляецца за замкавую гару, дзе я ў апошні час затрымліваюся
найчасьцей, пазіраючы звысок на места, што ляжыць ля маіх ног, і пачуваю
сябе як манарх... На замкавай гары я пачуваю сябе, быццам у воку тайфуна—дыхаю
спакоем узвышша, вакол якога ўжо трыццаць пяць год круціць вір майго
жыцьця.
Муж
маёй сястры Кларысы нядаўна прызнаўся мне, што перажывае крызіс прыстарэлага
веку—які быццам бы праяўляецца дакладна так, як мой крызіс сярэдняга
веку—сумам па кіназалях—цэлы дзень сядзеў бы ў кіно—незалежна ад таго,
што адбываецца на экране—сядзець у цемры, нікога ня чуць, нікому нічога
не казаць, ніхто на цябе не пазірае, нават немагчыма аб чымсьці ўпотайкі
разважаць, таму што цябе паглынае агромністая праекцыя на экране. Часам,
аднак, я адчуваю, што кіно цяпер ня тое, што некалі.
Напрыклад раней людзі ў кіно ўвесь час ня жэрлі, і ў іх не званілі ўвесь
час мабілы, як у гэтай дзяўчыны, што ў крэсьле побач са мной. Ужо дванаццаць
разоў у яе зазваніў тэлефон, а яна яго ўжо дванаццаць разоў узяла й
дванаццаць разоў сказала: У кіно.
Надоечы
я ехала ў трамваі, і каля мяне сядзеў хлопец, які меў падобную праблему,
увесь час у яго званіў мабіл, і шторазу ён яго браў і адказваў: У трамваі.
Божа...
кажа дзяўчына ў кіно, калі тэлефон зазвоніць у трынаццаты раз—ды выключы
ты яго... скажа ёй хлопец, які сядзіць побач зь ёю з другога боку й
трымае яе за вольную руку. Не хачу я яго выключаць!, пачне крычаць на
яго дзяўчына. Чуеш? Не хачу!
І тут мне насамрэч здаецца, што гэта той хлопец з трамвая. Калі яны
выйдуць з кіно, дык пачнуць адно з адным размаўляць:
—У кіно.
—У трамваі.
—У кіно.
—У трамваі.
—У кіно.
—У трамваі.
Кларыса сказал мне, што яна заўважыла, што эмансіпаваныя жанчыны называюць
свой тэлефон не мабіл, а мабілька. Некаторыя жанчыны заўсёды маюць чым
вас зьдзівіць.
Узяць напрыклад саму Кларысу, калі я бачу, як яна ўначы скача па нашым
месьце на хрыбце свайго залатога хорта, у адной руцэ бутэлька ружовага
віна, у другой Булгакаў, і пры гэтым сьпявае браціслаўскім стрэхам:
я ня лань, я ня лань, я зачараваная прынцэса. Я пазіраю на ейныя па-рыцарску
вострыя боты, і не магу вытурыць з галавы вершык:
У сядле, у сядле, у сядле,
Дзень і ноч, ноч і дзень, дзень і ноч.
У сядле, у сядле, у сядле.
Гэтак я скачу цэлымі начамі, калі мы сядзім удваіх на адным крэсьле.
Я й мужчына зь ніткамі замест валасоў. З кальчугай, таропка нацягнутай
да кален. З прылбамі на закінутых назад галовах.
Калі б у мяне ў той момант зазваніла мабілька, я б узяла яе й сказала:
У сядле.
Час
у нашым месьце мае для ходзьбіта вялікую значнасьць. Асабліва калі ён
у розны час праходзіць тымі й іншымі месцамі. Сёньня цэлы дзень мае
шляхі ў цэнтры места перасякаліся з адным вясёлым гандляром—ходзьбітам,
які прадае турыстычны даведнік “Дзе што ў Браціславе”—бадзяецца па месьце
з мноствам маленькіх часопісаў пад пахай і пакрыквае: Дзе што ў Бра-ці-сла-ве,
Wohin in Bra-ti-sla-va, Where to go in Bra-ti-sla-va... Ён блукае па
месьце, спатыкаючыся аб ногі жабракоў і сьпявае: новае дзе што, сакавіцкае
дзе што, дзе што, дзе штооооо.
Калі
пасьля апоўначы я выходжу з кіно й праходжу па старым месьце, я бачу,
як жабрак, што сядзіць ля мура Старой ратушы, устае, і гэтым сканчаецца
ягоны працоўны дзень, ён абтрусвае пыл з працоўнай робы й жвава крочыць
цераз вылюднелую Прымацыяльную плошчу. І адразу ж пачынае выстукваць
мыліцамі рытм самбы й нешта сабе сьпявае, мне патрэбны нейкі час на
тое, каб зразумець словы радаснай песьні, і гэтак я зноў трапляю ў рамкі
й кантэкст сёньняшняга браціслаўскага м’юзіклу: Новае дзе што ў нас,
вясеньняе дзе што, дзе штооооо.
Палац
прымаса-арцыбіскупа ёсьць адным з маіх найбольш улюбёных будынкаў. Калі
я была ўпершыню ў жыцьці напілася, дык якатала, што выйду толькі за
таго, хто прынясе мне з даху гэтага палаца кардынальскую шапку. Думаю,
што пячатка школьных экскурсій у межах акцыі “Спазнай сваё места” пазначыла
мяне на ўсё жыцьцё.
Мне што, адсячы сабе руку, каб ты мне паверыла?—пытаецца ў адным швэдзкім
фільме мужчына, ад якога сыйшла жонка, бо ён яе ўдырыў.
Клянуся, што больш ніколі цябе ня ўдыру. Мне што, адсячы сабе руку,
каб ты мне паверыла?
Сёньня ўначы ў мяне было такое адчуваньне, быццам падчас суложжа мужчына
зь ніткамі замест валасоў меў увесь час рукі ў кішэнях. У кішэнях нагавіцаў,
скурчаных на падлозе. Ці дзе. Ён мяне нават не дакрануўся, ня тое што
не прылашчыў. Таму ўжо сёньня ад раніцы я крочу туды-сюды. Адно індыйскае
выслоўе кажа, што праблемы вырашаюцца несупынным хаджэньнем. Калі я
была малая, я выцягнула гэтае выслоўе зь пірагу. Цяпер я крочу й спадзяюся,
што дзе-небудзь натраплю на ягоныя рукі.
Я
табе дам лусту хлеба, ты мне—кавалак пірагу, сьмяецца мужчына зь ніткамі.
Але там, дзе небясьпека, там і тое, што ад яе ратуе—выцягнула ў дзяцінстве
зь пірагу мая сястра Кларыса.
Пытаецеся, колькі мне спатрэбілася часу, каб зразумець, што калі ў мужчыны
замест валасоў ніткі, дык ягоная галава—маток? Думаеце, гэта лёгка пазнаць
паводле тужлівасьці, якая на ймгненьне люструецца ў кацячых вачах пры
поглядзе на яго?
Таму я пытаюся ў вас, бармэншы, што гэтак вялікадушна разбаўляеце мне
джын, у вас, справядлівыя шынкаркі, што блытаеце мяне з уласнай дачкой,
у вас, афіцыянты, што нахіляецеся нада мной і імкнецеся зазірнуць мне
ў вочы—што мне рабіць з усім гэтым часам—дакуль ягоныя валасы зноў не
расьцелюцца па маім целе. Што мне рабіць з вольным часам? Га?
Схадзі
ў шпіталь. Спытайся ў лекароў... Ляг у ложак... схілі галаву на падушку...
там табе будуць даваць лекі... самыя лепшыя—белыя... белыя таблеткі
дапамагаюць найбольш...
І вось я адчыняю шкляныя дзьверы шпіталя й сутыкаюся зь сятрой Рылькэ,
якая нясе на руках маленькага хлапчука, загорнутага ў піжамны чугай,
разьлічаны на дарослага. Хлапчук—адзінае дзіця на мужчынскім аддзяленьні.
Здаецца, пры гульні ён выкалаў сабе вока. Ачмурэлы пасьля апэрацыі,
ён калоціцца й паўтарае: Тата, я баюся. Тата, я страшэнна баюся.
Колькі гадзінаў пазьней ён стаіць з татам у чарзе дарослых мужчын, што
чакаюць на кроплі.
Не хачу кроплі! Ад кропляў у мяне покне вока. Не хачу кроплі. Хачу бачыць.
Мужчыны цьвеляцца зь ягонага крыку, але зь ягоным меркаваньнем па сутнасьці
згодныя. Ён—Прарок. Архангел Габрыэль з запаленым тварам і мячом.
Ідзіце вы ўсе ў сраку!, крычыць русявы Габрыэль на лекарку.
Ну, а гэта мне што такое?, кажа лекарка. Як гэта ўсе? І ня сорамна табе?
Ды яшчэ й пры тату!
Ат, тата! І тата хай ідзе ў сраку!, хлапчук вырываецца з рук лекаркі
і ўцякае ад яе па калідоры.
За некалькі секундаў ён губляе прытомнасьць. Ён выглядае як анёл, які
прарочыць.
Ну ня ведаю, ня ведаю, ці дамо мы яму тут рады, спадар Карамазаў, кажа
лекарка бацьку, які раззлавана маўчыць, асьцярожна ўздымаючы хлапчука
на руках з халоднага лінолеўма.
Кожны анёл у чымсьці жахлівы—мімаходзь заўважае сястра Рылькэ.
Ад
таго часу, што адна з маіх вяровак праходзіць цераз шпіталь, прызнаюся,
што сачу за жыцьцём доктаркі Гогенлоэ зь вялікай цікавасьцю.
Кларыса кажа, што ў ёй ёсьць штосьці трагічнае. Я лічу, што гэта таму,
што ейны муж—папулярны сьпявак...
Ведаеш, той, што ўвесь час сьпявае пра суседа—тлумачу я Кларысе.
Пра суседа?
Ну ў той песьні ўвесь час бясконца паўтараецца, што каханьне, жыцьцё
й наогул усё—so sad, so sad, so sad—карацей, сусед... Кларыса сьмяецца,
я бяру яе пад руку. Часам у мяне такое адчуваньне, што я—ейны старэйшы
брат. То бок, адчуваньне такой сама бездапаможнасьці.
“Нічога не баяцца й здолець усё вытрымаць, вось у чым рэч,” напісаў
Гёльдэрлін у лісьце да сваёй мамы. Нічога не баяцца й здолець усё вытрымаць,
вось у чым рэч. Напісала я ў лісьце да мужчыны зь ніткамі.
У галаве—пуста, у страўніку—пуста, у ложку—пуста, сьпявае ў адной са
сваіх песьняў муж доктаркі Гогенлоэ: Трэба нешта выпіць, мне ўвесь час
так зімна, але як пасьля спыніцца, трэба зьесьці нешта салодкае, я ўвесь
час такі нэрвовы, але як пасьля спыніцца, трэба некуды патэлефанаваць,
усё адно куды, у каго-небудзь спытацца, але як пасьля спыніцца...
У кліпе здымаецца адзін славацкі актор, які ў сямідзесятым годзе эміграваў
у Аўстралію, таму што, маўляў, ня мог жыць бяз музыкі й хацеў мець кружэлкі,
касэты, кампакты й якасную апаратуру—моцныя дынамікі, якасны ўзмацняльнік,
адным словам добрую стэрэасістэму, добры гук. Цяпер яму семдзесят гадоў,
і ў яго ёсьць усе тыя кампакты, якіх ён так прагнуў, і якасная стэрэасістэма,
з-за якой ён эміграваў. Сядзіць сабе ў хаце поўнай добрага гуку й раве
ад бязмоцы.
Калі
праз сорак гадоў аўстраліец наведвае Браціславу, ён пытаецца: Дык дзе
ў вас тут у Браціславе якая добрая рэстарацыя?
Нідзе—адказваем хорам мы з Кларысай.
І што ж вы безь яе робіце?
Самі гатуем.
Часам
у мяне адчуваньне, што мужчына зь ніткамі—мая каханка. З-за таго, што
ён забываецца абстрыгаць пазногці, а потым драпае мне плечы, рукі й
сьпіну. З-за таго, як ён часам ня хоча кахацца, але лепей бы проста
размаўляў ды сьмяяўся. У мяне часам такое адчуваньне, што мужчына зь
ніткамі—мая каханка. Але толькі да таго часу, пакуль я гэта ўсё не пералічу:
вазьміце прынамсі хуткасьць ягоных бакоў.
Скакаць, скакаць, скакаць,
дзень і ноч, ноч і дзень, дзень і ноч.
Скакаць, скакаць, скакаць.
А пакуль што я сяджу ў гэтым брудным бары і абдымаю рукою крэсла. П’ю
джын і заядаю яго кітайскімі пірагамі, якія у рэстарацыі падаюць у якасьці
прыкускі, а ў іх запечаныя цыдулкі зь нейкімі паведамленьнямі. Сяджу
ў кампаніі, жартую без ахвоты, але ўсё ў мяне атрымліваецца—зрэшты,
як заўсёды, калі я раблю нешта без ахвоты. Забаўляю цэлы стол—тузін
вельмі важных мужчын. Кларыса таксама ад мяне проста на ўлёце. Я цалую
яе ў шчаку й называю Прастадушнай. Сьмяюся, ня могучы перастаць—аднойчы
я гэтак памру ад сьмеху. Пры гэтым з нутранога боку шчок у мяне цякуць
сьлёзы. Я ўжо ведаю, як іх адводзіць—проста за вушы—за плечы, па сьцёгнах
і адтуль проста ў ногі. Зараз іхны ўзровень сягае мне недзе па лыткі.
Рызыка ўзьнікае тады, калі ўзровень сьлёз дасягае каленяў. Тады пры
адыходзе ў прыбіральню й вяртаньні зь яе немагчыма заглушыць лёгкі плёскат,
які адразу падаецца некаму падазроным. Паслухай—чуеш? Нешта ў цябе там
плёскаецца. Ці гэта часам ня сьлёзы ў нагах?
Мне трыццаць пяць год, і я—канатаходка. Калі б у месьце, дзе я жыву,
нацягнулі сем роўных даўгіх канатаў, яны азначылі б усе мае шляхі й
паглынулі кожны мой сьлед. Сёмы канат вядзе цераз возера й праходзіць
усяго некалькі сантымэтраў пад ягонай цёмнай начной паверхняй.
Уначы возера на нейкі момант здаецца даволі падобным да нафты. Мне коўзка,
і ў мяне пад нагамі запальваюцца электрычныя скаты. Нехта кліча мяне
на дапамогу:
Скакаць, скакаць, скакаць,
Дзень і ноч, ноч і дзень, дзень і ноч.
Скакаць, скакаць, скакаць.
Скакаць. Мужчына зь ніткамі ўжо даўно ўдома. На паверхні возера люструецца
сьвятло ягонага вакна. Я ўваходжу ў яго без перашкодаў і без дазволу.
Без суправоду разьбітага шкла.
Музычнае ўтварэньне
Мяне
зваць Эмма, і я йграю ў Праскім сімфанічным аркестры. Дагэтуль я працавала
вядучай дзіцячай радыёпраграмы, але сёньня я ўжо ведаю, што граньне
на трохкутнічку й стракатае жыцьцё ў вялікім музычным утварэньні мне
больш пасуюць.
Хаця нельга адмовіць дзецям у здольнасьці мяне разьвесяліць. Тэмай маёй
апошняй радыёпраграмы было жытло. Дзеці, якія званілі ў студыю, жывуць
у панэльных шматпавярховіках, а хочуць жыць у прыватным дамку. Яны мараць
мець удома зьвярка, а бацькі тлумачаць ім, што зьвяркі ня могуць жыць
у шматпавярховіку.
Толькі адна дзяўчынка ў нашым месьце хоча жыць не ў прыватным дамку,
а ў кватэры на 80 паверсе якога-небудзь высокага хмарачосу. У такім
выпадку ў яе будзе добры выгляд на далячыні, і яна цэлымі днямі будзе
назіраць за зьвяркамі. Бо калі вы за нечым цэлымі днямі назіраеце, дык
каму яно больш за ўсіх належыць? Ну вам жа й належыць!—крычыць нарэшце
дзяўчынка й бразгае з усяе моцы слухаўкай.
Вечная
праблема, зьвязаная зь дзіцячай радыёпраграмай—гэта тое, што ў студыю
шторазу пачынаюць тэлефанаваць дарослыя, якія прыкідваюцца дзецьмі.
Потым усё адразу робіцца несправядлівым, бо дарослыя ўвесь час выйграюць
у сапраўдных дзяцей, таму што яны разумнейшыя, лепш умеюць разгадваць
рэбусы, чытаць напамяць вершы, дый нашмат больш прафэсійна сьпяваюць.
Гэтак яны выйграюць усе прызы, а дзецям нічога не застаецца. І ў апошні
раз у мяне было такое адчуваньне, што міні-пазл з Гарры Поттэрам, печыва
з Гарры Поттэрам, школьны ранец з Гарры Поттэрам і дзіцячую скамеечку
з Гарры Поттэрам выйграў нейкі таленавіты саракагадовы бізнэсмэн.
Госьцем
маёй апошняй праграмы быў Праскі сімфанічны аркестр, зразумела ж, ня
ўвесь, а толькі чатыры ягоныя музыкі, і сярод іх Рэбэка—віяланчэлістка
з накаротка пастрыжанай залатой галоўкай, якая зайграла для дзяцей вясёлую
п’есу для сольнай віяланчэлі Рымскага-Корсакава са сьмешнай назвай “Палёт
чмяля”.
А што б ты сказала наконт трохкутнічку?, сур’ёзна спыталася ў мяне Рэбэка
на разьвітаньне, і гэтае пытаньне сталася пачаткам нашага сяброўства.
Аднак
сур’ёзна я пачала яе ўспрымаць ажно пасьля нашай першай супольнай паездкі
на прыроду. Мы ехалі на роварах, а наперадзе нас бег Рэбэччын сабака
Гарбарэк. Для Гарбарэка гэта была крыху залішне наможыстая паездка.
Залішне доўгая й залішне сьпякотная. Рэбэка яго шкадавала.
Як ты лічыш? Яна саскочыла з ровару й азірнулася на мяне. Няблага было
б, каб у Гарбарэка быў такі гузік, мы б на яго націснулі, і ён ператварыўся
б у каня?
Ня ведаю, скажу табе шчыра, я аб гэтым яшчэ ня думала—адказала я Рэбэцы.
А потым, калі б мы захацелі... мы б яго зноў націснулі, і з каня зноўку
стаўся б сабака Гарбарэк... А калі б мы захацелі пасьмяяцца, мы пачалі
б націскаць яго хутка-хутка, без супыну: конь-сабака-конь-сабака-конь-сабака...
Ажно дакуль нам голаў не закруціўся б...
Рэбэка прадумвае рэчы дасканала, з усімі наступствамі, а ейныя адносіны
да сьвету ільга азначыць словамі “шчырая зацікаўленасьць”.
Чым
бліжэй да нас лета, тым больш часу я праводжу з Рэбэкай. Удзень мы купаемся
ў возеры, увечары ў нас канцэрт, а калі не, дык мы йдзем у кіно, а раніцай
засынаем разам, рука ў руцэ, стомленыя віном і доўгай размовай. Сёньня
мы вярнуліся з кіно, і Рэбэка сказала, што сёньняшні фільм быў для яе
ажно занадта мастацкі.
Ён належаў да таго тыпу фільмаў, якія мая мама апісвае наступным чынам:
гэта такі фільм, дзе ён ідзе, ідзе... падыйдзе да вакна, пазірае ў яго,
пазірае... усё пазірае... і раптам бачыць яе... яна йдзе, ідзе... ідзе
па вуліцы... спыніцца й стаіць... стаіць... павольна ўздымае галаву
й пазірае на яго, пазірае. Ён думае... яна думае... па вуліцы павольны
вецер гоніць лісьце, гоніць, гоніць... Мы сьмяемся. Рэбэка таксама сьмяецца.
Мая
мама—італьянка, і ейны характар найлепш перадае мяккі гук імёнаў, якія
італьянцы даюць макаронам—тлумачыць Рэбэка. Мама—гэта фэттучынэ, фарфаллэ,
паппардэллэ, гарганэллі, тальятэллэ. А мой бацька—шэф-кухар у гатэлі
ў Лозанне. Скаціна—але добра гатуе.
Калі я яшчэ хадзіла ў школу, ён заўсёды даваў мне з сабою кавалак торту.
За партай са мной сядзеў Яўген Плачка, той што зараз з намі йграе ў
аркестры... Тады ён быў самы малы ў класе й яго абзывалі карлам. А калі
мы хадзілі катацца на санках, дык за гэты кавалак торту Плачка быў гатовы
цягаць мяне на санках паўдня. Прычым нават на горку. Пры гэтым ён яшчэ
сьмяяўся і ўвесь час азіраўся на мяне. У яго былі вялізныя вушы, і ён
сьмяяўся як шчаня.
Рэбэка—красуня.
Калі яна ўсьміхаецца, ейныя вусны падаюць мне проста ў вочы. Як надзвычай
доўгая чупрына. Спрабую бараніцца. Часам нават азіраюся паабапал, ці
хто мяне ня бачыць.
У
нашым музычным утварэньні апроч Рэбэкі ёсьць яшчэ адзін віяланчэліст—Яўген
Плачка, Рэбэччын сябра дзяцінства. Аднойчы ён мяне паклікаў і сказаў,
што ў яго з Рэбэкай шматгадовыя сур’ёзныя адносіны, якія хутчэй за ўсё
скончацца цудоўным шлюбам, і што маё зь ёй сяброўства яго нэрвуе. Калі
ён бачыць, як мы пазіраем адна на адну цягам канцэртаў, яму хочацца
кінуць граць і аддубасіць нас смыком...
Гэта
ён мне гаворыць на вечарыне ў ягонай вялікай сучаснай кватэры. Сам-насам
зь ім у кухні. Два супернікі. Калі мы там стаім, памяшканьне здаецца
мне неверагодна вялікім у параўнаньні з намі—як казаў мой бацька—толькі
ў Канадзе я зразумеў, што такое сапраўдная адлегласьць.
Зьлёгку
апіраюся плячом на лядоўню. На бліскучых сьлізкіх дзьвярах—карцінкі
некаторых небясьпечна здаровых прадуктаў (вотруб’е, клопці, кольрабі),
а пад імі надпіс: ЯК МАЕЦЦА ТВАЯ ТЛУСТАЯ КІШКА? Ад торта лазанскага
кухара не засталося ані крышынкі...
Цягам размовы Яўген Плачка ўвесь час строга пазіраў на мяне са сваёй
двухмэтровае вышыні. Высокі карла—падумала я.
Карла, што вырас у вышыню—мабыць жартуе Рэбэка.
Пасьля
гэтага інцыдэнту мы йдзем з Рэбэкай на начны канцэрт. Упершыню ў якасьці
слухачак. Мы чуем, што крыху спазьняемся, музыка плыве нам насустрач.
У залі ня можам знайсьці два вольныя крэслы, каб былі побач адно з адным.
Рэбэка сядае ў першым шэрагу, я ў сёмым. Мы губляемся сярод цалкам чужых
людзей і слухаем.
Адзін з рэфлектараў асьвятляе цемя Рэбэччынай галоўкі й ператварае яго
ў залаты німб. Ад ягоных водбліскаў мне пачынае быць зьлёгку млосна.
Прымружваю вочы, і вакол зіхоткай Рэбэччынай галавы дадаткова ўзьнікае
рой сьветлавых пялёсткаў (у падручніках па фізіцы яны ілюструюць магнетычныя
й электрычныя палі). Музыкі кланяюцца. Успацелыя рукі ўцінаю ў парэнчы
крэсла. З каханай галоўкі ў партэры сталася сцэна.
Гэтыя
пасьляканцэртныя дрыжыкі я памятаю зь дзяцінства—сказала мне Рэбэка,
калі адчула рукой гусіную скуру на маёй шчацэ. Я таксама іх памятаю
з твайго дзяцінства, сказала я ёй. Рэбэка вельмі чуйная, і толькі дзякуючы
ёй я ўсьвядоміла, што чуйнасьць ёсьць, уласна, толькі найвышэйшай формай
інтэлекту—чалавек паўзучы—чалавек гарбаты—чалавек-прамаход—чалавек выпрастаны—чалавек
разумны—чалавек чуйны.
У
тую ноч пасьля канцэрту ад узбуджанасьці мы няздольныя спаць. Мы больш
маўчым, чымся размаўляем. Кладу галаву Рэбэцы на грудзі. Нічога іншага
не існуе.
Калі
Рэбэка зьлёгку кране далоняй маю ключыцу, мой твар залье чырвань, а
сьцёгны задрыжаць, як быццам паміж імі ў кожны момант павінна зьявіцца
зорка. Я азорваю сьвет. Нашае каханьне набірае хуткасьць. Для жорсткасьці
гэтага ўсёпаглынаючага каханьня класічнай музыкі ўжо недастаткова. Таму
мы з Рэбэкай сыходзім з аркестру й засноўваем уласны рок-гурт. Пераход
з трохкутнічку на бубны ёсьць для мяне такім сама натуральным, як погляд
на Рэбэку, схіленую над электрычнай гітарай.
У
нашым крыху перарывістым дыханьні ільга час ад часу ўчуць шалёны рытм
музыкі. Калі падчас выступу нашыя погляды сустрэнуцца на доўгі час,
я пачынаю патанаць у ейных вачах, і мае бубновыя кійкі перастаюць трапляць
на пластыкі й талеркі. З заплюшчанымі вачамі я пацаляю проста ў сусьвет.
АААА ўдар.
Галавакружны
посьпех нашага гурта зразумелы сам сабой. Нас запрашаюць на канцэрт
у Ню-Ёрк, мы едзем. На 80-ым паверсе хмарачосу ўжо пры расстаўцы апаратуры
нас апаноўвае непадкантрольнае й эйфарычнае пачуцьцё свабоды. Я дзесьці
чула, што людзі, якія жывуць высока ў гарах альбо на пагорках ёсьць
таксама больш свабоднымі, у іх большы кругагляд і абсяг. Вышыні надаюць
ім адвагу.
Напрыканцы
канцэрту мы йграем песьню “Поўныя вуліцы”: Я хачу, каб табой былі поўныя
вуліцы майго места. У некаторых зь іх ты пазьбягаеш сама сябе, быццам
вагітнай, сыходзіш са свайго шляху. У іншых ты налятаеш сама на сябе
з рэзкай безуважнасьцю маладых людзей. Я хачу, каб табой былі поўныя
вуліцы майго места. Табооооой.
Апладысмэнты.
Са шклянкай віна ў руцэ я бадзяюся па 80-ым паверсе ў пошуках схованкі
для нас з Рэбэкай, каб і сёньня нашае каханьне магло спраўдзіцца. Мы
апынаемся ў вялікім і цалкам пустым памяшканьні. Толькі пасярэдзіне
стаіць вялікая шафа з арэхавага дрэва. Калі доўгі час пазіраць на арэхавае
дрэва, дык ягоныя рыскі, выгбы й цёмныя плямы пачынаюць утвараць вобразы,
а праз некалькі гадзін з вобразаў стаюцца гісторыі.
Спрабую даведацца, што ў гэтай шафе. Але яна зачыненая. У адрозьненьне
ад дзьвярэй памяшканьня, якія хаця й ільга зачыніць, але нельга замкнуць.
Мы возьмем шафу ў абдымкі й заслонім ёю дзьверы.
Калі
пасьля каханьня з Рэбэкай мы прачынаемся, дык бачым, што ўжо надыйшла
раніца. Я зноўку схаплю шафу ў абдымкі й спрабую адсунуць яе ад дзьвярэй.
Аднак не магу пасунуць яе ані на мілімэтр. Не атрымліваецца гэта ані
з Рэбэччынай дапамогай. Дзьверы загароджаныя. Мы стаім твар у твар зь
нерухомай арэхавай шафай, поўнай вобразаў, якія перацякаюць адзін у
адзін. Па нашых голых запясьцях і сусчэпах выгінаюцца тлустыя ланцугі
карцінаў і кайданы малюнкаў.
Лета
за вакном кульмінуе. У шафе пачынаецца непазьбежны й назолісты “Палёт
чмяля”.