З "Нататніку Графамана":

“Бела”—ці “русы”?

 

 

 

Пытаньне, якое ёсьць праявай беларускай падвоенасьці, трагікамічным чынам утрыманае ў самім іхным этноніме. Паводле гістарычных абставінаў абедзьве марфэмы набываюць розныя значаньні: каталікі ці праваслаўныя, заходнікі ці ўсходнікі, правыя—левыя й г.д. Тое ж самае пытаньне й выносіцца (праўда, з загадзя вядомым адказам) на рэфэрэндум беларускім прэзідэнтам. “Хто вы?”, пытаецца прэзідэнт, нібы перафразуючы Купалу. І сам сабе адказвае: “Беларусы”. Толькі што слова “беларусы” прэзідэнт традыцыйна вымаўляе з выразным акцэнтам на ягонай другой частцы, тым часам як першай зусім не чуваць.

Што азначае сёньня гэтае “русы”? На шчасьце, за адказам далёка хадзіць ня трэба: варта сапраўды зірнуць у суседнюю Расею. “Быць асобай” у Расеі па-за межамі дзяржаўных інстытуцыяў традыцыйна неяк не прынята: быць “прыватным чалавекам” (Бродскі) не было пры царызме лягчэй, чым пры бальшавізме. А менавіта на гэтым “прыватным чалавеку” трымаецца заходняе грамадзтва. У Расеі чамусьці адвеку існуе перакананьне, што быць гэткім “прыватнікам” ільга толькі “за кошт” калектыву. У чым прычына такога калектывізму—ці то ў праваслаўнай “саборнасьці”, ці то ў сялянскай “абшчыне”, ці то яшчэ ў чым—няма ведама, дый неістотна. Так ці йначай, дзяржаўнай палітыкай Расеі заўсёды быў мэтаскіраваны адбор усіх меней-болей таленавітых адзінак і іхная элітная, “янычарская” адукацыя ў духу сьляпой адданасьці дзяржаве, паводле лозунгу “Гардемарины (пазьней—коммунисты), вперёд!”. Варта было памыліцца, адыйсьці ад гэтага прынцыпу, пусьціць рэчы з-пад кантролю—і ўжо 14 сьнежня на Палацавай плошчы стаялі “бунтаўшчыкі”. Ад таго часу расейскае дваранства было цалкам падпарадкаваным дзяржаве. Асобныя ягоныя прадстаўнікі—Герцэн, Бакунін, Крапоткін—вымушаныя былі шукаць шчасьця за мяжой. Варта было вырасьці цалкам новаму саслоўю, разначынцам-буржуа, каб штосьці ў Расеі пасунулася зь мёртвай кропкі ў бок дэмакратыі.

Менавіта таму ў Расеі заўсёды была такая моцная дзяржаўная ідэялогія—яна (як і суседні іслам) трымалася на моцных і здатных адзінках (такіх як, напрыклад, Пуцін). Аднак усе гэтыя адзінкі, як адзін чалавек, былі індактрынаваныя дзяржаўнай ідэялогіяй, будучы гэтак ейнымі галоўнымі носьбітамі. Гэтая цалкам іррацыянальная ідэялогія, добра нам вядомая ў выглядзе савецка-рускага мэсіянізму, дае сапраўднае права разглядаць Расею як асобную “цывілізацыю” (ці хутчэй—ідэялагічны рэлікт, кантынент, які адкалоўся ад сучаснасьці й паплыў ня ў той бок), якая здолела стварыць і паставіць сабе на службу адмысловую “касту асобаў”. “Асобы” гэтыя маглі быць асобамі ня самі па сабе, паасобку, а толькі калектыўна, усе разам. Даўней гэта было дваранства, пазьней—камуністы, зараз, магчыма—колішняе КГБ. Гэтаксама як богаабранасьць цара распаўсюджвалася на шляхту, гэтак “богаабранасьць” рускай дзяржавы адвеку распаўсюджвалася на ейных функцыянэраў. Цікава, што нават крымінальны сьвет капіраваў гэтую мадэль, лічачы “людзьмі” толькі тых, хто “трымаецца паняцій”, а ўсіх астатніх—“фраерамі” й г.д.

Наўрад-ці ільга з поўнай рацыяй лічыць сучасную Расею “каставым” альбо карпаратыўным грамадзтвам—але дакладна, што менавіта такое каставае, фэадальнае па сутнасьці грамадзтва будуе зараз у Беларусі вялікі прыхільнік Расеі (не як краіны, а менавіта як ідэі), прафэсійны савецкі індактрынатар Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнкаўская дзяржава трымае асобу й асабістую ініцыятыву ў яжовых рукавіцах. Як тая Борхэсаўская латэрэя, яна выдае ліцэнзіі, дазволы, дыпломы, кантракты практычна на ўсё. Хочаш быць настаўнікам? Адпрацуй на бульбе й па разьмеркаваньні. Хочаш быць адвакатам? Атрымай ліцэнзію. Хочаш выдаваць газэту альбо заснаваць партыю? Зарэгіструйся. Хочаш працаваць? Падпісвай кантракт. Існуе адзіная каста, якая пазбавіла сама сябе неабходнасьці прасіць на што-небудзь дазвол: гэта каста дзяржаўных функцыянэраў-мандарынаў, новая беларуская шляхта, якая замяніла на ейных пазіцыях КПСС. Усялякая прыватная ініцыятыва (як эканамічная, так адукацыйная) душыцца ў корані як небясьпека выхаваньня новай, альтэрнатыўнай “касты асобаў”, якая можа расхістаць дзяржаўную манаполію на асабістасьць. Таму перадумовай “быцьця асобай” у Беларусі ёсьць (і гэта, на жаль, зусім не мэтафара) вернасьць дзяржаўнай сістэме, распрацаванай ёю ідэялогіі ды ейнаму правадыру. Хочаш “быць чалавекам”, па-заходняму кажучы—карыстаць з “правоў чалавека”? Быць грамадзянінам Беларусі для гэтага зусім не дастаткова, як на Захадзе. Трэба быць вернападданым—для гэтага дастаткова пасіўнага маўчаньня, якое традыцыйна інтэрпрэтуецца як знак згоды. З гледзішча дзяржавы Юлія Несьцярэнка сталася нацыянальнай гераіняй не тады, калі насуперак прадбачаньню “мудрага” правадыра выйграла залаты мэдаль у Афінах, а тады, калі публічна выявіла сваю падтрымку ягонаму рэжыму—цяпер ёй афіцыйна дазволена “быць асобай”, іншымі словамі—папросту быць сабой.

Такім чынам, быць грамадзянінам Беларусі—гэта ня быць нікім, альбо дакладней—быць Нікім, “тутэйшым”, як і сто гадоў таму. Гэта азначае проста плаціць падаткі, выконваць законы, трымаць язык за зубамі ды ціха радавацца з чаркі ды шкваркі. Думаю, што адмовіцца ад такога грамадзянства павінна быць зусім нескладана—чалавек пры гэтым вызваляецца ня проста з-пад прыгнёту абставінаў свайго нараджэньня, а з-пад фэадальнага прыгону каставай сістэмы, карані якой сягаюць у гісторыю рускай імпэрскай “цывілізацыі”. Гэтая сістэма не трывае асобаў, адметнасьцяў, адхіленьняў. Таму цалкам зразумела, што рацыянальным беларусам (калі забыцца пра Чачню, небясьпеку тэрарызму, сацыяльную неўладкаванасьць і г.д.) зь ідэялагічнага гледзішча практычна ЎСЁ АДНО, быць падданымі беларускай ці рускай дзяржавы—розьніцы няма амаль што ніякай, і чым далей, тым яе меней.

Захаваньне беларускай незалежнасьці сёньня—капрыз беларускага прэзідэнта. Пажыцьцёвасьць ягонай улады можа вельмі проста стацца гарантыяй беларускай незалежнасьці, але ад гэтай незалежнасьці беларусам будзе ня холадна й ня горача, як і дагэтуль: пры такой незалежнасьці ад беларускага народа, як паказваюць вынікі рэфэрэндуму, нічога не залежыць, як у тым анэкдоце. Такім чынам, цяперашняя моцная дзяржава ёсьць адначасова і гарантам незалежнасьці, і значнай перашкодай на шляху да ператварэньня беларускага грамадзтва ў адкрытае, з “русаў” у “бела”. Вось такі амаль невырашальны парадокс.

Шмат тых, хто лічыць сябе беларускім патрыётам, разумее важнасьць Лукашэнкі для захаваньня ідэі незалежнай Беларусі, а некаторыя нават бачаць у ім яе адзінага гаранта. Падзяляючы з Лукашэнкам ягоную “рускасьць”, яны жадаюць бачыць беларусаў перадусім моцным калектывам, зь якога ўсялякім там асобам лепей не высоўвацца, каб не “расхістваць” крохкага й ня так ужо даўно ўзьніклага нацыянальнага адзінства. “Адзінка—нуль”, цытуюць яны Маякоўскага, згадваючы ў дадатак вядомую дзіцячую байку Льва Талстога пра венік. Чалавек зь вялікай літары, нацыянальны Адам Кадмон, усевідушчы Бацька, Індывідуўм, Левіяфан, міфічны Асілак у нас адзін—прэзідэнт; усе астатнія ёсьць толькі ягонымі прыладамі, інструмантамі, часткамі ягонага цела. Можа, і ня ўсе згодныя з палітыкай Лукашэнкі—але гэта не азначае, зь іхнага гледзішча, што яны не павінны яго падтрымліваць.

Вось такі першабытны мэнталітэт. Як з такой сьвядомасьцю будаваць дэмакратычнае буржуазнае грамадзтва? Дзеля каго—дзеля той нязначнай меншасьці людзей, якія жывуць у ХХІ стагодзьдзі й думаюць іначай? Для тых, для каго Лукашэнка—гэта менш, чым нуль? А што, калі яны памыляюцца ў сваіх спадзяваньнях на саміх сябе? А што калі яны памыляюцца ў тым, што пражывуць “без цара”? Што тады будзе зь Беларусьсю—ды што там зь Беларусьсю, галоўнае—з намі, з астатнімі, з бальшынёй, з аморфным калектывам тых, хто ня хоча, ня будзе, не зьбраецца зарабляць грошы альбо рабіцца самастойнай асобай, з тымі, каму прасьцей быць як усе, бо яно насамрэч так зручней? Ці ня лепшая “сініца ў руцэ”?

Пытаньне, такім чынам, ня толькі “як”, але й “калі”—калі нарэшце надыйдзе час пазбавіцца Лукашэнкі так, каб захаваць незалежнасьць і зрабіць крок у бок грамадзтва, якое нарэшце заплюшчыць “усевідушчыя” вочы й з нутраным скалананьнем дазволіць асобе быць сабой: ня толькі мець свае ўласныя, неадпаведныя ўладным погляды й меркаваньні, але й цалкам законна выяўляць іх на выбарах, сходах, у сродках масавай інфармацыі?

Ды што дзяржава—нават у дэмакратычных палітычных партыях няма сапраўднага плюралізму. Прычына—у адукацыі і ў дзяржаўнай манаполіі на адукацыю, у скрайняй ідэялагізаванасьці сярэдняй школы. Чаму ў нас так любяць заняткі літаратурай і наогул гуманітарныя дысцыпліны? Менавіта таму, што гуманітарныя дысцыпліны даюць хоць нейкую прастору для дыскусіі й самавыяўленьня, якой гэтак бракуе ў грамадзтве. Менавіта таму, напэўна, бальшыня найбольш адданых прыхільнікаў дэмакратыі—прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, людзі, якім свабода патрэбная ў якасьці перадумовы іхнай прафэсійнай дзейнасьці.

Але чым больш дзяржава (школа, начальства й г.д.) закручвае гайкі й прэтэндуе на веданьне ў апошняй інстанцыі, тым большую нянавісьць да сябе выклікае. Гэта, відаць, зразумеў і Лукашэнка, калі даў загад “зьменшыць” колькасьць прапрэзідэнцкай рэкламы перад рэфэрэндумам. Гэтак ён выявіў сябе не як палітык, не як дэмагог і не як псіхолаг, а менавіта як тэхнолаг ад улады, “прафэсійны ўладар”: цяпер ён ня дбае аб тым, каб любым коштам стварыць у грамадзянаў сваёй краіны ілюзію свайго ўсёведаньня (як гэта робіць, зрэшты, кожны палітык), цяпер ён у гэтым сваім усяведаньні ўпэўнены сам—ён толькі патрабуе крыху лепей яго маскаваць, каб залішне не дражніць ім народныя масы. Значыцца, адначасова ён у глыбіні душы упэўнены ў “тупасьці” гэтых масаў—іначай кажучы, у тым, што яны яго не падтрымліваюць, бо ня могуць зразумець ягонай “геніяльнасьці”. (Дасьць бог, гэтая ягоная ўпэўненасьць з часам адаб’ецца на ягоным жаданьні імі кіраваць.) Значыцца, вышэйзгаданы масавы мэнталітэт у Беларусі ўсё-ткі паступова вымірае? Значыцца, пачаўся зваротны адлік Лукашэнкавага часу ва ўладзе?

У Лукашэнкі скончыліся ідэі. Дзяржаву сваіх мараў ён ужо пабудаваў, але, як кожная утопія, яна (якая няўдзячнасьць!) зусім не сустрэлася з натхнёнай рэакцыяй народных масаў, ад і ў імя якіх ён узыходзіў на пасад. Цяпер, паводле Лукашэнкі, засталося толькі толькі “паставіць на канвэер” мэханізм самарэпрадукцыі гэтай дзяржавы й пачаць будаваць ёй прыжыцьцёвыя помнікі—усялякія палацы, стадыёны й г.д. Фактычна, Лукашэнка ўжо цяпер знаходзіцца на пэнсіі—чым як не ганаровай пэнсіяй ёсьць пажыцьцёвае прэзідэнцтва?

Магчыма, гэта й wishful thinking, але гэты рэфэрэндум, магчыма, быў апошнім магутным усплёскам Лукашэнкавай моцы. Бо нічога новага гэтая сістэма ўжо няздольная спарадзіць: яна здольная спараджаць толькі дзеля свайго захаваньня, а цяпер ёй ужо нічога не пагражае. Адцяпер жыцьцё беларусаў ператворыцца ў спрэсную дэжа-вю, у бясконцы паўтор ужо вядомага матэрыялу. Пачынаецца новая мініэпоха лукашэнкавай дзяржавы, імя якой—“застой”. Ад гэтага застою яго можа “ўратаваць” толькі ўваходжаньне ў склад Расіі—але Лукашэнка не самагубца, каб рабіць гэта ў такія неспакойныя часы. Яму застаецца адно: у забыцьці й самоце на сваёй “выспе разьвітога сацыялізму” пакрыёма ператварацца ў Фідэля Кастро, які даўно перастаў быць жывым чалавекам і ператварыўся ў жывы анахранізм—штосьці, чаго ўсе хочуць як мага хутчэй пазбавіцца, каб магчы аб ім назаўжды забыцца.

Неўзабаве, калі ўсе Лукашэнкавы намеры, планы й памкненьні зробяцца відавочнымі й сьмешнымі кожнаму, абсалютна кожнаму беларусу, калі не застанецца нікога, хто б зь яго не сьмяяўся, незалежна ад ягонага палітычнага перакананьня; калі не застанецца нікога з тых пэнсіянераў і ветэранаў, хто ўспрымае яго сур’ёзна й бачыць у ім “уратавальніка”, “бога” й г.д.—тады лукашэнкаву РБ спасьцігне лёс ейнай непасрэднай папярэдніцы, савецкай дзяржавы: яна разваліцца сама па сабе, ціха, без усялякіх рэвалюцыяў, таму што канчаткова згніе той абсурдны асабісты міф, які ляжыць у ейным падмурку й які Лукашэнка час ад часу ажыўляе, нагадваючы аб намерах Захаду нібыта яго забіць. Лукашэнка хоча, каб яго баяліся ці прынамсі ўспрымалі сур’ёзна ня толькі ў сваёй краіне (дзе гэтая боязь і павага ёсьць толькі фіктыўнай, бо ўсе ў сапраўднасьці ведаюць, кім ён ёсьць насамрэч), але перадусім—за ейнымі межамі, дзе ніхто аб ім нічога, па сутнасьці, ня ведае й ведаць ня хоча. Менавіта немагчымасьць ператварыцца ў міжнароднага дзеяча (“майстра ўлады міжнароднага класа”) яго й раздражняе—таму ён і любіць паказваць замежным грамадзянам (як з Захаду, так і з Усходу) сваю ўладу, дамагаючыся прызнаньня сваёй рэальнасьці, рэальнасьці створанай ім дзяржавы і свайго існаваньня ў якасьці дзяржаўнага кіраўніка. Але гэтым марам аб прызнаньні не наканавана спраўдзіцца—яго ігнаруюць і, у горшым выпадку, і надалей будуць ігнараваць. Як і ўсе савецкія правадыры, Лукашэнка будзе на нашых вачах паступова ператварацца з параноіка ў маразматыка. Гэты працэс пачаўся ўжо цяпер—чым як не маразмам ёсьць абвінавачаньне апазіцыі ў сувязях з Аль-Кайдай?

Лукашэнка—сапраўдны арыгінал ад палітыкі, у якога няма й ня можа быць аднадумцаў: хто сумняецца ў тым, што вар’ят ёсьць па-свойму надзвычай арыгінальным мысьляром? Гэтай сваёй палітычнай арыгінальнасьці Лукашэнка ахвяраваў будучыню сваёй краіны. Ідучы ў прэзідэнты, ён, мабыць, ня ведаў, што каб быць прызнаным і ў сваёй краіне, і за ейнымі межамі, трэба сапраўды служыць народу, а не сабе самому—то бок, ісьці цяжкім шляхам праўды, а ня лёгкім шляхам прымусовага стварэньня “пацёмкінскіх вёсак”. Дэмакратыяй, як вядома, цяжэй кіраваць. Цяпер шляху назад няма: усё, што патрэбна Лукашэнку да канца жыцьця—гэта падтрымліваць ілюзію ўласнага посьпеху, як што сапраўднага посьпеху яму дамагчыся ўжо не наканавана. Але ці вінаваты ён у гэтым? Яго ж так, мабыць, навучылі ў партыйнай школе: служыць “высокім ідэям” утопіі, а не прымітыўным “нізкім ісьцінам” дэмакратыі.

Апошні шанец спартсмэна-Лукашэнкі дасягнуць прызнаньня свайго ўладнага майстэрства—гэта трапіць у палітычную “кнігу рэкордаў Гінэса”. І найбольш лёгкая дысцыпліна тут (“Хутчэй! Вышэй! Мацней!”—колькасьць надакор якасьці, чыста савецкі падыход)—даўжыня знаходжаньня ва ўладзе, бег навыперадкі з гістарычным часам, а таксама ўсялякага кшталту гігантаманіі: прыжыцьцёвыя помнікі й г.д., запаўненьне прасторы з мэтай запаўненьня цяперашняга й будучага часу. Тое самае было пад канец жыцьця ў “вялікага Сталіна”—вялікага маніпулятара гісторыяй і міфалагічнай сьвядомасьцю масы, сацыяльнага канструктара, які, нягледзячы на ўсе ахвяры й зьдзяйсьненьні, зьнік, пакінуўшы пасьля сябе толькі нянавісьць. Любоў народная, як выяўляецца, ня ёсьць гарантам неўміручасьці—неўміручасьць прыносіць якраз любоў інтэлектуалаў, гэтых безуладных асобаў па-за “кастай асобаў”.

Што будзе адбывацца цягам доўгага старэньня Лукашэнкі? Будзе адбывацца доўгая падрыхтоўка да мірнай зьмены палітычнай улады й эканамічнага ладу, калі заўгодна, да рэвалюцыі—прычым весьціся яна будзе ціха, перадусім—на лакальным узроўні. Лакальныя гаспадары будуць усё больш цягнуцца да дэмакратыі, бо будуць усё больш задаволеныя накрадзеным багацьцем (у бальшыні зь іх, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, няма дзяржаўніцкіх амбіцыяў, а ёсьць толькі эканамічныя—тыя самыя, як і ў бальшыні беларускіх грамадзянаў), за якое будуць усё больш хвалявацца й шукаць магчымасьцяў легалізаваць яго ўваччу народа. Народ, у сваю чаргу, будзе ўсё больш незадаволены ня столькі галечай (ейная наяўнасьць неабавязковая), колькі няроўнасьцю з “вэртыкальшчыкамі”, і будзе ўсё больш ціснуць на мясцовае кіраўніцтва чыста эканамічнымі патрабаваньнямі. Пад гэтым ціскам лакальныя кіраўнікі сфармуюцца ў “касту ў касьце” ўнутры Лукашэнкавай вэртыкалі, здолеюць арганізавацца й правесьці ціхую перадачу ўлады якой-небудзь “гаспадарчай хунце”, якая ў рэшце рэшт рана ці позна пойдзе на рынкавыя рэформы й разьняволеньне палітычнага клімату. На той час Лукашэнка, як і большасьць савецкіх кіраўнікоў, ужо сыйдзе на ўрачыстую пэнсію па стане здароўя й будзе ціха дажываць пад аховай дзяржавы—пісаць сабе мэмуары. Беларуская буржуазная рэвалюцыя будзе памяркоўнай, доўгай, але (дасьць бог) трывалай. І, дасьць бог, мы дажывем да ейнае перамогі. Якая ўва ўсім гэтым будзе роля апазыцыі—невядома. Магчыма, вельмі нязначная.

Чаму так? Магчыма, што справа ў тым, што апазіцыя доўгі час 1) лічыла перадумовай адбыцьця беларусаў як нацыі пазбаўленьне беларусаў іхнай “рускасьці”, ажно да зьмены саманазову на які-небудзь “нярускі”—ліцьвіны, сарматы й г.д.; 2) інтэрпрэтавала гэтую “рускасьць” як рускасьць перадусім культурную, а не палітычную, апісаную вышэй. Такая культурная антымаскоўскасьць лагічна непакоіла прадстаўнікоў рускага этнасу, якія пачалі баяцца “помсты” (якой бы чыста тэарэтычнай ні была ейная магчымасьць) за сваю колішнюю культурную гегемонію ў межах Саўдэпіі. Ці трэба казаць, што такое стаўленьне да ўсяго рускамоўнага было ў корані памылковым: насамрэч, усё лепшае, што было створанае рускай культурай цягам апошніх двух стагодзьдзяў, было спробай пазбавіцца “рускасьці” палітычнай. Аднак першапачатковы і вельмі, вельмі, вельмі заўчасны “недавер” да рускага дыскурсу абыйшоўся тым, што Беларусь ня толькі страціла шанец стацца дэмакратычнай і пры гэтым поліэтнічнай дзяржавай (якой яна, заўважым, заўсёды была—“Беларусь для беларусаў” існавала хіба цягам Другой сусьветнай вайны, дый была не для беларусаў, а для немцаў), але й прапанавала Лукашэнку адзін з галоўных ягоных казыроў, якімі ён карыстаецца і сёньня: абвінавачаньні любой апазіцыі, якой бы дэмакратычнай яна ні была, у нацыяналізме й “правым радыкалізме”.

Варта адзначыць, што ня трэба Азаронку здымаць шторазу новыя прапагандысцкія фільмы, каб падтрымаць у народзе ўпэўненасьць у Лукашэнкавай рацыі. Бо ў сёньняшнім інфармацыйным грамадзтве, у тым ліку й палітыцы, дзейнічаюць законы шоў-бізнэсу: кожны выканаўца трывала асацыюецца з мэлёдыяй нейкага гіту, у лепшым выпадку—з шэрагам далейшых гітоў, якія нагадваюць першы як матрошкі з аднаго набору. Гэтак, нацыяналіст цяжкога калібру, гэткі “гэві-мэталіст” на беларускай палітычнай сцэне Зянон Пазьняк, нягледзячы на рэлатыўна вялікі працэнт сваіх прыхільнікаў, ніколі не падымецца ў чартсах вышэй 20 месца, нават калі пачне выконваць салодкія песенькі ў духу Брытні Спірс—хто ж паверыць яму, што гэта не камэрцыйны ход? Тое самае датычыцца бальшыні апазыцыйных палітыкаў—усе яны кампрамэнтавалі сябе адсутнасьцю ўсялякіх вынікаў сваёй дзейнасьці на працягу 10 гадоў кіраваньня Лукашэнкі. У якія б кааліцыі яны не аб’ядноўваліся, але іхны імідж, іхныя лозунгі, песенькі адозвы ўжо даўно выйшлі з моды й перайшлі ў катэгорыю “рэтро”. Будучым прэзыдэнтам Беларусі, хутчэй за ўсё, станецца хтосьці настолькі ж малавядомы народу, як некалі “мультыінструмэнталіст” Лукашэнка—хтосьці новы, яшчэ не абрыдлы, а галоўнае—мілагучны. Праблема адна: Лукашэнка думае, што законы палітычнага шоў-бізнэсу распаўсюджваюцца на ўсіх, апроч яго. Але і ён народу ўжо абрыд, нягледзячы на тое, а дакладней—менавіта таму, што ягоны стыль на працягу гадоў застаецца такім самым, як і калісьці. Варта яму над гэтым задумацца перад выбарамі 2006 году.

Тым часам як колішні нацыяналіст Статкевіч цяпер, 10 гадоў пасьля пачатку канца апазіцыі, нарэшце заяўляе, што “першая дэмакратычная ўлада вырашыць усе культурныя пытаньні”, культурная палітыка некаторых беларускіх выданьняў у духу лозунгу “любі сваё” працягваецца, як быццам і не было ўсіх згаданых палітычных памылак. Гэтая палітыка выяўляецца перадусім у фанатычнай цікавасьці да ўсяго, што як быццам “ужо Эўропа”, але шмат у чым “усё яшчэ Саўдэпія”: да Ўкраіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі... Ня трэба, аднак, забывацца, што нездаровы (бо празьмерны) пошук паралеляў з суседзямі прывёў некалі да бяздумнага перайманьня некаторых непрыдатных мадэляў і стратэгіяў, сярод іншага—да ўзьнікненьня беларускага нацыяналізму. Таму, на маю думку, ня трэба шукаць нейкіх там узораў ці мадэляў для сваёй “калярускай”, правінцыйнай малечы—трэба, наадварот, гэтае малечы пазбаўляцца. Гэта азначае, сярод іншага, прызнаць за рускай культурай ейнае трывалае месца ў жыцьці беларускага народа й перастаць нарэшце баяцца ейнага ўплыву: у Беларусі гэта настолькі ж абсурдна, як ставіць у прыклад беларусам фінаў (аўтар параўнаньня—В.Жданко). Іншая справа, што ня меней пачэснага месца ў жыцьці беларусаў заслугоўваюць іншыя культуры сьвету—прычым ня толькі традыцыйна блізкія геаграфічна, але папросту ўсе. Без выключэньняў.

© Графаман , 2004

HA POCTAHI