*
адна па адной
як ніводная ўсе як адна
з кожнай яно бы зь ніводнай і як аднойчы
з кожнай адсутнасьць адзінай адзінкавая
з кожнай адсутнасьць адзінай адна
*
зь ёй спакваля
неспадзеву нідзе, так ва ўсіх добрых дзетак
незацяжкі цяг, незацяглы цяжар, забыцьцё
сьпіну гне за быцьцё
дзьве тры блакітныя хусткі ў сэрцы ўрэшце адмерлыя куткі
спакуса запозьняя напрыканцы
дажджу на сутоньні
ў жніўні
у
ёй нішто
й ніхто не
стогне
*
быць там бяз ськівіцаў бяззубы
куды сышлі й асалода пазбаўленьня
і тоесная зь ёю ганьба
набыцьця
і Россэлен і цікаваць
прыслоўе падаруначак
няма няма сама аськепкі сьпеўкі
татусь знайшоў мне жаніха
ўжо больш ня кветка што яна
калі палье
а калі не амаль элегія
каваных коняў зноў прэч з Галіі
туды дзе твань вады ў ставох і каляінах
нічога больш
калі яна палье бо сьвет такі
даскону мкне прымхлівае
вядзе
да бяззубай вар’ятні да трасцы ў руках
да спрахлых каменяў да вока што лічыць на слых
знаводдаля сьціскі срэбных нажніцаў
Узьнясеньне
праз
танюткую засьню
ў той дзень калі сынка якогась
у нечым геніяльнага заўчасна
прымае зноў сям’я
я чую хтось
усхвалявана камэнтуе ўголас
футбольны кубак сьвету
назаўжды
маладзён
тады
ж тамсама ў адчыненым вакне
ў паветры тут як тут
заўзятараў
аглухлы сьпеў
крывя
пацякла зь яе апантана
на прасьціны гарошак духмяны на яе сябрука
што агіднымі пальцамі прыладзіў павекі
на зьдзіўленьне вялікіх зялёных вачэй
нячутна
ў труну маю
яна сыйдзе паветраную
Муха
між
сцэнаю і мной
на шкле
пустым адно яна
прытулілася
суплёт цягліцаў чорных
мацае ашалелая крылцы склеіла
перабітыя ногі рот смокча звычка
расшывае блакіт удрузг аб нябачнае
вагаюцца ў яе ўваччу з маім вялікім пальцам разам
мора й спакойнае неба
*
музыка
абыякавасьці
сэрца вецер час агонь пясок
цішыні навала каханьня
схавала тыя галасы таму
пачуць я не патраплю
як сам маўчу
*
такі
ўжо глузд
з-за надвор’я боскага ці там кепскага
зачыніцца ў сябе ці ў каго яшчэ
нібыта пра ўчора згадваць пра маманта
дайнатэрыя першы дотык іртом ірта
ляднік прапячоры нічога новага не прынесена
шалёна горача ў трынаццатым стагодзьдзі да Хрыста
на Лісабон імглісты глядзіць Кант непахісны
павер спракаветным дубам забыцца начыста
пра бацьку з партрэта вусы вочы вусны
ці часта быў злосны зь якой памёр млосьці
няма болей клопату нясмачна пад’есьці
з-за надвор’я найлепшага ці найгоршага
зачыніцца ў сябе ці ў каго яшчэ
Д’епп
апошні
ўрэшце сыход
вады толькі друз
паўпаварот потым крок
да старых ліхтароў
Вуліца
Вожырар
з
маёй вышыні
ўсё спыняю анёл дабрыні
выстаўляю шыльдачку ценям і сьветлам
пасьля ўзнаўлюся
ў нэгатыве з усёй беззаганнасьцяй
На пляжы ў Лютэс
Здаля,
адгатыль дзе мы зь ёй сядзімо, на ўзвышшы
па-над сходнямі, я бачу выразна як зноўку мы выйшлі
праз Ру-дэз-Арэн, азірнуліся дый нерашуча
патупалі да нас саміх цераз брудны пясок,
штокроку больш брыдкія, вартыя іншых страшыдлы,
адзіна што моўчкі. Зялёны сабачка
ўцякае за рог вуліцы Ру-Монж,
яна прыпыняецца, сочыць вачыма за ім,
вось ён прабег поле зроку й прапаў
па-за ўзножжам помніка вучонаму Габрыэлю дэ Морціе.
Яна павяртаецца, я ўжо сыйшоў, цялёпаюся
ўгару па прыступках нягеглых, левай рукою кранаю
бэтонныя бэлькі бяз густу. Яна завагалася,
зрабіла паўкрокі каб зьнікнуць з Ру-Монж, пацяглася
за мною. Мяне ліхаманіць, за мной наўздагон
рушу я сам, вачыма якога я бачу цяпер вось
гэты пясок, лужыны, што дождж набруіў,
дзяўчынку што за сьпіною хавае абруч,
двух прыпусьцім каханкаў, счэпленых абяруч,
пустыя прыступкі, мажныя будынкі, нябёсы,
што нас асьвятлілі запозна.
Я вяртаюся, засьпеты зьнянацку
тугой у ейным абліччы.
*
зьніадкуль у скляпеньні сонца зь нябёс
і раз-пораз старыя чуваць галасы
тагасьвеччыны
й пакрыёма ў знаёмае сьветліні
якая заліла была паплавы ля Энны крывёй
расьлінаў што плоцяй няўрымснай квітнелі
ізноў залатыя часы
як раней
і розгалас згас пакрысе
Атропас і Празэрпіна
чароўны сумнеў пустаты
ірта невыразны абрыс
*
ёсьць
ёсьць калі заўгодна такі край
дзе нябыт дзе нячутны нябыт
ахінае безыменныя сьветы
вунь нямы як кавун голаў невука вунь
там вядома не там невядома
ўмёрла песьня памерлых іртоў
праз пустэльню свой скончыўшы шлях
дык чаго скавытаць пагатоў
самота
не чужая мне але чужая амаль
маеш час кажу я гэтак сабе маеш час
толькі час згаладалых шкілетаў сабачая пара
час бясконцы пабляклых нябёсаў у частцы маёй
час праменя пярэстага што паўзе расьцярушаны
на мікроны гаротнай мінуўшчыны
ў
вас наўме каб я ўмеў з А патрапіць у Б але я не магу
не магу нават выйсьці я ў краі дзе зьнікаюць сьляды
пэўна пэўна што вартая рэч ганарыцеся той вашай рэччу
справа ў тым што я больш не пытаюся й больш не пярэчу
сьпіраль з рассыпаных пацерак вобмільгаў знаёмы сувой
спакой каханьне нянавісьць спакой супакой
Сьмерць
А. Д.
таксама
там тамсама сам
прышпілены да шыльды ўжо паедзенай чарноцьцем
начамі й днямі згомтанымі наўздагад
застацца там ня зьбегці зьбегці стацца там
угнуўшы плечы часу выслухаць загад
пазбыцца забыцца на што адбылося й па ўсім
са мной ад учора нябожчыкам сябрам чый зыркі пагляд
іклы загнанага ненажэры выглядваюць з-пад
вусоў жыцьцё шчаснае з тых не адмоўных ні ў чым
чые чорныя ўчынкі ўваскрэснуць у змроку начным
ад учора нябожчык а я сам жывы такім чынам
тамсама п’яны на навальніцу гарачыня
віна няспраўджанага часу
пазногцямі ўцяўся ў старое дрэва сьведка растаньняў
сьведка вяртаньняў
*
жывы
нябожчык мой нязьменны стан
хрызантэмы белыя лілеі
не гамоняць гнёзды як калісьці
бруд красавіцкага лісьця
дні гожыя ў шэрым інеі
*
я ёсьць струмень пяску каторы мкне
між выдмай і ўзьбярэжным друзам
дажджыць цяплынь у жыцьцяплынь
маю што ўжо ня маю што цкуе мяне
і ў дзень свайго пачатку адпачне
цудоўна
што сустрэў цябе
пад вэлюмам смугі ўсё я сыйшоў пакуль
там я ня мусіму хістацца на парозе як цяпер
а жыцьму ў часе й вобразе дзьвярэй
якія нехта адамкне і зноў замкне
*
што
рабіць мне бязь сьвету аблічча пытаньняў было б
там дзе быць ані ймгненьне ня доўжыцца й кожнае зь іх
павяртае ў нікуды ў нябыт неадбытага
і бяз хвалі ў каторай канец канцоў
целы й цені гуртом захлынуцца
што рабіць мне было б бязь цішы бездані ўздыхаў бяз дыху
апантаных уратаваньнем ці там каханьнем
бязь неба што паўстае
расьцярушыўшы ўнізе ўласны цяжар
што
рабіць мне было б штось было б як учора альбо
нават сёньня з каюты сваёй выглядаць адзіноты
так далёкі жыцьцю муляцца й памыляцца
на пляцы паяцаў
безгалосы ў безьлічгалосьсі
зачыненых разам са мной
*
не
загойваецца хай загіне
хай на цьвінтары лівень ліне
хай лунае ў вулках вясковых
па каханьні памерлым сковыт
*
па-за
сабой паасобку
ў нейкім месцы нейкага дня
нібы некаторая рэч
чэрап
апошні ратунак
ад таго зпанадворку
маўляў бокка з ільдом на дне
пагляд
на любую пагрозу
пазіраючы пазяхае
нічога такога больш
гэтак
нейкага дня
нібы некаторая рэч
жыцьця не сама па сабе
Як
той казаў
зшалець
—
зшалець з таго —
з таго —
як той казаў —
зшалець з таго што —
да таго ж —
зшалець бо да таго ж —
таму —
зшалець таму што з-за —
то ж бо —
зшалець бо з-за нібы —
бы —
як той казаў —
нібы —
бо нібы —
бо нібы хіба —
бо ўсё нібы хіба —
зшалець таму што ўсё —
то ж бо —
зшалець бо ўсё хіба абы каб нібы —
хіба —
як той казаў —
убачыць —
альбо прадбачыць —
хіба прадбачыць —
каб нібы прадбачыць —
зшалець бо каб нібы хіба прадбачыць тое —
тое —
як той казаў —
і дзе —
то ж бо абы хіба прадбачыць тое дзе —
дзе —
як той казаў —
ля —
ля дна —
там —
ля самага дна —
акрамя —
ля самага дна акрамя таго —
што —
як той казаў —
бо тут усё —
тут тое ўсё —
зшалець бо каб убачыць тое —
прадбачыць —
нібы прадбачыць —
каб хіба прадбачыць —
ля самага дна акрамя таго —
зшалець то ж бо каб анібы прадбачыць тое —
што —
як той казаў —