Шарль Бодлэр (1821-1867)

ВЫБРАНЫЯ ВЕРШЫ Ў ПРОЗЕ

(З кнігі “Парыскі сплін”)

 

А ГАДЗІНЕ НОЧЫ

Нарэшце! Сам! Больш не чуваць ніякіх гукаў, апрача грукатаньня запозьненых і заезджаных фіякраў. На некалькі гадзінаў нам дадзены калі не спакой, дык цішыня. Нарэшце! зьнікла тыранія людзкіх абліччаў, і я буду катаваны цяпер толькі сам сабой.
Нарэшце! Мне дазволена разьняволіцца ў ваньне цемры. Перадусім, двойчы павярнуць ключ у замку. Мне здаецца, што гэты паварот ключа звысіць маю самоту і ўмацуюць барыкады, што зараз аддзяляюць мяне ад сьвету.
Жахлівае жыцьцё! Жахлівае места! Падсумуем вынікі дня: давялося бачыць некалькіх літаратараў, адзін зь якіх запытаўся ў мяне, ці ільга па зямлі дабрацца да Расіі (без сумневу, ён лічыць Расію выспай); далікатна спрачацца з рэдактарам аднаго часопісу, які на кожнае маё пярэчаньне адказваў: “Такая пазіцыя сумленных людзей”, што павінна азначаць, што ўсе астатнія выданьні рэдагуюцца нягоднікамі; павітацца зь якімі дваццацю асобамі, зь якіх пятнаццаць былі мне невядомыя; раздаваць усім аднолькава стрыманыя руканьні, забыўшыся папярэдне набыць на ўсялякі выпадак пальчаткі; падчас ліўню, каб забіць час, зайсьці да адной жанчыны лёгкіх паводзінаў, якая папрасіла мяне намаляваць ёй касьцюм “Венестры”; выказаць маю пашану дарэктару аднаго тэатру, каб у выніку пачуць ад яго на разьвітаньне: “Магчыма, няблага было б вам зьвярнуцца да Z...; з усіх маіх аўтараў ён самы нудны, самы дурны й самы вядомы; у яго вы маглі б нечага дамагчыся. Зайдзіце да яго, а там пабачым”; хваліцца (нашто толькі?) некалькімі благімі ўчынкамі, якія я ніколі не зьдзяйсьняў, і баязьліва абвергнуць некалькі іншых паскудзтваў, якія ўчыніў быў зь вялікім задавальненьнем—злачынства фанфаронства, памылку павагі да людзей; адмовіў сябру ў дробнай ласцы й даў пісьмовую рэкамэндацыю поўнаму мярзотніку; уф! Усё, ці яшчэ нешта?
Незадаволены ўсімі й самім сабой, я б хацеў выкупіць сябе, зноў здабыць крыху самапавагі ў цішыні й самоце ночы. Душы тых, каго я любіў, душы тых, каго я ўсьпяваў, мацуйце мяне, падтрымайце мяне, адвядзіце ад мяне хлусьню й атрутныя выпарэньні сьвету; а ты, Госпадзе Божа мой! паспагадай, каб я стварыў некалькі новых добрых вершаў, якія дакажуць мне самому, што я ня ёсьць апошнім чалавекам, што я ня горшы за тых, кім я пагарджаю.

ГАДЗІНЬНІК

Вочы котак паказваюць кітайцам, каторая гадзіна.
Аднаго дня нейкі місіянэр, які крочыў па прадмесьці Нанкіна, заўважыў, што пакінуў удома гадзіньнік, і запытаўся ў маленькага хлопчыка, якая зараз гадзіна.
Хлопчык зь Нябеснай Імпэрыі спачатку завагаўся; але потым, нібы перадумаўшы, адказаў: “Зараз скажу”. Некалькімі ймгненьнямі пазьней ён зноў зьявіўся, несучы ў руках тлустага кацяру, і зірнуўшы яму, як звычайна кажуць, на бялкі вачэй, абвясьціў без развагаў: “Яшчэ няма палудня.” І так і было насамрэч.
Я, калі схіляюся да гожае, слава ейнаму імю, Коткі, якая ёсьць адначасова гонарам свайго полу, пыхай майго сэрца й водарам майго духу, заўсёды ясна, удзень ці ўночы, у зыркім сьвятле ці ў змрочным ценю, бачу ў глыбіні ейных боскіх вачэй, якая зараз гадзіна—заўжды тая самая, усеабдымная, урачыстая, агромністая як прастора, непадзельная на хвіліны ані секунды—нерухомая гадзіна, якую не паказвае ніводны гадзіньнік, і якая, тым ня менш—лёгкая, як уздых, хуткая, як мірг вока.
Калі б нейкі нахабнік прыйшоў і патурбаваў мяне ў той момант, калі мой позірк засяроджаны на гэтым чароўным лічбіту; калі б нейкі ганебны й нецярплівы геній, нейкі дэман бястактнасьці зьявіўся, каб сказаць мне: “На што ты гэтак уважліва пазіраеш? Чаго ты шукаеш у вачох гэтай істоты? Хіба яны паказваюць табе, якая зараз гадзіна, сьмяротны ты марнатраўца і абібок?”; тады я, не вагаючыся, адказаў бы: “Так, паказваюць; зараз—Вечнасьць!”
Ці ня праўда, спадарыня, што гэта—без сумневу варты вас мадрыгал, такі ж натхнёны, як і вы сама? Па праўдзе кажучы, для мяне было такой асалодай ткаць гэты напышлівы камплімэнт, што я ня буду прасіць у вас за яго нічога ўзамен.

ВОЧЫ БЕДНЯКОЎ

Ах, вам хочацца ведаць, чаму сёньня я грэбую вамі. Без сумневу, вам будзе цяжэй гэта зразумець, чымся мне гэта вам растлумачыць; таму што вы, як мне здаецца—самы цудоўны прыклад жаночай нечульлівасьці, які толькі ільга сустрэць.
Учора мы правялі разам доўгі дзень, які падаўся мне такім кароткім. Мы паабяцалі адзін аднаму, што надалей будзем падзяляць усе нашыя думкі, а нашыя дзьве душы з гэтага моманту будуць адной-адзінай; мара, у якой, у рэшце рэшт, няма нічога арыгінальнага, калі не прыймаць да ўвагі тое, што будучы агульнай для ўсіх людзей, яна не была нікім зь іх да гэтага часу зьдзейсьненай.
На сутоньні, крыху стаміўшыся, вы захацелі прысесьці знадворку новай кавярні на рагу бульвару, таксама новага, які быў яшчэ поўны жвіру, але ўжо з гонарам выстаўляў свае недаробленыя раскошы. Кавярня зіхцела. Газ сам разварочваў перад нашымі вачыма ўсё хараство прэм’еры зыркага спэктаклю і ўсёй сваёй сілай асьвятляў сьляпуча белыя муры, пранізьліва-яскравыя палотны люстэркаў, золата рамаў і карнізаў; выявы пажаў з тлустымі шчокамі, якіх цягнулі наперад сабакі на шворках, усьмешлівых дамаў з паляўнічымі сокаламі на руках, німфаў і багіняў, што ўздымалі па-над сваймі галовамі садавіну, паштэты й дзічыну; выявы Гебаў і Ганімедаў, што трымалі ў выцягнутых руках амфарку зь сіропам альбо двухколерны абэліск з круглявых камячкоў ледзіва, прапануючы іх нам: уся гісторыя і ўся міфалогія на службе ў чэравуўгодніцтва.
Рыхтык перад намі, на дарозе, стаяў бядняк якіх сарака гадоў веку, са стомленым тварам і пасівелай барадой; за руку ён трымаў маленькага хлопчыка, а ў другой руцэ нёс яшчэ адно малое, пакуль занадта кволае, каб ісьці самастойна. Замяняючы ім няньку, ён вывеў сваіх дзяцей на шпацыр, каб падыхаць паветрам прыцемкаў. На ўсіх былі рызманы. Усе тры твары мелі неверагодна сур’ёзны выраз, і шасьцёра вачэй неадрыўна пазіралі на новую кавярню, з аднолькавым замілаваньнем, якое было, аднак, па-рознаму адцененае іхным векам.
Вочы бацькі казалі: “Якая прыгажосьць! Якая прыгажосьць! Выглядае, што ледзьве ня ўсё золата гэтага няшчаснага сьвету зьмясьцілася на гэтых мурох!”— Вочы хлопчыка: “Якая прыгажосьць! Якая прыгажосьць! Але ж гэта дом, куды могуць увайсьці толькі тыя, хто зусім не такі, як мы!” Што да вачэй найменшага дзіцяці, дык яны былі занадта зачараваныя відовішчам, каб магчы выказаць яшчэ нешта, апроч тупога й глыбокага захапленьня.
Шансонье пяюць аб тым, што асалода робіць душу дабрэйшай і зьмякчае сэрцы. Што да мяне ў той вечар, дык песенька мела рацыю. Мяне ня толькі расчуліла тая сямейка вачэй, але й зрабілася крыху сорамна за нашыя фужэры й пляшкі, што былі большымі за нашую смагу. Я зазірнуў у вашыя вочы, мая каханая, каб прачытаць у іх свае думкі; я патанаў у такім прыгожым і такім нязвыкла салодкім позірку вашых зялёных вачэй, у якіх жыў Капрыз і якія былі натхнёныя Месяцам, калі вы сказалі мне: “Гэтыя людзі з вачыма, разяўленымі як дзьверы рыдвана—такія невыносныя! Ці не маглі б вы папрасіць гаспадара кавярні прагнаць іх адсюль?”
Вось як цяжка паразумецца, анёл мой, вось як складана паведаміць іншаму сваю думку, нават для закаханых!

СТРАТА АРЭОЛУ

—О! Якім чынам? Вы—і тут, даражэнькі? Сустрэць вас у згубным месцы! Вас, што сілкуецца эсэнцыямі найвышэйшага гатунку! Вас, што харчуецца амброзіяй! Насамрэч, тут ёсьць чаму зьдзівіцца.
—Шаноўны, вы ж ведаеце, як я баюся коней і фурманак. Толькі што, калі я сьпяшаўся перайсьці праз бульвар як мага хутчэй, скачучы па слаце скрозь гэты рухомы хаос, дзе сьмерць нясецца на вас галопам з усіх бакоў адначасова, арэол рэзка й незаўважна сасьлізнуў з маёй галавы ў бруд на асфальце. Я пабаяўся яго ўздымаць. Я падумаў, што страціць адзнакі маёй годнасьці—ня так непрыемна, як пераламаць сабе косьці. І потым, сказаў я сабе, усё благое прыносіць нешта добрае. Зараз я таксама магу шпацыраваць інкогніта, зьдзяйсьняць усялякія паскудзтвы й прысьвячаць сябе грэшнаму жыцьцю, як і ўсе звычайныя сьмяротныя. Таму я тут, як бачыце, ні ў чым не адрозны ад вас!
—Вам варта было б, прынамсі, даць абвестку аб страце арэолу, альбо паведаміць аб гэтым у камісарыяту.
—Крый бог! Не. Мне тут добра. Ніхто, акрамя вас, мяне не пазнаў. Дый годнасьць мне абрыдла. У дадатак, мяне ўсьцешвае думка, што які-небудзь благі паэт падыме яго ды без усялякіх згрызотаў сумленьня начэпіць сабе на галаву. Зрабіць некага шчасьлівым—якая радасьць! Дый яшчэ некага, гледзячы на каго я сам магу пасьмяяцца! Падумайце аб Х альбо Z! Во дзе будзе сьмеху, га!

 

© Пераклад--Макс Шчур, 2003

HA POCTAHI