Два
з паловай гады пасьля тэрактаў у Ню Ёрку й Вашынгтону й год пасьля пачатку
апэрацыі “Мацаваньне свабоды” вынікі вайсковай і замежнай палітыкі ЗША
ільга азначыць за адмоўныя. Амэрыканцы дасягнулі зусім адваротнага эфэкту,
чымся той, якога яны дамагаліся. Іхная палітыка ўзмацніла ўплыў ісламскага
экстрэмізму й прывяла ў ягоныя шэрагі міліёны новых сімпатызантаў на Сярэднім
Усходзе і ў Азіі.
У
апошніх месяцах амэрыканская палітыка адштурхнула ад сябе й частку шыітаў,
на якіх яна дагэтуль традыцыйна абапіралася. Аблога сунніцкай Фалуджы,
разам са спробай гвалтоўнага падаўленьня руху Мухтада аль Садра выклікала
напачатку красавіка хвалю салідарнасьці між ірацкімі шынітамі й сунітамі,
чый узаемны недавер быў дагэтуль адной з галоўных перашкодаў пасьляваеннай
стабілізацыі.
Першай
і найбольш небясьпечнай памылкай амэрыканскай стратэгіі ёсьць меркаваньне,
што найбольш эфэктыўнай зброяй у барацьбе з тэрарызмам зьяўляюцца канвэнцыйныя
войскі. Гэтыя войскі, безумоўна, вельмі дарэчы ў выпадку, калі існуе
неабходнасьць разьбіць тэрытарыяльную базу тэрарыстаў, як гэта было
ў афганскай кампаніі ўзімку 2001-2002. Але ж ператвараць іх у галоўны
інструмант барацьбы з тэрарызмам ёсьць у доўгатэрміновай перспэктыве
контрапрадуктыўным.
Мы
і яны
Логіка
вайны ёсьць логікай калектыўнай помсты. Справакаваць жаданьне такой
помсты ёсьць галоўнай мэтай тэрарыстаў. Гэта заганяе пад іхныя крылы
насельніцтва, імем якога яны дзейнічаюць.
Добрая
стратэгія звужае азначэньне “ворагі” на тэрарыстаў. Дрэнная стратэгія,
наадварот, расшырае азначэньне “ворагі” на групоўку, чыю тоеснасьць
і інтарэсы тэрарысты як быццам бароняць. Менавіта гэтае расшырэньне
ёсьць вынікам “вайны супраць тэрору”. У адрозьненьне ад паліцыйна-судовых
захадаў, войны не вядуцца супраць злачынцаў, але супраць калектыўнай
існасьці—іншай нацыі, супольнасьці, культурнай ці рэлігійнай групоўкі.
У вайне заўжды супрацьстаяць “мы” і “яны”. “Яны” насяляюць нейкую тэрыторыю,
якой “мы” павінны авалодаць.
Пад
такое азначэньне “ворага” транснацыянальная тэрарыстычная сетка Аль
Кайда не трапляе. Каб супраць яе ільга было весьці вайну, трэба было
сьпярша зьяднаць Аль Кайду ў уяўленьні шараговых амэрыканцаў з пэўнай
геаграфічна-культурнай вобласьцю, куды ільга было б потым арганізаваць
“крыжовы паход”. У падсьвядомасьці бальшыні амэрыканцаў такі паход быў
адплатай за 11 верасьня, а таму падтрымка вайны й Буша ніяк не пацярпела
пасьля таго, як выявілася, што Саддам ня меў зброі масавага зьнішчэньня
й не ўдавай сабой вострую небясьпеку.
Адэкватная
антытэрарыстычная стратэгія павінна была б прыбягаць да вайсковай сілы
толькі ў скрайнім выпадку. Яна не павінна была б засяроджвацца на баявых
дзеяньнях, а камбінаваць абясшкоджаньне тэрарыстаў з дапамогай паліцыі
й тайных службаў з пошукам палітычнай падтрымкі ў той супольнасьці й
тых групоўках, да якіх апэлююць і якімі прыкрываюцца тэрарысты. Гэтую
стратэгію ў 90-х гг. скарыстаў брытанскі ўрад, калі дадаткам бязьлітаснай
барацьбы сакрэтных службаў і паліцыі зь Ірландскай Рэспубліканскай Арміяй
было паступовае ўлучэньне ў мірны працэс ейнага палітычнага крыла, партыі
Шон Фэйн.
Як
даказвае экспэрт Белага Дому Рычард Кларк, неакансэрватыўныя дарадчыкі
Буша імкнуліся ня столькі змагацца зь ісламісцкім тэрарызмам, колькі
скарыстаць гэтае змаганьне ў якасьці падумовы да зьвяржэньня Садама
Гусэйна. Гэтая мэта была сфармуляваная імі задоўга да тэрактаў 11 верасьня
2001 г. Ейнае дасягненьне павінна было распачаць рэалізацыю “праекта
новага амэрыканскага стагодзьдзя”—іначай кажучы, праекту ўсталяваньня
глабальнага амэрыканскага панаваньня.
Акупацыя
як рэвалюцыя з эфэктам даміно
Фрыдрых
фон Гаек называе “канструктывізмам” перакананьне сацыяльных інжынераў
у тым, што ўстановы грамадзкай супольнасьці ільга пабудаваць з нуля,
на падставе рацыянальнага праекту, нарысаванага за пісьмовым сталом.
Крытыкуючы гэтую ўяву, Гаек працягвае традыцыю свайго кансэрватыўнага
папярэдніка Эдмунда Бурка, які нагадваў францускім рэвалюцыянэрам, што
палітыка павінна займацца ня столькі ажыцьцяўленьнем абстрактных маральных
прынцыпаў, колькі пераўтварэньнем ужо існых установаў, якія заўсёды
належаць канкрэтнай этнічнай ці мясцовай групоўцы—брытанцам, французам,
брэтонцам, ірландцам. Палітыка, якая ігнаруе гістарычна створаныя ўстановы,
уяўленьні й калектыўную годнасьць, якія зьядноўваюць нейкую супольнасьць,
а замест гэтага імкнецца цалкам перабудаваць яе звонку на падставе як
быццам агульначалавечых прынцыпаў правоў чалавека й дэмакратыі, прыводзіць
да гвалту й тэрору.
У
сваім бачаньні пасьляваеннага Іраку амэрыканскія неакансэрватыўныя супрацоўнікі
Буша на чале з Полам Волфовіцам кіраваліся хутчэй канструктывізмам і
наіўным унівэрсалізмам францускіх рэвалюцыянэраў, чымся палітычнай мудрасьцю
іхных кансэрватыўных крытыкаў. Аб гэтым сьведчыць шэраг памылак пры
пасьляваеннай рэканструкцыі акупаванай краіны. Першай памылкай было
адрынаньне погляду генерала Эрыка Шынсэкі, які ў лютым 2003 года зьвяртаў
увагу на тое, што забесьпячэньне парадку ў акупаваным Іраку запатрабуе
некалькі соцень тысячаў амэрыканскіх жаўнераў. Няздольнасьць 160 000
кааліцыйных вайскоўцаў забясьпечыць “закон і парадак” дазволіла злачыннасьці
разрасьціся да такіх жахлівых памераў, што сталася перашкодай нармалізацыі
жыцьця краіны.
Другой
памылкай быў роспуск 400 000-чнага ірацкага войска (й іншых узброеных
частак), а таксама звальненьне службоўцаў і экспэртаў з партыі Баас,
якая была хрыбтом дзяржаўнага апарату. Сотні тысячаў былых вайскоўцаў
нараз апынуліся на вуліцы й пазбавіліся рэгулярнага заробку, стаўшыся
ідэальным рэзэрвам для бандыцкіх фармаваньняў і груповак узброенага
супраціву. Роспуск ірацкіх узброеных частак і агульная “дэбаасіфікацыя”
зруйнавалі базавыя адміністрацыйныя й праваахоўныя структуры, якія ўтрымлівалі
адзінства этнічна й рэлігійна раздробненага Іраку.
Трэцяй
памылкай быў недальнабачны падыход да суннітаў, якія былі найбольш зьяднаныя
з Садамавым рэжымам: замест таго, каб ветла паставіцца да сунніцкіх
элітаў і даць ім мацную заруку таго, што пры новай раздачы картаў на
іх таксама разьлічваюць, у іх быў толькі выкліканы падазор, што яны
хутка стануцца парыямі новага рэжыма. Гэтым сілкавалася іхная прыхільнасьць
да ўзброенага супраціву.
Чацьвёртай
памылкай была няздольнасьць пераглядзець свае спадзевы на ўласныя ўзброеныя
сілы нават у сітуацыі, калі пасьля жнівеньскіх тэрактаў 2003 года зрабілася
ясна, што ўзброены супраціў ня ёсьць дагасаньнем апошніх вогнішчаў вайны,
а партызанскім рухам, у якім супраць амэрыканцаў ісламісты будуць выступаць
супольна з сэкулярыстамі, а замежныя тэрарысты—супольна з ірацкімі напаўвайсковымі
сеткамі. У верасьні 2003 году ўпершыню падаў голас прывід Віетнаму,
і пачаліся размовы аб неабходнасьці сфармуляваць “стратэгію адыходу”.
Бездапаможныя
амэрыканцы
Неўзабаве
амэрыканцы прыйшлі да высновы, якую перад гэтым самі адмаўлялі: найлепей
будзе паскорыць перадачу ўлады іракцам. Ад таго часу яны не зрабілі
ані крок на шляху палітычнай рэканструкцыі—калі напрыканцы чэрвеня гг.
яны перададуць уладу цяперашняй ірацкай радзе, гэта ня вырашыць ані
пытаньне ейнай легітымнасьці, ані пытаньне ўладараньня. Наўрад-ці іракцы
будуць лічыць раду сваім законным прадстаўнічым ворганам, як што тая
была йменаваная пераходнай кааліцыйнай управай. Акрамя гэтага, у яе
ў руках ня будзе сродкаў для выкананьня ўлады, таму ейная эфэктыўнасьць
будзе цалкам залежная ад кааліцыйных вайсковых частак.
У
гэтай складанай сітуацыі вінаватыя самі амэрыканцы, якія ня здолелі
прадбачыць амбівалентнае стаўленьне бальшыні іракцаў да акупацыі: з
аднога боку, рэпрэсаваная бальшыня магла нарэшце вольна ўздыхнуць пасьля
дзесяцігодзьдзяў крывавай дыктатуры, з другога—акупацыя нанесла ўдар
па пачуцьці калектыўнай годнасьці іракцаў, што выразна зьніжыла ахвоту
элітаў і звычайных грамадзянаў супрацоўнічаць з акупантамі. У тых, хто
планаваў уварваньне, фальшывы унівэрсалізм (недаацэнка калектыўнай годнасьці)
і рэвалюцыйны канструктывізм узаемна ўзмацнялі адзін аднаго: установы
старога й прагнілага ладу павінны былі быць зруйнаваныя, каб на іхных
парэштках паводле амэрыканскай мадэлі мог узьнікнуць новы ўзорны грамадзкі
лад.
Зьмена
рэжыму ў Іраку павінна была прывесьці да станоўчай дэстабілізацыі рэгіёна
й да эфэкту даміно: пад подыхам дэмакратычнага ветру са свабоднага Іраку
вакольныя аўтакратычныя арабскія дзяржавы павінны былі пачаць руйнавацца
як картачныя хаткі. Гэтая рэвалюцыйная ўява Волфовіца і ягоных неокансэрватыўных
паплечнікаў прывяла Амэрыку да цяперашняга становішча. З Іраку насамрэч
сталася крыніца нестабільнасьці ў рэгіёне, але ў адмоўным сэнсе—замест
маяка свабоды й права Ірак стаўся зонай арганізаванай злачыннасьці й
партызанскай вайны супраць ЗША.
Вынікі
дзьвюх апошніх амэрыканскіх вайсковых кампаніяў ня самыя ўхвальныя:
замест таго, каб скончыць пераўтварэньне Афганістану ў стабільную прававую
дзяржаву, амэрыканцы сыйшлі ў Ірак, каб ператварыць яго ў яшчэ адзін
Афганістан...
Віетнамскі
сіндром
Так
у 70-х гг. называлі выкліканую няўдачай у Віетнаме неахвоту амэрыканцаў
падтрымліваць замежныя вайсковыя акцыі. Уварваньне ў Ірак павінна было
захіліць віетнамскі сіндром і ўзмацніць давер да далейшых вайсковых
інтэрвенцыяў. Пытаньне толькі ў тым, ці не набудзе й тут жаданы “эфэкт
даміно” адваротнага выніку—ці разам зь бездапаможнасьцю акупацыйных
уладаў і колькасьцю ахвяраў з амэрыканскага боку не ўзрасьце новы ізаляцыянісцкі
сіндром, які павінен быў быць пераадолены. Гэта адпавядала б традыцыйнаму
ўзору разьвіцьця амэрыканскай замежнай палітыкі, для якой характэрнае
ківачовае ваганьне між імпэрыяльнымі заваёвамі й ізаляцыяй.
Глабальная
вайсковая гегемонія Амэрыкі сама па сабе ня ёсьць зло. Наадварот, яна
можа стацца апірышчам сусьветнай стабільнасьці—але толькі ў тым выпадку,
калі Амэрыка навучыцца забясьпечваць легітымнасьць выкарыстаньня вайсковай
сілы з дапамогай шматбаковых міжнародных працэдураў. Да такой высновы
ільга прыйсьці ня толькі шляхам маралізатарскай крытыкі імпэрыялізму,
але й рэалістычнай ацэнкай карыснай ролі міжнародных арганізацыяў у
ажыцьцяўленьні сваіх інтарэсаў. Рэалісты як у кансэрватыўным, так і
ў лібэральным лагеры згаджаюцца з адмаўленьнем Бушавага мілітарызму.
Спадзяваймася, што ірацкая правука неўзабаве дазволіць нейкаму з гэтых
двух бакоў пераняць у рэвалюцыйных ідэалістаў і ўзяць на сябе цяжар
амэрыканскай зьнешняй палітыкі, каб як мага хутчэй пачаць выпраўляць
нанесеную імі шкоду.