Павал Барша—выбітны
чэскі сацыёляг, выкладае палітычную тэорыю на сацыялягічным факультэце
Брненскага унівэрсітэту й філасофію на Сярэднеэўрапейскім унівэрсітэце
ў Будапэшце. Аўтар кніг “Палітычная тэорыя мультыкультурнасьці” (1999),
“Іманэнцыя й сацыяльная повязь” (2001), “Захад і ісламізм” (2001), “У
часіну імпэрыі” (2003).
Ці былі тэрарыстычныя
акты 11 верасьня 2001 года апошняй вымучанай спробай новага ўскрасеньня,
зьдзейсьненай палітычным рухам у стане заняпаду, альбо пачаткам новай
эры канфрантацыі паміж рэлігіямі і цывілізацыямі? Ці ня страціў вагу
тэзіс Кэпэля і Руа наконт пост-ісламізму? І так і не. На найбольш глыбокім
узроўні гэты тэзіс быў пацьверджаны—нішто пакуль не паказала, каб ісламісты
былі здольныя пабудаваць стабільную ісламскую дзяржаву чы блёк дзяржаваў,
і такім чынам стварыць кшталт цывілізацыі, альтэрнатыўны сучаснай, якая
ўзышла на эўрапейскай глебе. З другога боку, хваля сымпатыяў з перасьледаванымі
бін Ладэнам і Талібанам, якая паўстала ў арабскім і ісламскім сьветах
падчас апэрацыі ў Афганістану, сьведчыць аб рэальным напружаньні паміж
гэтай часткай сьвету і Захадам. З гэтай сымпатыі магла б у будучыні
паўстаць іхная палітычна-вайсковая канфрантацыя. Гэтая магчымасьць,
вядома ж, не выплывае яшчэ зь першапачатковага культурнага адрозьненьня
паміж хрысьціянскім Захадам і ісламскім Усходам, але паўстае з гісторыі
каланіяльнай экспансіі, пазьнейшай дэкаланізацыі й няскончанай мадэрнізацыі
ісламскіх і арабскіх краінаў. Культурны аспэкт тут важны, але ён падпарадкоўваецца
іншым аспэктам гэтага шырокага працэсу—ён можа іграць ролю распазнавальнай
адзнакі альбо інструманту мабілізацыі, але ён не зьяўляецца першапачатковай
крыніцай альбо прычынай напружаньня. Канфлікт, які тут пагражае, у прынцыпе
ня ёсьць канфліктам культурным, але палітычна-эканамічным і псыхалагічным,
ён не паходзіць з сутыкненьня каштоўнасьцяў двух неспалучальных “ладаў
жыцьця”—аднаго лібэральнага і плюралістычнага, а другога рэлігійнага
й фундамэнталісцкага—а з сутыкненьня моцных і багатых з (адносна) бязмоцнымі
й беднымі, былых каланізатараў з былымі каланізаванымі, тых, хто ў цэлапланэтным
спаборніцтве за багацьце, уладу й прэстыж мае лепшую стартавую пазіцыю,
з тымі, чые пазіцыя ў гэтым спаборніцтве меней выгадная.
Былыя каланізаваныя й іхныя каланізатары могуць зразумець сваю спрэчку
як спрэчку наконт каштоўнасьцяў, прадстаўленых іхнымі грамадзтвамі—а
гэтак і як “сутычку між цывілізацыямі”. Палітычная і эканамічная барацьба
за ўладу й багацьце і псыхічна матываваная барацьба за прызнаньне (прэстыж)
могуць быць транспанаваныя ў культурную мову барацьбу паміж супрацьлеглымі
самавызначэньнямі. Могуць, але не абавязкова. Сучасная сітуацыя дазваляе
Захаду разьвіваць стратэгіі, якія б маглі запабегнуць такой разьвязцы
(разьвіцьцю). Яны павінны паставіць супраць “сутычцы цывілізацыяў” іншыя
прароцтвы, якія б былі здольныя самі сябе ўвасобіць—бачаньне адзінай
цывілізацыі шматлікіх культураў, чые глабальныя інстытуты абапаріаюцца
на агульныя каштоўнасьці павагі да жыцьця, свабоды й дэмакратыі, справядлівага
разьмеркаваньня дабра й рэлігійнай талерантнасьці. Барацьба за разьдзяленьне
ўлады й сыравінаў, як і барацьба за прызнаньне вартасьці асобаў і групаў
і іхных культурных самавызначэньняў, ёсьць неад’емнай часткай працэсу
будаваньня гэтай цывілізацыі, а таму схаваны ў іх патэнцыял гвалту неабходна
трымаць у цуглях з дапамогай палітычных перамоваў і дыялогу.
Усяляк, якія канкрэтныя адказы мы павінны выбраць у рамцы нашага памкненьня
пабудаваць такую цывілізацыю, тварам да твару з гвалтоўнымі нападамі
нападамі тых, хто адпачатна загадзя адмаўляюць якую-кольвечы дыскусію?
Ці дае сучасная канцэпцыі вайны адэкватны падыход к падаўленьню сучаснага
палітычнага гвалту, што так жорстка выявіўся ў падзеях 11 верасьня?
Гэта канцэпцыя мае карані у эпосе разьвіцьця сыстэмы абсалютысцкіх,
а пасьля нацыянальных і лібэральна-дэмакратычных дзяржаваў. Сувэрэннасьць
гэтых дзяржаваў, вядома ж, у апошніх чвэрцях мінулага стагодзьдзя—і
найбольш відочна пасьля падзеньня камунізму— пахіснулася ў выніку працэсаў,
зьвязаных з глабалізацыяй. Гэтыя працэсы робяць больш інтэнзіўнымі эканамічную,
палітычную і культурную лучнасьць планэты. І ў пытаньнях бясьпекі, асобныя
грамадзтвы чым далей, тым болей трапляюць у ўзаемную залежнасьць ад
міжнароднага супрацоўніцтва. Неадчэпнасьць ад сучаснага разуменьня ўзброенага
канфлікту як вайны паміж сувэрэннымі, тэрытарыяльна разьмежаванымі палітычнымі
адзінкамі (г.азн. дзяржавамі) ня ўлічвае спэцыфічную адметнасьць сучаснай
барацьбы з тэрарызмам і вядзе да выбару неадэкватнай стратэгіі. (...)
Ад войнаў фэадальных
да партызанскіх
Сучаснае эўрапейскае
разуменьне вайны фармавалася на працягу 17-га стагодзьдзя й атрымала
канчатковую форму ў канцы 18-га—пачатку 19-га стагодзьдзяў, падчас напалеёнаўскіх
войнаў. Сучасная вайна грунтуецца на існаваньні тэрыторыялізаваных дзяржаваў,
стасункі паміж якімі ад часоў Вэстфальскага міру 1648 рэгуляваліся на
падставе прынцыпу сувэрэннасьці. Сувэрэнная дзяржава была вынікам папярэдняга
доўгачасовага разьвіцьця дзяржавы як манапалізатара гвалту на пэўнай
тэрыторыі. У гэтым працэсе здольнасьці цэнтралізаванай улады да арганізацыі
гвалту ўзмацняліся ў той ступені, у якой гэтых здольнасьцяў пазбаўляліся
іншыя акторы на суб-дзяржаўным узроўні, то бок, наколькі пасьпяховай
была пацыфікацыя нутрасацыяльных стасункаў.1 Тады як раней людзі плацілі
за ахову мясцовым паном, рабаўнікам ці піратам, цяпер ахова насельніцтва
сканцэнтравалася ў руках цэнтралізаванай дзяржавы й аплочвалася са спагнаных
з насельніцтва падаткаў. У папярэдніх эпохах манарх абапіраўся падчас
вайны на кааліцыю фэадалаў і іхных “прыватных” вайсковых адзінак (якія
рэкрутаваліся з гэтай нагоды з падданых сялянаў). Напрыканцы эпохі разьвіцьця
абсалютысцкіх манархіяў—г.азн. у другой палове 18-га стагодзьдзя—адзін
аднаму ўжо супрацьстаяць войскі з цэнтралізаваным кіраваньнем і прафэсійным
афіцэрскім корпусам. Легітымнасьць гэтай манаполіі на гвалт дадзеная
тым, што манарх рэпрэзэнтуе насельніцтва дадзенай тэрыторыі—то бок народ—які
ў выніку разьвіцьця дэмакратычных правоў у 19-м і 20-м стагодзьдзях
ператворыцца ў нацыю свабодных і роўнапраўных грамадзянаў. Яны больш
ня будуць змагацца ў імя свайго караля, а ў імя свайго калектыўнага
самавызначэньня—вернасьць манархіі зьменіцца ў вернасьць нацыі.
У сучасных эўрапейскіх
грамадзтвах усталяваньне нутранога міру суправаджаецца й робіцца магчымым
выштурхненьнем гвалту на межы тэрытарыяльнай нацыянальнай дзяржавы зь
іншымі дзяржавамі, а з працягам каланізацыі—на межы паміж Захадам і
ягонымі каланізаванымі прыдаткамі. Гэтая экстэрыярызацыя гвалту ёсьць
неабходнай умовай інтэрыярызацыі міру. Нацыяналістычныя й каланіяльныя
войны ёсьць адваротным бокам мірнага грамадзкага суіснаваньня ў межах
асобных дзяржаваў і ў рамках усёй Эўропы. Ідэялогі эўрапейскага каланіялізму
19-га стагодзьдзя, якія ня бачаць гэтай неабходнае сувязі паміж нутраным
мірам і зьнешняй вайной, могуць разумець сутыкненьне Эўропы з пазаэўрапейскімі
грамадзтвамі як зьнешнія канфлікты “дагледжанай” цывілізацыі з грубым
варварствам, а гэтак надаваць каланізацыі сэнс цывілізаванчай місіі.
У сапраўднасьці, каланіяльныя заваёвы ёсьць нутрана неабходным момантам
разьвіцьця Захаду: эўрапейскія дзяржавы спачатку парушылі раней існую
раўнавагу ў пазаэўрапейскіх грамадзтвах, зацягнулі іх у вір мадэрнізацыі,
а ў выніку бессаромнай эксплюатацыі й гвалтоўнага падпарадкаваньня самі
зрабілі зь іх варвараў, каб пасьля маглі выступаць у стылізаванай ролі
ўзорнай цывілізацыі, чыю мадэль павінны імкнуцца нападабняць краіны-калоніі
ў працэсе сваёй дэкаланізацыі.
Узаемная залежнасьць
зьнешняга гвалту (варварства) і нутранога міру (цывілізацыя), зразумела
ж, спачатку разьвілася на ўзроўні самой Эўропы ў форме ўсталяваньня
сыстэмы нацыянальных дзяржаваў. Як піша палітолаг Мэры Кальдор (абапіраючыся
на тэрміналогію сацыялога Энтані Гіддэнса), нацыянальная дзяржава сталася
затрымальніцай—“кантэйнэрам”—гвалту ў прасторы і ў часе: з аднога боку
чяна затрымлівае й канцэнтруе гвалт на межах зь іншымі дзяржавамі (альбо
блокамі дзяржаваў), з другога боку затрымлівае гвалт цягам пэрыядаў
“нармалёвага” мірнага часу й канцэнтруе яго ў пэрыяды вайны. Нутраная
пацыфікацыя й зьнешняя варварызацыя ідуць крок у крок з трывалай паяднанасьцю
грамадзянства й пачуцьця нацыянальнай прыналежнасьці, то бок з паяднанасьцю
прыналежнасьці да адзінай правова-палітычнай фармацыі—дзяржавы—і прыналежнасьці
да адзінай этнічна-культурнай групоўкі—народа.
Гэтая паяднанасьць ёсьць адным са схаваных, “партыкулярыстычных” значаньняў
уяўна “унівэрсальнага” выразу “грамадзянская супольнасьць”: “імпліцытная
дамова, якою была ўсталяваная ўлада права й грамадзянская супольнасьць,
легітымізавала дзяржаву як увасабленьне паўстаючай нацыянальнай тоеснасьці
у абмен на хатнюю бясьпеку й ахову ад зьнешніх пагрозаў. Толькі дзяржава
мела права скарыстаць гвалт дзеля аховы й вымаганьня тэрытарыяльнага
рэжыму негвалтоўнасьці. Тэрмін “грамадзянская супольнасьць” першапачаткова
азначаў усталяваньне нутраной “айчыннай” зоны міру, дзе існуюць праўныя,
цывілізаваныя, негвалтоўныя шляхі ўпарадкаваньня чалавечых варункаў,
у адрозьненьне ад варварскіх мэтадаў вайны, што прынятыя ў зьнешніх
стасунках паміж дзяржавамі. Гэтая супярэчнасьць выклікала ўзьнікеньне
цэлага шэрагу паралельных бінарных апазіцыяў, што вызначаюць наш спосаб
разважаньня аб вайне й міры. Гэтыя апазіцыі ўлучаюць у сябе адрозьненьні
грамадзкага (легітымнага) ад прыватнага (злачыннага) гвалту, зьнешняй
вайны й анархіі ад нутраной, альбо айчыннай, грамадзянскай супольнасьці,
войска (што апэруе па-за) ад паліцыі (што апэруе ўсярэдзіне), і па сутнасьці
таксама само прасторавае й часавае адрозьненьне вайны ад міру. Вайна
перастала быць меней-болей працяглым і ўсюды прысутным фэномэнам, а
ейныя выявы абмежаваліся толькі на пэўныя месцы й пэрыяды.” 2
Нутраны мір ад часоў Вэстфальскага пагадненьня суправаджаўся узаменым
прызнаньнем сувэрэнітэту паміж дзяржавамі й ейнага права на абарону
альбо заваёвы, абгрунтаваныя прынцыпам роўнавагі сілаў. “Кабінэтныя
войны” паміж князямі ў 18-ым стагодзьдзі—з вызначанымі мэтамі, дакладнымі
правіламі й гранічным адрозьненьнем жаўнераў ад цывільнага насельніцтва—паступова,
дзякуючы паралельнай нацыяналізацыі й дэмакратызацыі дзяржавы ад часоў
Францускай рэвалюцыі й напалеёнаўскіх войнаў, замяшчаліся войнамі паміж
нацыямі (і нацыянальнымі дзяржавамі). Логіка гэтых войнаў была нашмат
больш зьнішчальнай: мова ня йшла ўжо пра інтарэсы альбо гонар князёў,
а пра інтарэсы й гонар насельніцтва краіны ў цалку. Паводле М.Кальдор,
гэтае пасоўваньне на шляху ад войнаў абмежаваных да войнаў татальных
(напоўніцу разгорнутых у ХХ стагодзьдзі) адлюстраване ўжо ў фон Клаўзэвіца:
“вайна была для яго вайной паміж дзяржавамі, а ейнай мэтай было нішто
меншае, як татальны разгром ворага, бо іначай заўсёды існавала магчымасьць
удару ў адказ. Гэтую экстрэмісцкую логіку ён (фон Клаўзэвіц) адводзіў
з аднога боку са сваіх палітычных меркаваньняў (вайна вядзецца ў нацыянальных
інтарэсах і ёсьць працягам палітыкі іншымі сродкамі), з другога боку—з
вайсковай неабходнасьці й патрабаванай сучаснасьцю агульнай мабілізацыі,
якая можа лёгка выйсьці з-пад кантроля... Другую сусьветную вайну ільга
было б ахарактарызаваць як апошні ўздым вайны клаўзэвіцкаўскага кшталту.
Татальная вайна была вынікам злучэньня сучаснай тэхналогіі й арганізацыі
з агульнай мабілізацыяй.”3
Вайна паміж нацыянальнымі дзяржавамі—паміж іхнымі інтарэсамі й канцэпцыямі
самавызначэньня—у часы сусьветнай вайны, як вядома, ператварылася ў
вайну паміж блокамі, у якой нацыянальна-партыкулярысцкая легітымнасьць
была падмененая легітымнасьцю ідэялагічна-унівэрсалісцкай. Гэтай падменай
у апраўданьні сваёй легітымнасьці гвалтоўны канфлікт зьдзейсьніў першы
крок у бок ад тэрытарыялізацыі вайны, што была дадзеная прывязанасьцю
вайны да тэрыторыі сувэрэннай нацыянальнай дзяржавы. У кожным выпадку
блокі ўдавалі сабой тэрытарыяльныя адзінствы (цалкі) зь ядрамі ў асобных
вайсковых пактах, якімі былі Варшаўская дамова й НАТА, і з пэрыфэрыйнымі
ўскрайкамі ў краінах трэцяга сьвету, якія якраз праходзілі стадыю дэкаланізацыі.
Пацыфікаваная “сярэдзіна” заўжды ясна адрозьнівалася ад патэнцыяльна
гвалтоўнай “вонкавай” часткі, што праяўлялася на іхным памежжы. Гэтая
“вонкавая” частка час ад часу ўвасаблялася ў “гарачых” пэрыфэрыйных
канфліктах, дзе на варагуючых бакох грамадзянскай вайны прысутнічалі
хаўрусьнікі вядучых супэрдзяржаваў абодвух блокаў, а ў выключных выпадках
нават і войскі адной зь іх (карэйская, віетнамская альбо афганская войны).
У рамках гэтай біпалярнай прасторы існавалі, вядома ж, выспы класічнай,
між-нацыянальнай вайны, якая ў большасьці выпадкаў гэтымі блокамі такі-падтрымлівалася
альбо абмяжоўвалася (ізраільска-арабскі, індыйска-пакістанскі, грэцка-турэцкі,
самальска-эфіёпскі канфлікты).
Нямецкі тэарэтык палітыкі
Карл Шміт у 60-х гадох мінулага стагодзьдзя ўсьвядоміў, што такая ідэялагізацыя
й планэтарызацыя гвалтоўнага канфлікту ёсьць злавесным прадвесьцем упаданьня
ўва ўсеахопленасьць гвалтам, які ня будзе ўжо мець ніякіх геаграфічных,
сацыяльных ці палітычных межаў, бо будзе апраўдвацца абсалютысцкімі
маральнымі катэгорыямі.4 Калі нехта змагаецца за абсалютнае Дабро супраць
абсалютнага Зла, дык бязьмежная вартасьць таго, за што йдзе змаганьне,
дазваляе яму апраўдаць якія-заўгодна, нават самыя гнюсныя сродкі. Гэта
было характэрна для эўрапейскіх рэлігійных войнаў. Выйсьце было знойдзена
ў абмежаваньні іхнага маральнага абсалютызма шляхам усталяваньня маральнага
й рэлігійнага нэйтралітэту ў выглядзе сувэрэннай дзяржавы. Ідэялагічныя
войны ХХ стагодзьдзя ёсьць вяртаньнем рэлігійных войнаў 16 і 17 стагодзьдзяў
пад шумок асьветніцка-гуманістычнай рэторыкі. Камуністычны рух усходняга
блоку вызначаўся спалучэньнем радыкальнага ідэялізму з цынічным рэалізмам.
Гэты рух, вядома ж, толькі давёў да крайнасьці ідэялізм Асьветніцтва,
зь якога таксама паходзіць ідэялізм заходняй ідэялогіі рынку й правоў
чалавека. Калі ўзяць да ўвагі абсалютысцкую й унівэрсалісцкую логіку
абедзьвюх ідэялогіяў, няма, лічыць Шміт, нічога ў дзіўнага ў тым, што
іхная канфрантацыя ўпершыню ў чалавечай гісторыі пагражала самазьнішчэньнем
чалавецтва.
З Шмітава гледзішча,
войны 18-га стагодзьдзя ўдаюць сабой вяршыню ўздыму заходняй цывілізацыі
менавіта таму, што яны вяліся з амаральных пабуджэньняў. Наадварот,
маральнае апраўдваньне гвалту рыхтуе глубе для варварства, бо пазбаўляе
гвалт межаў: чым вышэйшай, чым больш абсалютнай ёсьць мэта, тым больш
рэлатыўнага зла ільга зьдзейсьніць у імя гэтай мэты. Выніковая ацэнка
будзе так ці йначай з маральнага гледзішча станоўчай, бо абсалютнае
дабро ў рэшце рэшт заўжды пераважыць якую-заўгодна колькасьць рэлатыўных
зол. Як толькі гвалт перастане апраўдвацца абмежаванымі палітычнымі
мэтамі (сымбалізаванымі “дзяржаўнымі інтарэсамі”), што знаходзяцца па-за
межамі дабра і зла, а пачне наадварот апраўдвацца маральнымі мэтамі
(якія ўдаюць сабой ядро рэлігійных дактрынаў), тады ў яго зьявіцца схільнасьць
да пераступу ўсіх межаў, якія кладзе на ягоным шляху маральная нэйтралізацыя
дзяржавы. Гэтай нэйтралізацыі Эўропа дасягнула ў Вэстфальскім міру менавіта
на падставе жахлівага досьведу спазнаньня маральна абгрунтаванага гвалту
рэлігійных войнаў.
Прынцып сувэрэнітэту
ясна адрозьніваў недатыкальную вобласьць нутраной палітыкі пэўнай дзяржавы
ад ейных міжнародных стасункаў. Кожная з гэтых дзьвюх вобласьцяў павінна
была кіравацца ўласным тыпам права; першая—правам самой гэтай дзяржавы,
другая—правам ваенным. Пасоўваньне ад манархічнай легітымнасьці ў бок
легітымнасьці дэмакратычнай—а гэтым і ў бок легітымнасьці нацыяналістычнай,
як што “народ”, складзены з роўнапраўных грамадзянаў, з культурнага
гледзішча заўсёды зьяўляецца спэцыфічным “народам”—напрыканцы 18 й напачатку
19 стагодзьдзяў было першым крокам на шляху да парушэньня гэтай сучаснай
дыхатоміі паміж нутраной і міжнароднай палітыкі. Гэтае парушэньне сымбалізаванае
ў пастаці партызана ў сучасным сэньсе гэтага слова, якая зьяўляецца
на сцэне падчас напалеёнаўскіх войнаў. Грамадзкі гвалт, які зьдзяйсьняе
войска, “прадстаўнік дзяржавы”, і прыватны гвалт недзяржаўных груповак
і не арганізаваных дзяржавай асобаў (прадстаўнікоў насельніцтва) ў пастаці
партызана крыжуюцца, бо “нерэгулярныя” партызанскія аддзелы ёсьць выразьнікам
спантаннай вайсковай самаарганізацыі насельніцтва ў момант паразы “рэгулярнага”
войска. Партызаны не кантралююцца дзяржавай, але тым ня менш легітымуюць
свае гвалтоўныя дзеяньні палітычнымі рацыямі—памкненьнем да абароны
й вызваленьня насельніцтва, зь якога партызанскія фармаваньні набіраюцца
й на чыю падтрымку пры правядзеньні сваіх акцыяў інфармацыйна абапіраюцца.
Іхнае знаходжаньне ў noman’s land* паміж “грамадзкім” і “прыватным”
гвалтам, паміж палітычнай і крымінальнай дзейнасьцю, прымушаюць акупацыйную
ўладу адмовіцца ад яснага адрозьненьня варожых жаўнераў ад цывільнага
насельніцтва. Як што посьпех партызанаў закладзены на падтрымцы з боку
насельніцтва, пасьпяховая вайна супраць партызанаў павінна абавязкова
быць вайной супраць насельніцтва.
Адначасова з рэлатывізацыяй
супрацьлегласьцяў паміж грамадзкім і прыватным гвалтам—злачынствам і
вайной, вайсковымі й паліцыйнымі мерамі, жаўнерам і цывільным насельніцтвам,
фронтам і тылам—пастаць партызана натуральна рэлатывізуе і супрацьлегласьць
паміж вайной і мірам: афіцыйны мір як вынік паразы й здабычы пэўнай
тэрыторыі ў сапраўднасьці стаецца працягам вайны іншымі—то бок партызанскімі—сродкамі.
Вынікам такой рэлатывізацыі ёсьць у такім выпадку й рэлатывізацыі адрозьненьняў
паміж тэрарыстычным і ваенным актам—тое, што партызаны лічаць легітымным
узброеным супрацівам акупацыі, прадстаўнікі дзяржавы-захопніцы ўспрымаюць
як тэрарыстычны—а значыцца, нелегітымны й злачынны—акт.
Партызан, які вядзе
нацыянальна-вызваленчую барацьбу, неадрыўна зьвязаны з тэрыторыяй мяшканьня
і этнічна-нацыянальнай тоеснасьцю дадзенага насельніцтва—гэта азначае,
што ягоныя мэты а часам і сродкі маюць загадзя дадзеныя тэрытарыяльныя
й культурныя межы. Аднак для партызана, які кіруецца ідэялагічнымі,
маральнымі ці рэлігійнымі матывамі, што грунтуюцца на нейкіх там унівэрсалісцкіх
каштоўнасьцях, гэтых межаў не існуе. Такі (ідэялагічны) партызан змагаецца
ў імя агульначалавечых каштоўнасьцяў (а ня проста за інтарэсы ці прызнаньне
асобнага нацыянальнага самавызначэньня), а такім чынам тэрыторыяй ягонага
змаганьня патэнцыяльна ёсьць уся планета цалкам. Радыкальныя левацкія
гэрыльі ў краіных трэцяга сьвету, сымбалем якіх у 70-я гады стаўся Чэ
Гэвара, ёсьць доказам моўнага заняпаду сучаснай палітыкі й ейнага ператварэньня
ў гвалт, пазбаўлены тэрытарыяльных а інстытуцыянальных абмежаваньняў,
які пагражае самазьнішчэньнем усяму чалавецтву. З Шмітава аналізу ільга
вывесьці імпліцытную магчымасьць таго, што ў наступнай сусьветнай вайне
ня будуць супрацьстаяць адна адной княствы, нацыянальныя дзяржавы альбо
ідэялагічныя блокі, а розныя групы насельніцтва, якія будуць зьнішчаць
адна адную ў імя супрацьлеглых рэлігійных альбо ідэялагічных дактрынаў.
Новыя тыпы канфліктаў
Шміт не здагадваўся,
што апошняя чвэрць 20-га стагодзьдзя будзе пазначаная ўзрастаньнем сумневаў
у дачыненьні да асьветніцка-прагрэсісцкіх праектаў, ва ўсходнім блоку
рэпрэзэнтаваных камунізмам, а ў заходнім—лібэралізмам. У гэты пэрыяд
меркаваньні пачалі адварочвацца ад “бліскучай будучыні” ў кірунку мінуўшчыны
й продкаў—ці то этнічных, як у выпадку нацыяналізму, альбо рэлігійных,
як у выпадку рэлігійнага фундамэнталізму. Шміт, аднак, не памыляўся
ў ацэнцы нарастаючай значнасьці ролі партызана ў гвалтоўных канфліктах.
Як было сказана, партызан увасабляе парушэньне дыхатоміі грамадзкага
й прыватнага гвалту й усіх астатніх супярэчнасьцяў, на якіх стаіць ня
толькі сучаснае разуменьне вайны, а таксама сама сучасная сыстэма нацыянальных
дзяржаваў. Узыход тэрарызму—леварадыкальнага (напрыклад, РАФ у Нямеччыне,
“Чырвоныя брыгады” ў Італіі, Гусманава “Сьветлая сьцяжына” ў Пэру) гэтаксама
як нацыяналістычнага (ІРА й пратэстанцкія вайсковыя фармаваньні ў Паўночнай
Ірландыі, ЭТА ў гішпанскай Басконіі, парамілітантныя групоўкі карсіканскіх
ці брэтаньскіх нацыяналістаў, палестынскія групоўкі з Арафатавай АВП,
“Тыгры вызваленьня Таміл-Іламу” на Шры-Ланцы) ці рэлігійнага (“Джыхад”
і “Гамах Ісламія” у Эгіпту)—у апошняй чвэрці 20-га стагодзьдзя ёсьць
яскравым доказам Шмітавай здольнасьці прадбачаньня.
Гэтая здольнасьць
таксама пацьвярджаецца падзеямі пасьля распаду ўсходняга блоку, калі
на шмат якіх месцах посткамуністычнага сьвету манаполія гвалту не вяртаецца
з узроўню блоку на ўзровень дзяржавы (альбо рэспублікі, часткі раскладзенай
камуністычнай фэдэрацыі), а наадварот стаецца прадметам спрэчак розных
этнічных, нацыянальна ці рэлігійна супрацьпастаўленых груповак. Грамадзянская
вайна зьмешваецца з нацыянальным канфліктам, і спрэчка аб легітымнасьці
рэжыму часта пераліваецца ў спрэчку аб легітымнасьці дзяржавы.5 У гвалтоўных
канфліктах (былая Югаславія, Чачэнія, Абхазія) цесна й неадрыўна праплятаюцца
злачынныя сеткі, якія перасьледуюць мэту прыватнага ўзбагачэньня, з
парамілітантымі сеткамі, якія змагаюцца за дасягненьне пэўных палітычных
мэтаў. Найбольш трагічным наступствам гэтых канфліктаў зьяўляецца давядзеньне
да скрайніх межаў рэлатывізацыі адрозьненьня паміж узброенымі групоўкамі
й цывільным насельніцтвам. Насельніцтва ня толькі стаецца ўсё больш
безабароннай ахвярай пабочных (ненаўмысных) наступстваў канфлікту, але
пакута, прыніжэньне, забойствы й выгнаньне цывільнага насельніцтва,
зьнішчэньне матэрыяльных сымбаляў іхнай культурнай тоеснасьці стаюцца
адной з галоўных мэтаў баявых дзеяньняў.
Гэтаму расхістваньню
манаполіі нацыянальнай дзяржавы, якое вядзецца “ „зьнізу” пасярэдніцтвам
прыватызацыі й набыцьцём гвалтам большай нефармальнасьці” адпавядае
ейнае расхістваньне “ „зьверху” пасярэдніцтвам транснацыяналізацыі ўзброеных
сілаў”6 у форме міратворчых корпусаў ААН, войскаў НАТО й часовых кааліцыяў,
прыкладам якой ёсьць хаўрусьніцкі альянс падчас вайны ў Пэрсідзкай затоцы
ў 1991 г. Акрамя гэтага, лакальныя парамілітантныя сілы зьядноўваюцца
ў сеткі, якія могуць паступова пераходзіць да транснацыянальных мэтаў
і сродкаў, асабліва калі яны (як тэрарыстычныя групоўкі джыхадыстаў)
атаясамляюцца з абагульненай тоеснасьцю, якая ўлучае шмат этнасаў, народаў
і грамадзтваў. Дзяржавы й блокі легітымавалі вайну нацыянальнымі інтарэсамі
альбо ідэялагічнай дактрынай, тым часам як парамілітантныя й тэрарыстычныя
сеткі апраўдваюць гвалт этнічнай альбо рэлігійнай прыналежнасьцю. Паколькі
гэтыя сеткі не кіруюцца тэрытарыяльнай дзяржавай, якая валодае легітымнай
манаполіяй на гвалт, гэтая прыналежнасьць не абавязкова мае яснае тэрытарыяльнае
замацаваньне (хаця й можа яго мець ў выпадку “нацыянальна-вызваленчых”
канфліктаў).
Як было ўзгадана,
зьмены ў тыпу дзеячаў (ад дзяржаўных да недзяржаўных) і ў тыпу легітымізацыі
(ад нацыянальнай дзяржавы й ідэялогіі да этнасу й рэлігіі) нясуць з
сабой і іншы спосаб барацьбы. Нацыянальныя альбо хаўрусьніцкія войскі
падпарадкоўваюцца ерархізаванаму кіраўніцтву, тым часам я к парамілітантныя
арганізацыі ёсьць дэцэнтралізаванымі й маюць форму сеткі, чые ячэйкі
могуць і пасьля зьнішчэньня каардынацыйнага цэнтру выконваць аўтаномную
дзейнасьць, і паводле магчымасьці ўзяць на сябе функцыю новага каардынацыйнага
цэнтру. Рэгулярныя войскі ваююць у першую чаргу супраць варожым войскам
(а цывільныя ахвяры лічацца неперадумыснымі й вартымі шкадаваньня эфэктамі
вайны), тым часам як парамілітантныя групоўкі часьцей чымся на ўзброеныя
адзінкі ворага засяроджваюцца на цывільным насельніцтве (яшчэ й таму,
што іхная вайсковая магутнасьць не дазваляе ім супрацьстаяць рэгулярнаму
войску); сучасная вайна складаецца з бітваў і ёсьць абмежаванай у часе,
тады як прысак новых этнічных і рэлігійных канфліктаў можа патыхаць
на працягу дзесяцігодзьдзяў.
Як піша Мэры Кальдор:
“Як што мэтай (сучаснай вайны—М.Шч.) вельмі часта стаецца дэстабілізацыя
й перамяшчэньне насельніцтва, а зусім не зьнішчэньне ясна вызначанага
апанэнта, дык тое, што раней было пабочнымі эфэктамі вайны апынаецца
ў цэнтры й вызначае спосаб вядзеньня барацьбы. Кідкая жорсткасьць, сыстэматычныя
гвалтаваньні, узяцьце закладнікаў, мораньне голадам і аблога, зьнішчэньне
рэлігійных і гістарычных помнікаў, выкарыстаньне бомбаў і ракет супраць
цывільных мішэняў, перадусім будынкаў, шпіталёў альбо шматлюдным месцаў,
такіх як кірмашы... усталяваньне проціпяхотных мінаў, якія павінны зрабіць
ненасельнымі цэлыя вобласьці... Мэтай усяго гэтага ёсьць засяваньне
боязі й нязгоды, унукаць людзям невыносныя згадкі аб тым, што калісьці
было іхным домам, ганьбаваць усё, што ёсьць носьбітам сацыяльнага сэнсу.
Часта варагуючыя бакі супрацоўнічаюць між сабой, а бітвы, якія былі
асноўным элемэнтам клаўзэвіцкага вайсковага мастацтва, здараюцца даволі
рэдка. З гэтага ўсяго вынікае высокі лік ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва,
перадусім у параўнаньні зь лікам ахвяраў у шэрагах узброеных груповак.
Кажуць, што новыя войны ёсьць вяртнаньнем да прымітывізму. Аднак прымітыўныя
войны былі надзвычай рытуалізаванымі й абмежаванымі сацыяльнымі бар’ерамі.
Сучасныя войны ёсьць рацыянальнымі ў тым сэньсе, што яны карыстаюццца
рацыянальным мысьленьнем дзеля дасягненьня мэты вайны й адкідаюць усялякія
нарматыўныя абмежаваньні.”7
Нядаўнія канфлікты
этнічных і рэлігійных груповак у Афрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе альбо
ў посткамуністычным сьвеце паставілі перад Захадам і міжнароднай супольнасьцю
пытаньні наконт іхнага магчымага гуманітарнага й вайсковага ўмяшаньня
ў гэтыя канфлікты й іхнага ўдзелу ў стабілізацыйных і мірных працэсах,
а ў выпадку патрэбы—у пакараньні вінаватых у ваенных злачынствах. Маральныя
і палітычныя дылемы новага кшталту паўсталі менавіта ў выніку таго,
што шэраг гэтых канфліктаў не адпавядае сучаснай дыхатоміі паміж свойскай
(нутраной) і замежнай палітыкай—тое, што з аднаго гледзішча можа выглядаць
як грамадзянскі канфлікт, зь іншага стварае ўражаньне міжнароднага канфлікту;
тое, што выяўляецца як прыгнёт насельніцтва з боку дзяржавы, зь іншага
боку можа выглядаць як напад адной нацыі на другую. “У сучасным кантэксту
карыстацца бінарнымі апазіцыямі, якія адрозьнівалі прыватны (злачынны)
гвалт ад грамадзкага (легітымнага), альбо зьнешні (міжнародны) гвалт
ад нутранога (грамадзянскага), вельмі складана. У сапраўднасьці, пастаўлена
пад сумнеў само адрозьненьне паміж вайной (як часовым і геаграфічным
абмежаваньнем арганізаванага гвалту) імірам.”
8
Калі так, адкуль мы
можам ведаць, калі павінна ўжывацца ваеннае права, а калі—права, дзейнае
ў мірныя часы? Гаагскія пагадненьні (1907 г.) пакінулі нам у спадчыну
кадыфікацыю тагачаснага ваеннага права. Гэтае права было дапоўненае
прынцыпамі Нюрнбэрскага й Такійскага працэсаў, што былі першымі міжнароднымі
працэсамі над асобамі, абвінавачанымі ў ваенных злачынствах супраць
чалавецтва. Побач з гэтым міжнародным гуманітарным правам, якое вырасла
з ранейшага ваеннага права й якое было кадыфікаванае Жэнеўскімі пагадненьнямі
1949 году, ад часоў прыняцьця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека
(1948 г.) пачалі разьвівацца міжнародныя прававыя нормы ў галіне правоў
чалавека. Менавіта: першае датычылася злачынстваў і злоўжываньня ўладай
у міжнародных вайсковых канфліктах, другое— злачынстваў і злоўжываньня
ўладай у мірны час. Гэты падзел страчвае сэнс у сытуацыі, калі само
пытаньне наконт тыпу канфлікту (міжнародны/ грамадзянскі) й тыпу гвалту
(напад/ прыгнёт, дзяржаўны/ прыватны) ёсьць спрэчным і зьяўляецца прадметам
нязгоды між пасваранымі бакамі.9 Як сьцьвярджае Эрхард Эплер, у такіх
канфліктах надзвычай цяжка ставіць пытаньне аб “справядлівасьці” вядзеньня
вайны, таму ўся ўвага пераносіцца на пытаньне “легітымнага гвалту”.10
Кальдор канстатуе,
што Захад і міжнародная супольнасьць у 90-х гг. імкнуліся, з аднога
боку, пасярэднічаць у перамовах з мэтай дасягненьня міру, закладзенага
на прыняцьці нацыянальнага самавызначэньня іхных удзельнікаў (напрыклад,
Дэйтанскія дамовы аб сканчэньні канфлікта ў Босніі альбо дамова ў Осла
наконт спыненьня палестынска-ізраільскага канфлікту), а з другога—запабягаць
расшырэньню канфлікта на іншыя рэгіёны й краіны. Абодва падыходы, паводле
Кальдор, ёсьць нерэалістычнымі, бо не прымаюць да ўвагі новы тып войнаў:
“першы падыход вядзе да несправядлівых і недаўгавечных часовых замірэньняў,
якія шкодзяць легітымнасьці й давернасьці міжнародных інстытутаў. Ваюючыя
фракцыі не зьяўляюцца дзяржавамі, а таму ня могуць альбо ня хочуць гарантаваць
мір. Другі падыход ня ўлічвае транснацыянальны характар новых войнаў
і немагчымасьць ізаляваць краіну альбо групу краінаў ад уцекачоў, транснацыянальных
злачынных груповак і палітычных лоббі, што дзейнічаюць у дыяспары.”
11
Новыя войны ёсьць
адначасова лакальнымі й глабальнымі. Хаця яны й могуць мець нейкі тэрытарыяльны
эпіцэнтар, яны абапіраюцца на транснацыянальную ўздапаможную сетку і
ў бальшыні выпадкаў могуць быць прыпыненыя альбо скончаныя толькі ў
выніку ўмяшаньня наднацыянальных сілаў, пры падтрымцы ці то ўстановаў
калектыўнай бясьпекі, такіх як ААН, ці то вайсковых пактаў, такіх як
НАТО. Паводле Кальдор, адзінай магчымасьцю ў гэтай сытуацыі ёсьць зразумець
субдзяржаўную “дэвалюцыю” й надзяржаўную “дэлегацыю” манаполіі на гвалт
як выклік адыйсьці ад матрыцы прынцыпаў сувэрэннасьці й ад сучаснай
дыхатоміі паміж нутраной і замежнай палітыкай ды паспрабаваць распрацаваць
новы тып інтэрвэнцыянізму, які будзе недвухсэнсоўна закладзены на “абавязках
і правох, зноў вызначаных у космапалітычных катэгорыях”.12
Гэтаксама як і Давід
Гельд, Кальдор сьцьвярджае, што галоўнае, чаму нас вучыць досьвед канфліктаў
90-х гг., гэта тое, што із нельга вырашыць толькі з дапамогай выкарыстаньня
вайсковай моцы й запалохваньня, на якія спадзяваліся ў сваіх рэцэптах
прыхільнікі прымяненьня рэалістычных тэорыяў міжнародных стасункаў у
дачыненьні да сучасных войнаў між дзяржавамі.13 Для гэтых войнаў зьяўлялася
ключавым заваяваць альбо ахоўваць нейкую тэрыторыю, бо самаўсьведамленьне
й мэты варагуючых бакоў (тэрытарыяльных дзяржаваў) фармуляваліся перадусім
у сувязі зь нейкай тэрыторыяй. Але як толькі вораг ня можа быць лёгка
атаясамлёны зь нейкай тэрытарыяльнай дзяржавай, але ўтварае свае шэрагі
з насельніцтва, якое ўзбройваецца самастойна, і зьвязаны з міжнароднай
уздапаможнай сеткай, у такім выпадку вайсковая заваёва нейкай тэрыторыі
можа азначаць не перамогу, а толькі тое, што вайна набывае іншую форму.
Менавіта ў гэтым пераканаліся
рускія ў Чачні, альбо ізраільцы ў Палестыне: перамога ў выглядзе заваёвы
тэрыторыі можа выявіцца ў далейшым як Піррава перамога. Ейным вынікам
у бальшыні выпадкаў ёсьць матэрыяльная й маральная фрустрацыя падпарадкаванага
насельніцтва, на глебе якой паўстаюць новыя генерацыі чым далей тым
болей апантаных баявікоў, што ўдаюць сабой нешта сярэдняе між злачынцамі
й паўстанцамі, парушэньнем закона й сьвятой вайной. Нават найбольш дасканалая
тэхніка і ўзбраеньне ў распарадкаваньні войска й паліцыі ня можа гарантаваць
бясьпеку мэтраполіі ані самім акупаваным зонам. Тэрарысты могуць з часам
завалодаць біялагічнай, ядзернай і іншай зброяй, якую дзяржавы распрацоўваюць
з мэтай іхнай самаабароны, і такім чынам прынесьці пераможцам дагэтуль
нечуваныя страты. Чым больш дзейных тэхналагічных сродкаў вядзеньня
вайны будуць распрацоўваць дзяржавы, тым большай будзе іхная паранойя,
бо яны ніколі ня будуць цалкам упэўненыя ў тым, што гэтыя сродкі не
патрапяць у рукі ворага. Таму што вораг можа апэраваць паўсюль. Ворагам
можа быць “хто-заўгодна” з нас, ягоныя пальцы здольныя дасягнуць і да
найбольш таямнічых схованак дзяржаўнага апарату. Стратэгія запалохваньня,
гвалтоўнага падпарадкаваньня й тэхналагічнага разьвіцьця ўсё больш эфектыўных
прыладаў забойства, якая ў канфліктах паміж дзяржавамі была дастатковай,
перастае прыносіць чаканыя вынікі ў канфліктах зь сеткападобнымі й распасьцёртымі
па ўсёй планэце групоўкамі асобаў, апрацаваных нацыяналістычнымі, ідэялагічнымі
й рэлігійнымі дактрынамі.
Таму надакор мадэрновай
канцэпцыі “дысымэтрычнага канфлікту” вайсковыя экспэрты ЗША пачалі распрацоўваць
канцэпцыю “асымэтрычнага канфлікту”. Тым часам як першая канцэпцыя бярэ
да ўвагі квантытатыўнае адрозьненьне ў магутнасьці й вайсковым патэнцыяле
ваюючых бакоў—слабая дзяржава супраць моцнай—другая канцэпцыя адпавядае
сытуацыі, у якой існуе квалітатыўная (якасная) розьніца паміж кшталтамі
супернікаў і іхнымі сродкамі, мэтамі й каштоўнасьцямі.14 (...) У змаганьні
з асымэтрычным ворагам дзяржаве не застаецца нічога іншага, як толькі
карыстацца спэцыяльнымі мэтадамі, распрацаванымі ў барацьбе з арганізаванай
злачыннасьцю. Гэтыя мэтады ў значнай ступені капіруюць мэтады асымэтрычнага
ворага—інфільтрацыя ягоных структураў, шантаж, мэтаскіраваныя рэпрэсіі
альбо забойствы правадыроў, якімі зьяўляюцца, напрыклад, ізраільскія
“зьдзяйсьненьні сьмяротных прысудаў” у дачыненьні да палестынскіх тэрарыстаў
(сапраўдных альбо ўяўных) з дапамогай кіраваных ракетаў. Усё гэта сьведчыць
аб вялізарнай небясьпецы для правоў чалавека, якую нясе з сабой разьвіцьцё
лібэральнымі дзяржавамі такіх стратэгіяў самаабароны. (...)
Яшчэ больш радыкальны аналіз новай свомасьці барацьбы з тэрарызмам прапанавалі
Дэйвід Ронфэльдт і Джон Аркілья ў сваёй канцэпцыі “вайны сетак”—netwar.
“Аль Кайда”, паводле іхнага меркаваньня, ня можа быць параўнаная ані
з герархічнымі войскамі, ані з класічнай партызанскай герыльяй, бо цэнтар
адыграе ў ёй чыста сымбалічную ролю, а сам рух дзейнічае паводле прынцыпу
электроннай сеткі, якая складаецца з адносна аўтаномных, хаця й злучаных
вузлоў: большыя й меншыя групоўкі й асобы дзейнічаюць паасобна й карыстаюцца
гарызантальнай камунікацыяй і каардынацыяй без наяўнасьці нейкага кіруючага
цэнтра. Зьнішчэньне адной—уяўна цэнтральнай—клеткі такога зьменлівага
арганізму не вядзе да зьнішчэньня сеткі, бо на іншым ейным месцы ўзьнікае
новая, аднолькава небясьпечная клетка. Таму аўтары гэтай канцжпцыі падкрэсьліваюць,
што тэрытарыяльная ваенная кампанія такому ворагу ня страшная. Гнуткую
й дэцэнтралізаваную сетку можа абясшкодзіць не няўклюдная цэнтралізаваная
структура, а, зноў-такі, іншая сетка, якая здолее пранікнуць у варожую
сетку й адначасова абсячы як мага большую колькасьць ейных ключовых
вузлоў.
Захад перад выбарам
Гвалтоўныя канфлікты
90-х гг. дваццатага стагодзьдзя наблізілі нас да “пост-вэстфальскай”
палітычнай рэчаіснасьці, у якой чым далей, тым больш невыразнай робіцца
дыхатомія паміж патэнцыяльнай вайной на зьнешніх межах дзяржавы (альбо
блокаў дзяржаваў) і мірам усярэдзіне гэтых межаў. Тым ня менш да 11
верасьня 2001 году заходнія аналітыкі, палітыкі й грамадзкія актывісты
разглядалі гэты новы далягляд у рамках супярэчнасьцяў паміж заможнай
і мірнай Поўначчу й абцяжараным галечай і войнамі Поўднем (улучна з
тымі вобласьцямі, якія далучыліся да Поўдня пасьля распаду Савецкага
саюза). Менавіта гэтая глабальная дыхатомія паміж утульным і цывілізаваным
“нутрам” і негасьцінным варварскім “вонкам” скаланулася ў выніку падзеньня
дзьвюх вежаў ню-ёркскага Сусьветнага гандлёвага цэнтру. Выявілася, што
барбары ўжо не чакаюць ante portas*, а зьявіліся паміж намі, заходнімі
гараджанамі-буржуа. З гэтым мы страцілі пазіцыю зьнешняга назіральніка,
пасярэдніка й памочніка, а самі апынуліся ў цэнтры канфлікту. (...)
Наогул кажучы, ільга
вызначыць дзьве магчымыя рэакцыі Захаду на 11 верасьня. Захад можа паспрабаваць
аднавіць зруйнаваную дыхатомію паміж “нутрам” і “вонкам” як узаемна
адмоўных супярэчнасьцяў, альбо прызнаць ейнае банкруцтва й прыпусьціць,
што абодва полюсы ёсьць узаемна абумоўленымі. Першая стратэгія ёсьць
з псыхалагічнага гледзішча прасьцейшай: вораг ёсьць зьнешнім парушальнікам
нутраной прасторы, таму трэба выгнаць яго туды, адкуль ён прыйшоў, а
потым зноў пачаць ахоўваць адноўленыя межы паміж дабром і злом, цывілізацыяй
і барбарствам, адукаваным сэкулярызмам і цемрашальскім ісламізмам. Другая
стратэгія прымаецца больш цяжка: яна наперад пакладае наяўнасьць волі
да вырашэньня канфлікту безь ягонай рэдукцыі на бінарныя апазіцыі, складзеныя
зь нявіннага й добрага “мы” й зламыснага “яны”, лібэральнага й плюралістычнага
Захаду й фундамэнталісцкага й таталітарнага Ўсходу, Амэрыкі як краіны
правоў чалавека й трэцяга сьвету як вобласьці аўтарытарных рэжымаў і
рэтраградных рэлігійных рухаў.
Для Амэрыкі прыняцьце
другой канцэпцыі азначала б расплюшчаньне вачэй на факты ейнай папярэдняй
дзейнасьці ў ісламска-арабскай прасторы. Амэрыка мусіла б прызнаць,
што цягам доўгіх дзесяцігодзьдзяў падтрымлівала ў рамках сьвятога хаўрусу
супраць бязбожнаму Ўсходу ня толькі менавіта тую плыню тамтэйшай палітыкі,
зь якой выйшаў джыхадысцкі тэрарызм, але й дапамагала гэтаму тэрарызму
ў ягоных першых кроках. Амэрыка павінна наважыцца зірнуць у люстэрка,
якое ёй настаўляе фрустраванае насельніцтва трэцяга сьвету—для яго Амэрыка
ня ёсьць краінай свабоды й справядлівасьці, але імпэрыялістычнай супэрдзяржавай,
якая бароніць свае інтарэсы нягледзячы ні на што й хаўрусуе з найбольш
крывавымі дыктатарамі й злачынцамі, такімі як Садам Хусэйн альбо Манўэль
Нор’ега, пакуль гэта для яе выгадна. З гледзішча Бліжняга Ўсходу, наўрад-ці
Амэрыка можа ўспрымацца як абаронца правоў чалавека ва ўсім сьвеце,
як што на працягу дзесяцігодзьдзяў ейнай хаўрусьніцай застаецца дэспатычная
й тэакратычная Саудаўская Арабія.
У Пакістане Амэрыка
сыстэматычна падтрымлівала рэжым генерала Зіяўла Хака (у 1977-1988 гг.),
які ісламізаваў тамтэйшае грамадзтва паводле рэцэптаў тых фундамэнталісцкіх
плыняў, зь якіх пазьней паўстаў Талібан. Гэтым ЗША стваралі ўмовы для
цяперашняй крытычнай сытуацыі ў гэтай краіне. Амэрыканская доўгатэрміновая
падтрымка Ізраілю, які ад 1967 году ня толькі займае, але й сыстэматычна
засяляе тэрыторыі, што паводле рэзалюцыі ААН належаць палестынскім арабам,
сымбалізуе лучнасьць Амэрыкі са старым эўрапейскім каланізацыйным праектам,
зь якога ў рэшце рэшт паўстала яна сама. Менавіта гэты праект удае сабой
найбольш агульны гістарычны кантэкст сучаснай сітуацыі.
Гэты кантэкст праблематызуе
дыхатомію цывілізацыя/барбарства, да якой зноў спаўзае фантазія часткі
заходніх палітыкаў. Хіба неабходнымі элемэнтамі падчас экспансіі заходняй
цывілізацыі упоравень з гандлем і дыялогам не былі масавае вынішчэньне
карэннага насельніцтва й расісцкі гандаль рабамі? (Амэрыканцы, здаецца,
павінны аб гэтым сёе-тое ведаць.) Хіба на працягу доўгага часу багацьце
эўраамэрыканскага сьвету не жывілася эксплуатацыяй прыродных і чалавечых
рэсурсаў па-за межамі гэтага сьвету? Хіба індустрыялізаванае масавае
забойства не ступіла на эўрапейскі кантынент у час першай сусьветнай
вайны менавіта ў выніку неўтаймоўнага змаганьня паміж эўрапейскімі дзяржавамі
за падзяленьне пазаэўрапейскага сьвету? Дык, з гэтага гледзішча, дзе
тады ўласна “цывілізацыя”, а дзе “барбарства”?
Такое ўзьняцьце пытаньня
ня ёсьць нейкім няўдзельным пошукам праўды, а непадзельнай часткай самога
канфлікту, які адбываецца ня толькі ў міжнародна-палітычным, але і ў
дыскурсіўна-ідэялагічным рэчышчы. Поруч з сіламі і ўладамі ў ім сутыкаюцца
дэфініцыі й інтэрпрэтацыі—розныя азначэньні гульні й вызначэньні таго,
зь якой мэтай яна вядзецца. Адбываецца ня толькі спаборніцтва паміж
дзеячамі-акторамі ў рамках зададзеных сцэнараў, але й спаборніцтва між
самімі сцэнарамі. Галоўным пытаньнем, якое расцьвялілі верасьнёўскія
тэрарыстычныя ўдары, ёсьць наступнае: да якой ступені Амэрыка й Захад
будуць гуляць ролі, прысуджаныя ім у сваім сцэнары Бін Ладэнам—ролі
імпэрыяў, якія сваёй вагой імкнуцца расчавіць, прынізіць і выкараніць
усё, што наважваецца ім супрацьстаяць. Тэрарысты зрабілі спробу справакаваць
супраць усіх (мусульманаў—М.Шч.) такія рэпрэсіі, якія б поруч зь імі
і іхнымі памагатаямі закранулі б і масы цывільнага насельніцтва, узьнялі
масавы супраціў Захаду й зрабіла зь іх, тэрарыстаў, гераічных прадстаўнікоў
усіх тых, хто “прыніжаны й пакрыўджаны” папярэдняй гегемоніяй Захаду.
Ад самага пачатку
канфлікту Амэрыка вагаецца паміж прыняцьцем Бін Ладэнава сцэнару й памкненьнем
да рэалізацыі сцэнару альтэрнатыўнага, у якім ёсьць супрацьпастаўленымі
ня Захад і іслам, а рэлігійна рознастайная планэтарная цывілізацыя й
жменька звар’яцелых фанатыкаў. Канкрэтна гэта азначае, што дзеяньні
Амэрыкі ўвесь час пасоўваюцца сюды-туды ўдоўж непарыўнай лініі, якая
вядзе ад нацыяналістычнага (а праз магутную пазіцыю ЗША ў сьвеце і імпэрыялістычнага)
унілатэралізму (аднабаковасьці) да касмапалітычнага мультылатэралізму
(шматбаковасьці). Да першага належыць Рамсфэльдава міністэрства абароны
зь ягоным намесьнікам Вольфавіцам і дарадчыцай прэзыдэнта ў пытаньнях
дзяржаўнай бясьпекі Кондалізай Райс, да другога—міністэрства замежных
справаў на чале з Колінам Паўэлам. (...) Першы накірунак падкрэсьлівае,
што удар тэрарыстаў ёсьць нападам на Амэрыку (на ейнае самавызначэньне,
інтарэсы й каштоўнасьці), а таму Амэрыка мае права скарыстаць для ўдару
ў адказ якія-заўгодна сродкі ў любой частцы сьвету і супраць каго-заўгодна,
каго яна азначыць за небясьпеку паводле сваіх уласных крытэраў. Згодна
гэтаму погляду, ідзецца пра айчынную вайну, у якой патрабуецца тэрытарыяльна
лакалізаваць ворага й ягоных хаўрусьнікаў, а потым іх зьнішчыць, не
зважаючы на дамовы зь іншымі сіламі ў сусьветнай супольнасьці, а калі
трэба—дык і надакор гэтым сілам: “хто ня з намі, той супраць нас”. Амэрыка,
маўляў, мае права дзейнічаць самастойна. У спалучэньні з маніхейскай
і крыжацкай рэторыкай перавага такога падыходу азначала б сымбалічную
перамогу Бін Ладэна (на іншую перамогу ў першай стадыі канфлікту ён
разьлічваць бадай ня мог): той быў бы прызнаны за “мусульманскага Чэ
Гевару” (паводле азначэньня Бабуса) альбо “арабскага Робіна Гуда” (Кэпэль),
які кінуў выклік Амэрыцы: за абаронцу першапачаткова каланізаваных грамадзтваў,
якія хоць і маюць фармальную незалежнасьць, але ў сапраўднасьці падпарадкаваныя
(часта пасярэдніцтвам калабарацыі ўласных рэнегацкіх элітаў) эканамічнаму,
палітычнаму й культурнаму дыктату Захаду.
Супраць нацыяналістычнай
рэакцыі, якая прыймае гэты выклік і абараняе імпэрыяльную пазіцыю Амэрыкі
ў сучасным сьвеце перад паўстаньнем разьятраных парыяў, выказваецца
унівэрсалісцкая, ці то космапалітычная рэакцыя. Ейны падыход у ідэале
ільга акрэсьліць наступным чынам. Удар па Ню-Ёрку з боку палітычных
супернікаў Амэрыкі быў абвяшчэньнем вайны ня толькі ёй, а ўсёй супольнасьці,
якая імкнецца забясьпечыць для насельніцтва годнае жыцьцё ва ўмовах
свабоды і міру. Таму змаганьне з тэрарызмам павінна абапірацца на супрацоўніцтва
ў межах як мага больш шырокай планэтарнай кааліцыі, заснаванай паводле
магчымасьці на роўнапраўным партнэрстве ўсіх тых, хто шануе права людзей
на жыцьцё, дэмакратычны выбар і пошукі шчасьця. Гэтыя каштоўнасьці ня
ёсьць амэрыканскай маёмасьцю, але маёмасьцю патэнцыяльна агульначалавечай,
нягледзячы на тое, што кожнае грамадзтва асвойтвае і разьвівае гэтыя
каштоўнасьці сваім уласным чынам—у межах сваіх спэцыфічных гісторыка-культурных
каардынатаў.
З гэтага другога гледзішча
найбольш дзейнай абаронай ад тэрарызму будзе, калі Амэрыка ва ўсіх сваіх
дзеяньнях у адказ зважаць на інтарэсы й меркаваньні арабскіх і ісламскіх
грамадзтваў (якія, зразумела, варта адрозьніваць ад рэжымаў ва ўладзе).
(...) Гарвардзкі паліталог Стэнлі Гофман сфармуляваў гэты другі падыход
такім чынам: “Калі ахова перад тэрарызмам адпавядае інтарэсам агульнага
глабальнага дабра, калі мы змагаемся за людзкасьць... тады мы павінны
паводзіць сябе не як народ, якому ўласьцівая грэшная прага помсты...,
а наадварот, як краіна, якая змагаецца са згоды астатніх і датрымлівае
нормы й абмежаваньні міжнароднага права.”15 Такі падыход наперад пакладае
пошук падтрымкі амэрыканскіх процітэрарысцкіх намераў у рамках ААН і
іншых міжнародных установаў, а ў далейшай пэрспэктыве—стварэньне міжнароднай
прававой сыстэмы, у цэнтры якой стаяў бы Міжнародны крымінальны трыбунал.
(Ізаляцыяністычнае крыло амэрыканскай палітыкі—што мае свайго найвялікшага
хаўрусьніка менавіта ў асобе прэзыдэнта Буша—да гэтага часу зацята баранілася
супраць ягонага завядзеньня.)
Хістаньне паміж двума
апісанымі падыходамі сталася відочным у спосабе апраўданьня й правядзеньня
афганскай апэрацыі. З аднаго боку, гэтая апэрацыя вялася на ўздыме хвалі
нацыянальнай годнасьці й адзінства, калі не шавінізму, што некаторых
журналістаў змушала да самацэнзуры й завядзеньня эмбарго на крытыку
Буша й ягонай адміністрацыі. З другога боку, ЗША (і іхныя эўрапейскія
хаўрусьнікі) імкнуліся знайсьці дыпламатычную падтрымку й дамагчыся
кансэксусу міжнароднай супольнасьці, як з дапамогай рэзалюцыі Рады бясьпекі
ад 28-га верасьня, так і з дапамогай двухбаковых кантактаў і несупыннай
камунікацыі з прадстаўнікамі арабскіх і мусульманскіх краінаў.
* * *
Тэрарыстычныя акты 11-га верасьня асьвятлілі тыя ростані, на якіх Захад
апынуўся пасьля сканчэньня дэкаланізацыі трэцяга сьвету ў 70-х гг.,
перамогі над камунізмам напрыканцы 80-х і пачатку інтэнсіўнай эканамічнай
і культурнай глабалізацыі ў 90-х: у яго ёсьць магчымасьць альбо пагадзіцца
зь сілавымі рысамі глабальнага супрацьстаяньня, якія праступаюць на
межах з ісламскімі грамадзтвамі (“крывавы паўмесяц” Гантынгтона, які
цягнецца ад Паўночнай Афрыкі паўз Бліжні Ўсход да Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй
Азіі) і такім чынам пачаць рыхтавацца да вайны між цывілізацыямі, альбо
інтэрпрэтаваць гэтыя сілавыя рысы як незагоеныя шнары колішняй каланізацыі
й пачаць будаваць разам зь іншымі грамадзтвамі адзіную цывілізацыю.
У першым выпадку Захад будзе разумець прынцыпы павагі да жыцьця, дэмакратыі
й рэлігійнай талерантнасьці як выключна сваю ўласную спадчыну, у другім—успрымацьме
гэтыя прынцыпы як супольную спадчыну чалавецтва й магчымы падмурак для
цэлапланэтнага суіснаваньня.
Прорва паміж першым
і трэцім сьветамі ня ёсьць выразьнікам адпачатна існага падзелу між
цывілізацыямі. Вобраз культурных адрозьненьняў паміж (нібыта) бязбожным,
але рахманым Захадам і (нібыта) пабожным, але гвалтоўным Усходам ёсьць
толькі адным з аспэктаў дачыненьня паміж багатай і моцнай Поўначчу й
бедным і бездапаможным Поўднем, між былым каланізатарам і былым каланізаваным,
які паўстае супраць каланізацыі пасярэдніцтвам выяўленьня свайго культурнага
самаўсьведамленьня. Рэлігійнае самасьцьвярджэньне само па сабе ёсьць
элемэнтам мадэрнізацыі ісламскіх грамадзтваў (гэтаксама як нацыяналізм
сярэднеэўрапейскіх народаў быў часткай іхнай мадэрнізацыі), а таму ў
пэрспэктыве не выключае кампрамісу з унівэрсальнымі прынцыпамі свабоды,
дэмакратыі й плюралізму. Спэцыфікацыя й канкрэтныя інстытуцыйныя формы
ажыцьцяўленьня гэтых прынцыпаў будуць, вядома ж, выходзіць з адметных
пазаэўрапейскіх культурных кантэкстаў, а таму могуць шмат у чым адрозьнівацца
ад іхных эўрапейскіх варыянтаў.
Тое, якую зь дзьвюх
інтэрпрэтацыяў сучаснага крызісу Захад абярэ, будзе мець уплыў на ягоную
практычную палітыку й канец канцоў прывядзе да ўвасабленьня адной з
гэтых інтэрпрэтацыяў. Калі Захад абярэ першую зь іх, дык тады ён можа
забыцца на свой унівэрсалізм (што бярэ выток у грэцкай філасофіі, хрысьціянстве
й эпосе асьветніцтва) і абмежаваць дзейнасьць прынцыпаў павагі да жыцьця,
права на дэмакратычны выбар і на свабодныя пошукі шчасьця на эўраамэрыканскую
вобласьць. Тады старая логіка халоднай вайны будзе прыстасаваная да
новых каардынатаў сутыкненьня цывілізацыяў—замест камунізму Захад будзе
супрацьстаяць ісламскай і іншым супольнасьцям, якія будзе ўважаць за
варожыя што да сваіх каштоўнасьцяў. (Нездарма міністар абароны ЗША Дональд
Рамсфэльд аднойчы выкарыстаў выраз “новая халодная вайна”.) Такая канфрантацыя
Захаду супраць астатняга сьвету (West against Rest), аднак, будзе мець
на мэце не планетарную экспансію й перамогу над “імпэрыяй Зла”, а абарону
ўласнага ладу жыцьця ад ладу жыцьця чужыннага.
Калі Захад прыйме другую інтэрпрэтацыю, тады ён падтрымае унівэрсалісцкую
амбіцыю сваіх прынцыпаў, але адначасова будзе мусіць правесьці пасьлядоўную
крытыку папярэдняга злоўжываньня гэтымі прынцыпамі дзеля апраўданьня
сваіх імпэрыялістычных амбіцыяў. Фальшывы унівэрсалізм мінуўшчыны, для
якога гэтыя прынцыпы былі толькі транспарантам, пад якім Захад вёў бязьлітаснае
змаганьне за свае партыкулярныя інтарэсы, павінен саступіць месца сапраўднаму
унівэрсалізму, пры якім гэтыя прынцыпы перастануць быць выключнай маёмасьцю
Захаду й будуць асвойтвацца й рэ-фармулявацца й рэ-спэцыфікавацца незаходнімі
супольнасьцямі зь іхных уласных, гістарычна й культурна абумоўленых
пэрспэктываў. Замест канфлікту цывілізацыяў будзе адбывацца спрэчка
паміж культурамі наконт вызначэньня й інтэрпрэтацыі супольных каштоўнасьцяў
у межаз адзінай планэтарнай цывілізацыі. У адрозьненьне ад “сутыкненьня
цывілізацыяў”, у гэтым “сутыкненьні культураў” патэнцыяльны гвалт ня
будзе мець ролю галоўнага спосабу ўзаемадзеяньня, але будзе займаць
пазіцыю паталагічнага фэномэну. (...)
Каб такая унівэрсальная
цывілізацыя насамрэч узьнікла, хірургічнае ўмяшаньне супраць паталагічнаму
сымптому павінна быць дапоўненае доўгатэрміновай стратэгіяй лячэньня
хваробы, азнакай якой гэты сымптом зьяўляецца. Сацыяльна-эканамічныя,
палітычныя, псыхалагічныя й культурныя бакі гэтай хваробы прасьцей за
ўсё зразумець сыходзячы з каланізацыйнай акцыі й дэкаланізацыйнай рэакцыі,
зь якіх на працягу двух папярэдніх стагодзьдзяў паўстаў сусьветны лад.
Хвароба гэтая палягае ў цэлапланэтнай палярызацыі багацьця й беднасьці,
моцы й бездапаможнасьці, разьвіцьця й заняпаду, годнасьці й непаўнавартасьці.
Наўрад-ці гэтая хвароба ёсьць непасрэднай “прычынай” тэрарызму, але
ў кожным выпадку яна ёсьць глебай, на якой ён вырастае, асяродзьдзем,
якое яму спрыяе й якое апраўдвае тэрарызм уваччу тых, хто знаходзіцца
на меней выгодным краі гэтых супрацьлегласьцяў.
(Footnotes)
*нічыйнай тэрыторыі (анг.)
*за дзьвярыма (лац.)
(Endnotes)
1 Giddens, Anthony. The Modern State and Violence. Cambridge, Polity
Press, 1987.
2 Kaldor, Mary. Reconceptualizing Organized Violence. In: Archibugi
Daniele, Held, David, Koheller, Martin: Reimagining Political Community.
Studies in Cosmopolitan Democracy, Camrbidge, Polity Press, 1998:91-110,
стар. 93
3 Тамсама, стар. 95.
4 Schmitt, Carl. Theorie des Partisanen, Duncker und Humbolt. Berlin,
1963.
5 Barљa, Pavel. Narodnostni konflikt a pluralni identita.
6 Kaldor, Mary. Стар. 108.
7 Тамсама, стар. 99-100. Кальдор таксама зьвяртае ўвагу на тое, што
розным тыпам вайны адпавядаюць розныя тыпы гаспадарак: як пацьвердзіла
2-я сусьветная вайна, войны нацыянальных дзяржаваў грунтуюцца на татальнай
мабілізацыі людзей і рэсурсаў, робяць акцэнт на цэнтралізацыі і аўтаркіі,
на сацыяльным забесьпячэньні й поўнай працоўнай занятасьці, таму адным
з неперадумысных эфэктаў 2-й сусьветнай вайны ў шмат якіх эўрапейскіх
краінах было закладаньне падмуркаў сацыяльнай дзяржавы. Наадварот, у
этнічных і рэлігійных канфліктах 90-х гг. часта разам зь дзяржавай былі
зруйнаваныя самыя звычайныя эканамічныя мэханізмы і ўстановы, таму магчымасьць
выжыць (і весьці вайну) шмат калі залежыць ад гуманітарнай дапамогі,
транснацыянальным гандлі наркотыкамі альбо зброяй, ці таксама на замежнай
дапамозе, што прыходзіць калі ад іншых дзяржаваў, калі з дыяспары адной
з варожых этнічных груповак, калі ад адзінаверцаў. “У адрозьненьне ад
2-й сусьветнай вайны ўдзел насельніцтва (у гэтых канфліктах—М.Шч.) ёсьць
частковым, а беспрацоўе—вельмі распаўсюджаным. У вялікай колькасьці
выпадкаў адзіную магчымасьць знайсьці працу і ўзвысіць прыбыткі дае
далучэньне да нейкага парамілітантнага фармаваньня альбо сыход на шлях
злачынства. Вайна фінансуецца “падаткамі” з гуманітарнай дапамогі. Спраўнае
дзеяньне грамадзянскай адміністрацыі часта залежыць ад таго, ці аддаецца
падатак на грамадзкія мэты, у тым ліку й на вайну, ці застаецца ў руках
тых, хто яго “спаганяе”. Тым часам як войны часоў фон Клаўзэвіца дапамагалі
кансалідаваць дзяржаву тым, што ўзмацнялі здольнасьць дзяржавы спаганяць
падаткі, дык новыя войны часта зьнішчаюць альбо раздрабняюць існыя адміністратыўныя
мэханізмы... Таму розьніца паміж эканомікай у мірны й ваенны час не
такая ўжо й вялікая. У шмат якіх зонах, дзе фармальна пануе мір, у сапраўднасьці
буяюць злачыннасьць і гвалт. Як што вайна ўзмацняе менавіта тыя эканамічныя
тэндэнцыі, што прывялі да ейнага ўзьнікненьня, яна спараджае дадатковыя
прычыны працягваць вайну.”
8 Тамсама, стар. 108.
9 Тамсама, стар. 104-105.
10 Eppler, Erhard: Weder Krieg Noch Frieden, Spiegel 41/ 2001: 56-59,
стар. 59.
11 Kaldor, Mary. Стар. 105.
12 Тамсама, стар. 108.
13 Held, David, Kaldor, Mary: “Was der Westen lernen muss”, www.zeit.de/2001/42/politik
14 Bishara, Marwan. Guerre total contre un pйril difus. Le Monde Diplomatique,
кастрычнік 2001.
15 Hoffman, Stanley: Vom neuen Kriege, Die Zeit, 11 кастрычніка 2001,
стар. 3