![]() |
Макс Шчур НІЧЫЙ БАГУШЭВІЧ “Нас
жа не жменька, а з шэсьць мільёнаў... а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку
ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцьці нашым, каб па-нашаму?..” У гэтых
словах прадмовы да “Дудкі беларускай” мне чуецца, далібог, лёгкая іронія:
у чым вартасьць гэтага вялікага народа, калі ён ня здольны стварыць сваёй
культуры? Задача здаецца аўтару прадмовы не такой складанай: навучыся
чытаць-пісаць і складай... І, нарэшце, сам падае прыклад. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!” Мне падаецца, што ўся прадмова кіруе якраз не ад мовы да народа, а ад народа да мовы. Мова—адзіны вядомы аўтару сродак неўміручасьці, культура—адзіны доказ існаваньня народа ў гісторыі. Аўтар прадмовы заклікае народ менавіта да стварэньня культуры, а не да стварэньня нацыі, як лічыць В.Булгакаў. * Багушэвіч—ня
хцівец зь ягонага ўласнага верша, які спакушаецца відовішчам незямных
скарбаў і за гэта прадасьць “чорту” душу. Ён—сьціплы (і, верагодна, самакрытычны,
але пры гэтым не да пэрфэкцыянізму) чалавек, які жыве (ці прынамсі імкнецца
жыць) у адпаведнасьці з уласным сумленьнем. У гэтай сьціпласьці, магчыма,
і крыецца загадка яго псэўданіму: Багушэвіч—не Бурачок, якога законы жанру
й няўдзячнага амплюа “лірычнага героя” прымушаюць “скруціць дудку” і ў
першым жа вершы рабіць ёй рэкляму, не пасьпеўшы яшчэ нічога толкам “зайграць”...
“Не люблю я места...”—у
гэтым прамаўляе больш аўтар як чалавек, а не перапалоханы да ўсёру урбанізацыяй
“селянін” (дарэчы, рэдукаваць Бурачка на “цёмнага мужыка”, гэтаксама як
і прыпісваць гэтаму “цёмнаму мужыку” аўтарства “Дудкі” толькі з-за таго,
што аповед збольшага вядзецца ад імя ананімнай першай асобы—гэта азначае
папросту ня ўмець чытаць і ня ўмець адрозьніць аўтастылізацыі ад “чыстага
фальклёру”), як чалавек, якога ня вабіць асяродак чужой культуры з-за
любові да культуры больш блізкай, сваёй, а не з-за чорнай нянавісьці да
чужых культур—менавіта нянавісьці да культуры, якой бы яна ні была, мы
ў Багушэвіча ня знойдзем—як і нянавісьці да працы. Багушэвіч
не прапануе нікому ніякага Эвангельля—ён прапануе кніжку (не абавязкова
сваю—любую, хоць аб гаспадарцы), культуру, а “хто падумае лепш і
больш напісаць, таму чэсьць вечная...” То бок, кожны, хто будзе
насьледаваць ягонаму прыкладу, набудзе “чэсьць вечную” лёгка—ужо самім
гэтым актам. Адсутнасьць культуры ў беларусаў яго ня столькі абурае, колькі
зьдзіўляе. Ягоная трагедыя—у тым, што менавіта як эмпірычны суб’ект ён
гэтай трансцэндэнтальнасьцю, гэтаксама як і прапанаванай культурай неўміручасьцю,
асабіста незадаволены. Багушэвіч ня можа быць “бацькам нацыі”, таму што
ў яго, на маю думку, для гэтага не стае менавіта ўнутранай веры—але ня
ў нацыю, не ў беларуса, а ў сябе самога, у рэшце рэшт—у чалавека. Ягоныя
прадмовы, якія абгрунтоўваюць неабходнасьць нацыянальнай культуры, у сваім
гуманістычным пафасе і сваёй апалягетыкай формы (мовы) дысануюць са зьместам
ягонай паэзіі. Гэтая
паэзія бачыцца мне перадусім як экзістэнцыяльная. Яна ўся рэдукаваная
на сутнасьць, у ёй няма “літаратуршчыны”—хаця ёсьць яскравыя паэтычныя
знаходкі, перадусім—у самім спосабе мысьленьня. Прыклад мэтафары: “Панская
ласка”, дзе пан сам становіцца на месца ахвяры, а бандыт—на месца пана;
адзін бачыць аднаго ў люстэрку другога. Альбо “Не цурайся”: кашуля мужыка
прапацела ягоным потам, затое белая панская—потам тых “І пацеў хто,
і ткаў, і бяліў,/ і хто шыў, і хто праў... а цяпер/ ты той пот на сябе
узваліў.” І адразу ж пасьля гэтай выкшталцонай гіпэрбалы прыходзіць
маральны пафас, ацэнка каштоўнасьцяў, расстаноўка акцэнтаў: “І кашулі
той мне было б стыдна,/ Што ня сам на яе гараваў,/ Хоць бялейша яна—не
завідна,/ Не вазьму, каб ты мне дараваў!” Этыка ідзе ўвасьлед
за эстэтыкай, аўтар мэтафары нібыта мае большае права на маральнае павучаньне.
“Зробле пушчу, як талерку, / Сьвет дрывамі закідае!/... Глядзі!
Горы паразрыты,/ А чугункай сьвет абвіты: / Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,/
Усе едуць у палацы; / Ў мужыка ж няма білета!” (“Дурны мужык,
як варона”. Заўважым мімаходзь, што “сьвет абвіты” імплікуе мужыка як
усясьветную клясу, а не як канкрэтны этнас.) Гэта—толькі найбольш кідкія
прыклады. І ўсё-ткі
сутнасьць паэзіі Багушэвіча—не літаратура, а філасофія. Ня ведаю, ці заўважае
ўвогуле гэтую адметную філасофію В.Булгакаў, зацікаўлены сваймі асабістымі
тэарэтычнымі вышукамі ў галіне музыкі, фэнамэналёгіі й псіхааналізу. Магчыма,
я буду нашмат больш “прыземленым” у сваіх заўвагах, але часта ані багаты
тэарэтычны інструмэнтар не засьцерагае ад павярхоўных высноваў. Першым,
што кідаецца мне ў вочы ў Багушэвіча—гэта, безумоўна, нянавісьць. У вершы
“Не цурайся” калючкі “раняць і ногі, і сэрца,/ ў сэрцы нянавісьць,
злосьць родзяць...” Нянавісьць гэтая—ня толькі да паноў, да жыдоў,
часам да жанчын альбо да мужыцкай дурасьці. Яна, ільга сказаць, больш
унівэрсальная. “Гарцуй, танцуй, пане,—/ табе хлеба стане./ ..Прадай,
прадай злыдні—/ будзе на два тыдні;/ прадай жонку, дзеці—/ выстарча на
трэці... / Прадай усё чыста—/будзе срэбных трыста./ Прадай сваю славу,
/ Прадай і Варшаву,/ Прадай і чэсьць дочкі/ за віна паўбочкі.”
(“Песьня”-7., “Смык беларускі”) Гэта не іронія—гэта злая радасьць. Прычым
яна настолькі моцная, што часта ўзьнікае сумнеў у ейнай апраўданасьці—нягледзячы
на мноства прыкладаў сквапнасьці гэбраяў (Багушэвіч, паводле Булгакава,
“далёкі ад юдафобіі”—чаго нельга сказаць аб ягоным лірычным героі) і нявернасьці
жанчын у тэкстах Багушэвіча. Наагул,
іронія ў Багушэвіча—паўсюдны прыём, але яна далёкая ад “ласкавай”.
“Эй! Сьмялей адкрывай галаву/ на паклон мой табе да зямлі;/ я тваёй галавы
не сарву...” (“Не цурайся”)—гэта сказана нахабным і загадным тонам
(“Эй!”), які дазваляе адчуць у прамоўцы моц, што цалкам можа быць скарыстаная
і для “зрыву галавы”. Трэба быць надзвычай нечульлівым, каб не зразумець
гэтай самай іроніі ў вершы: “Добры жыд! Хоць грошы любе, / а згубіць
зусім—не згубе./ Каб такі нам пан зыскаўся,/ То б сьвятым ён называўся.”
(“Жыдок”). Магчыма, В.Булгакаў думае, што дзеяслоў “згубіць” стасуецца
да страты грошай—пры тым што ён відавочна стасуецца да згубы самога мужыка.
Адсюль узмоцненая іронія апошніх двух радкоў: пан выяўляецца ў іх яшчэ
горшым, чым жыд. Іронія ў Багушэвіча надзвычай часта мяжуе з пафасам (“Маліся,
бабулька, да бога,/ каб я панам ніколі ня быў”), а яшчэ часьцей
перарастае ў зьдзек. Наагул, можа падацца, што ў “Смыку” ноткі крыху весялейшыя,
чым у “Дудцы”—але гэтая весялосьць абсурдная, колка-іранічная, можна сказаць
нават—нездаровая, асабліва ў суседзтве зь відавочна трагічнымі вершамі.
Сутнасьць
сьветаадчуваньня паэта—трагедыя. Прычым трагедыя ў антычным сэнсе: фатум,
злы лёс, непапраўнасьць. “І выбач ты мяне, што, як быў малады,/
Твая жонка-краса спадабалася мне. / І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей...”
(“Быў у чысцы!”) Трагедыя тут ня толькі ў тым, што пан спакусіў Мацееву
жонку, але і ў тым, што ён у чысцы ня мае больш да каго зьвярнуцца, чым
да пакрыўджанага ім чалавека—і невыпадкова менавіта да яго, у гэтым адзіны
сэнс вечных пакутаў. “Кепска будзе”: “У Аборках мост сарвала,/ А
я ж быў—чуць жывы, слабы.” Роля выпадку, як у дэ Сада, паўсюдна
адыграе рашучую ролю: у апавяданьні “Тралялёнка”—з трагічным эфэктам,
у “Палясоўшчыку”—з камічным. “Тым часам нашая Траляля захварэла
і ў тры дні навек заснула, пакінуўшы дзіцятка драбнюсенькае. Бартак зажурыўся,
як за сьцяну заваліўся... Нядоўга, бедны, пабыў і тут, бо за штосьць у
турму пасадзілі.. Там ён і ўмёр!.. Бартчыха з рок на сваёй палавіне панавала,
увосені пажар зьмёў усе будынкі, а тут прад Новым рокам банк прадаў і
рэшту маёнтка. Так-то скончылася панаваньне Сасковае.” (Як відаць
з гэтага тэксту, “дзікун”, магчыма, і не разумее “каляніяльнага права”,
як і наагул ніякага права, але сам аўтар (і нарратар) яго цудоўна разумее
і не аспрэчвае—хіба што толькі любое права бачыцца яму бясконца ніжэйшым
за мараль, уласьцівую любому чалавеку, у тым ліку й “дзікуну”.) Усе гэтыя
падзеі ёсьць вынікам аднаго няўдалага вырашэньня: пазычэньня грошай пану
Прыбалдову і потым набыцьця яго маёнтка. Вынік жа ўсяго толькі адзін:
няшчаснае дзіця, якое засталося сіратой пасьля сьмерці бацькоў. Прычым
першапачатковым матывам дзеяньня Саска ёсьць прага да ўзбагачэньня, да
“вызваленьня”, да быцьця панам, да парушэньня заведзенага ладу—такога
“вызваленьня” аўтар яму ня раіць і не ўхваляе яго вуснамі сваіх апавядальнікаў.
Вызваленьне немагчымае—таму ўсялякая дзейнасьць, усялякая зьмена пры адсутнасьці
Божай справядлівасьці і спагады немінуча прыводзіць да трагедыі. Філасофія
між будызмам і Абломавым. Трагедыя
ў Багушэвіча вынікае з самой абсурднасьці сьвету. Гэтая абсурднасьць найлепш
гучыць у вершы “Балада”: “Быў працавіты Ануфры Скідзель,/ Жонка
была і дзетак кучка./ Усе прымёрлі у восем нядзель...” У адрозьненьне
ад біблейскай легенды пра Іова, герой не шукае ў Бога тлумачэньня сваім
нястачам, бо ведае, што яго (тлумачэньня) няма. Пакуты, насамрэч, ня маюць
ніякага сэнсу. Яны—гэта штосьці бесчалавечнае, што параджае ў аўтары і
яго героях толькі адно—менавіта згаданую нянавісьць. Калі
ж для такой нянавісьці няма бачных прычын, яе месца заступае больш спакойны,
але ня больш вясёлы афэкт, мэланхолія: “Пастухі зьбяруцца ў гаю,/
пяюць песьні ля бярозы,/ а мне чагось, сам ня знаю, / смутна, цяжка, цякуць
сьлёзы./ ... “Што-то сын твой,- кажа, -хворы?/ То не сын!—айчым той кажа.—/
Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,/ Добры ўдаўся: позна ляжа,/ Рана ўстане і адлогу/
не запусьце... спагадлівы;/ Маю сына, хоць ня родны.” (“Кепска
будзе!”) “Хвароба” героя тут—мэланхолія. Ён пачуваецца на сьвеце няродным
сынам, сіратой, нікім, (к)Аліндаркам (гэты барочны вобраз часу як несупыннага
мінаньня ў Багушэвіча належыць яшчэ асэнсаваць, гэтаксама як і фаўстаўскія
матывы)—як, у прынцыпе, і ўсе людзі, якія, каб быць добрымі, мусяць цяжка
працаваць, не чакаючы іншай узнагароды як толькі спакой уласнага сумленьня...
У мэланхоліку Аліндарцы часам прамаўляе і самотнік, адлюднік: “Толькі
цяпер, дзякуй Богу,/ Адзінокі я застаўся.” (“Кепска будзе!”) У гэтай
безвыходнасьці заканамерна ўзьнікае матыў суіцыду: “Каб не жыць
так, хоць прапасьці./ Нашто—гадзіну, мядзянку,/ пусьці ў шклянае начыньне,—/
сама сябе без прастанку/ Будзе жаліць, покі згіне!.. / Як ужо скаціна
тая/ або гадзіна праклята/ і та цану волі знае,/ што ж для нашага-то брата,/
меўшы розум не скацінны,/ як знаць волю мы павінны?” (“Кепска
будзе!”—радкі практычна ідэнтычныя з маналогам Сэхізмунда ў Кальдэронавым
“Жыцьцё ёсьць сон”.) Гадзіна-мядзянка выяўляецца шляхотнай істотай—што
надзвычай кантрастуе зь яе воблікам—і кідае свой цень на чалавека: няўжо
той гнюсьнейшы за жывёлу? “Трэба быць жывёлай, каб ні разу ў жыцьці не
падумаць пра самагубства”, пісаў А.Марыенгоф. Што можа быць большым сабатажам
якой-заўгодна ідэі ці ідэалогіі, чым самагубства? Прычына
гэткага ўсеагульнага пэсымізму ў Багушэвіча—на маю думку, ня проста нечалавечы
й немаральны “маскоўскі каланіялізм”, а ў прынцыпе нядобрае адвечнае ўладкаваньне
сьвету. Наагул, дзіўлюся, як матэрыялістычна ўспрымаецца як марксізмам,
так і нацыяналізмам патрабаваньне “долі”! Такое адчуваньне, што другі—гэта
толькі сучасная рэінкарнацыя ці травэстыя першага. Адначасова “скон народу”
ўспрымаецца як чыста рамантычная мэтафара. А пры гэтым у паэта ёсьць больш
непасрэдныя прычыны для смутку, такія як усюдыпрысутная й зусім не рамантычная,
а натуралістычная сьмерць—ня кажучы ўжо пра яе філасофскае асэнсаваньне:
“Аж ён граў бы, знай,/ як тая труба, / што пазве на суд/ у астатні
час/ увесь Божы люд... / Пазаве і нас.” (“Смык”); “Хто не
жыў на зямлі, таго тут няма” (“Быў у чысцы!”) Незадаволенасьць
сьветам гучыць у частых выразах кшталту “Зьдзекавалісь Бог і людзе”,
“Бог няроўна дзеле”, “Мусіць, Бог яго з душою/ разам возьме, разам даў!”
(“Гора”) Зварот да Бога можа быць падтэкстам вершу “Не цурайся”: “Можа
б, ты прачытаў той грымзол/ І да працы набраў бы ахвоты,/ Шанаваў бы мужыцкі
мазол,/ Не цураўся б мужыцкай бядоты,/ І падаў бы руку мне, сьляпому,/
І павёў бы мяне да дарогі: / Не блудзіў бы і я серад лому / І калючак,
што раняць мне ногі!” Паэту
не бракуе рашучасьці, каб адрынуць сьвет (у тым ліку пачуцьцёвы), у якім
няма Праўды: “Ой, Божа ж мой, Божа, нашто ж я радзіўся?!/ Ой, нашто
ж мне дана тая мая мова.../ Ой, нашто ж мне вочкі, ой, нашто ж мне ясны?
/...Ой, Божа ж мой Божа, вазьмі ж мае вочы!/ Нашто ж тыя вушы, як не чуць
нічога / Ні ад людцоў добрых, ні зь неба ад Бога?/ ...Ня зьдзекуйся, Божа,
нада мной, над імі:/ Парабі нас усіх, як камень, глухімі!/ Вазьмі усе
змыслы, покі прыйдзе Праўда,/ Бо жыць безь яе нам не вяліка наўда!”
(“Праўда”) Калі шчыра, мне цяжка прыпісаць гэтае патрабаваньне “простаму
мужыку”, хай сабе нават і лірычнаму герою. Гэта запісаная мужыцкай мовай
і падпісанае мужыцкім псэўданімам споведзь інтэлектуала—якая па-свойму
вымаўляе тыя ж праблемы, якія абвастрыў філасафічны крызіс пералому стагодзьдзяў.
Таму ня дзіва, што ў Багушэвіча сустракаюцца і ноткі антыхрысьціянства—гэта
ня проста выклік і папрок абстрактнаму Богу, а менавіта канкрэтнай рэлігіі:
“Даўней,
кажуць, праўда па сьвеце хадзіла,/ жабруючы ж, зьмёрла, а людцы схавалі,/
Каменем накрылі, зямлю пааралі,/ каб ня чуць, ня ведаць аб ёй ані весьці,/
Ды цяпер і кажуць: “Праўда ў небе гдзесьці!”/ Да пашлі ж Ты, Божа, праўду
сваю тую/ Зь неба на зямельку, сьлязьмі залітую!/ Пасылаў Ты Сына, Яго
не пазналі,/ Мучылі за праўду, сілай паканалі; / Пашлі ж цяпер Духа, да
пашлі бязь цела,/ Каб уся зямелька адну праўду мела!” (“Праўда”).
Дзіўна, але для мяне ўвесь гэты верш прасякнуты блюзьнерствам. Паэт адмаўляе
дзейснасьць прышэсьця Хрыста, а зь ім імпліцытна і хрысьціянства, і патрабуе
ад Бога паслаць Духа (!)—розум, логос?—каб уся зямелька (магчыма, усе
народы) мелі адну праўду на ўсіх—праўду, якую нельга было б адпрэчыць
ці зьнішчыць. Калі ж быць больш гнастычным, тут ільга пабачыць жаданьне
існаваньня па-за целам—“Быць назаўжды, але ня жыць ніколі”, як у Борхэса. Альбо
яшчэ адзін прыклад: “Ануфры з жалю расхлістаў грудзі,/ зьняў крыжык,
скінуў шкаплеры./ “Глядзіце, - кажа, - добрыя людзі,/ Вот скарб мой—знак
маей веры,/—хіба што д’яблу прадам сваю душу, / Каб грошы ён на падаткі
мне даў...” (“Балада”). Цікава, што і ў гэтым жэсьце крыжык называецца
“скарбам”. Сапраўды, у Ануфрыя няма нічога даражэйшага—апрача ягонага
фізічнага існаваньня... Багушэвіч
насамрэч “рэкамэндуе” беларускаму селяніну веру (як Чэрчыль рэкамэндаваў
дэмакратыю—найгоршы лад, лепш якога яшчэ не прыдумалі): у гэтай веры,
у гэтым пасьлядоўным быцьці мужыком—адзіны шанец быць маральным у сучасным
яму сьвеце, а гэта важней, чым добра жыць, мець грошы, “быць панам”...
Таму і ён сам імкнецца “быць мужыком”, падзяляючы зь сялянамі іхную маральнасьць,
іхную “долю”. Багушэвіч па-свойму мужыку ў ягонай веры зайздросьціць,
таму што сам ён (прынамсі, лірычны суб’ект яго вершаў) гэтую веру, як
выглядае, страціў. Ува што тады верыць сам аўтар? Магчыма, у тое, што
здолее перахітрыць чорта, як той Ануфры з “Балады”, што страціў усё, каб
усё набыць: “Чакае чорт сьмерці: у запечку сеў./ Ануфры чытае жывоты
сьвятых... / Поснай заціркі на палудзень зьеў,/ Перажагнаўся, задыхаў
і сьціх!../ І чорт не пасьпеў аглянуцца,/ Як дух той празь дзьверы шмыгнуў,/
Сеў на касьцёле і грае на дудцы!/ А чорт на касьцёл не сягнуў!.. / Тагды
дух раскалыша званы,/ як толькі каторы дзылікне/ (А пазвону баяцца ж яны),/
так і вецер, і чорт разам зьнікне!” (“Балада”). Гэта
вяртае нас на пачатак нашага разбору. Шанец пэўнай неўміручасьці нібыта
ёсьць: ён у мове, у дудцы, у гуку званоў, “і ніякі чорт ня возьме”. Менавіта
культура, а не палітыка, ёсьць для Багушэвіча шляхам да неўміручасьці.
Аднак памяць аб страчаных дзецях і жонцы заўжды застанецца з Ануфрыем,
колькі “жыцьцяў сьвятых” ні чытай... Як
і Дастаеўскі, Багушэвіч, думаю, дбае аб асабістым “уратаваньні” (то бок,
у прынцыпе аб уратаваньні кожнай асобнай душы, аб сэнсе чалавечага існаваньня)
ня менш, чым аб уратаваньні свайго народа. Мы неяк успрымаем ягоную беларускасьць
гістэрычна, як ягоную найвялікшую сьвядомую задачу (натуральна, з агромністай
доляй анахранічнасьці й запазычанасьці папярэдняму нацыянальнаму літаратуразнаўству)—а
мне дык падаецца, што зь ягоных паэтычных тэкстаў гэтага папросту не вынікае.
Той факт, што яны ствараліся па-беларуску, неабавязкова тлумачыцца “нацыяналізмам”.
Што да культуры, то Багушэвіч прапаноўвае кожнаму з чытачоў напісаць “сваю”
кніжку—натуральна, у сваёй мове гэта павінна было б быць лягчэй, чым у
чужой (хаця і іх, паводле прадмовы, трэба ведаць). Сама прадмова Бурачка,
мне здаецца, напісаная ў духу “Чаму не?”. Ня тое каб Багушэвіч не спадзяваўся
мець—ён, хутчэй за ўсё, не хацеў мець іншых чытачоў, апроч сваіх любых
мужыкоў, таму і пісаў для іх у іхнай агульнай мове (магчыма, толькі яны
зь іхнымі маральнымі якасьцямі і здаваліся яму вартымі культуры). У кожным
выпадку, калі б ён хацеў прапанаваць народу нейкую пазітыўную ці аптымістычную
ідэю (выразьнікам якой нібыта лічацца ягоныя прадмовы),—а гэта магло б
стацца толькі ў выпадку, калі б ён у яе сам паверыў,—ён бы стварыў штосьці
прынцыпова іншае за сваю бязрадасную, пэсімістычную паэзію—але гэта азначала
б для яго ня быць самім сабой, ня быць у згодзе са сваім сумленьнем, а
гэтага ён сабе як паэт дазволіць ня мог. І я, менавіта як паэт, не магу
дазволіць сабе пагадзіцца з рэдукцыяй Багушэвіча на нейкага сьмешнага
паэта-заснавальніка якойсьці там палітычнай плыні. Багушэвіч, на шчасьце,
не разважаў у катэгорыях, у якіх мысьляць сёньняшнія дасьледчыкі-нацыяналісты,
для якіх іхная русафобія альбо іншыя палітычныя перакананьні здаюцца дастатковай
падставай для як заўгодна сумнеўных інтэрпрэтацыяў—у кожным выпадку, ня
больш верагодных за вышэйпададзеную. Дзіўным чынам (!), яна не трапляе
ў вычарпальны сьпіс пералічаных В.Булгакавым штампаў у дачыненьні да Багушэвіча.
Я не прэтэндую, у адрозьненьне ад В.Булгакава, на якуюсьці навуковасьць
майго прачытаньня Багушэвіча-паэта: можа быць, адна роля Багушэвіча другой
не замінае, але проста хацеў бы нагадаць, што час ад часу няблага было
б зьвярнуць увагу і на саму паэзію, а ня толькі на прадмовы да яе. Камэнтар
застаецца ўсяго толькі камэнтаром. Сьмешна было б даказваць з дапамогай
Дэрыды, што Шэйкспір—гэта заснавальнік літаратурнай традыцыі адной асобна
ўзятай краіны, у якой бальшыня насельніцтва ягонай мовы ўжо амаль не разумее—пры
тым што культ Шэйкспіра, несумнеўна, ёсьць неад’емнай часткай брытанскага
нацыяналізму. Думаю, што калі аўтар хоча стварыць такі самы культ Багушэвіча,
ён бярэцца за справу не з таго канца. Для таго, каб зразумець Багушэвіча, ня варта яго штучна нібыта “ўскладняць” (а насамрэч—спрашчаць і прыстасоўваць да сваіх канцэпцый) з дапамогай грувасткіх поймаў. Гэтаксама як ня варта саромецца вонкавай “прасьцізны” яго тэкстаў, ягонай “мужыцкасьці”—ягоная вышыня ў тым, што якраз ён яе не саромеўся, не саромеўся выказваць свае думкі ў простай мове і ў простай форме. Што там казаў пра гэта Вітгенштайн? У адрозьненьне ад ягоных інтэрпрэтатараў, Багушэвічу не было чаго “баяцца”, у яго не было комплексаў некаторых сучасных беларускіх інтэлектуалаў: мова ж нашая “ёсьць такая ж людзкая і панская, як і француская альбо нямецкая...” Часам ня шкодзіць прыгадаць банальную ісьціну, што ўсё насамрэч геніяльнае—проста. 9.04.2007 © Макс Шчур, 2007 |
|