Беларускі
грамадзка-палітычны дыскурс палярызаваны, беручы ўвогуле, на беларускамоўны
й рускамоўны. (1) Беларускамоўны дыскурс, які ёсьць творцам і матар’ялам
беларускамоўнай культуры, у сваю чаргу падзяляецца на палітызаваны й
апалітычны. Такая канфрантацыя ўсярэдзіне беларускамоўнага дыскурсу
нібыта паслабляе яго ў ягоным “супрацьстаяньні”, барацьбе за месца пад
сонцам супраць дыскурсу рускамоўнага. Пад якім сонцам? “Сонцам” дзяржавы.
Палітызаваны беларускамоўны дыскурс несупынна выстаўляе сябе як дыскурс
агульнанацыянальны, рэпрэсаваны “антыбеларускім” рэжымам і дыскрымінаваны
на карысьць дыскурсу рускамоўнага. Прычынаў тут дзьве: па-першае, нежаданьне
дзяржавы падтрымліваць дыскурс, які ёсьць выразьнікам чужыннай ёй ідэялёгіі,
і па-другое—няздольнасьць самога беларускамоўнага дыскурсу на сучасным
узроўні ягонага разьвіцьця выконваць “абавязкі” рускамоўнага. Гэтая
няздольнасьць (каторая ёсьць, безумоўна, вынікам усёй папярэдняй гісторыі
разьвіцьця беларускамоўнага дыскурсу, улучна ранейшых рэпрэсіяў супраць
яго ў часы, калі ён гэтаксама ж лічыўся выразьнікам варожай сталінскаму
рэжыму ідэялёгіі “нацыянал-дэмакратызму”) выяўляецца зараз наступным
чынам: а) у недастатковай колькасьці актыўных носьбітаў беларускай мовы—беларускай
мовай карыстаецца вельмі малая частка насельніцтва краіны, нягледзячы
на тое, што большая частка беларусаў традыцыйна лічыць яе роднай; тым
ня менш, дзеля таго, каб нейкая мова была эфэктыўнай у якасьці агульнанацыянальнага
дыскурсу (“дзяржаўнай мовы”), пажадана каб ёй карысталася пераважная
частка насельніцтва; б) у недастатковай практыцы выкарыстаньня беларускамоўнага
дыскурсу ў якасьці дыскурсу агульнанацыянальнага. З часоў разгрому “нацдэмаўшчыны”
сфэра грамадзкага выкарыстаньня беларускай мовы была фактычна рэдукаваная
на літаратуру й публіцыстыку, сэнсам існаваньня каторых была ідэялягічная
праца сярод актыўных носьбітаў беларускамоўнага дыскурсу, пераважна
вясковых жыхароў—між тым як індустрыяльны, навукова-тэхнічны, прагрэсыўны
горад ператварыўся ў дамэн дыскурсу рускамоўнага. Прасьцей кажучы, беларуская
мова была сродкам распаўсюджваньня дзяржаўнай ідэялёгіі, але ніякім
чынам не выконвала ролю агульнанацыянальнага дыскурсу. Усяляк, гэтыя
дзьве перашкоды набыцьцю беларускаю мовай статусу, каторага для яе патрабуюць
прадстаўнікі палітызаванага беларускамоўнага дыскурсу, не ўважаюцца
імі за вартыя ўвагі. Палітызаваны беларускамоўны дыскурс фактычна навязвае
рускамоўнаму дыскурсу ролю свайго палітычнага апанента, аспрэчваючы
ў яго правы на дзяржаўнасьць.
Якімі
тым часам ёсьць стасункі ўсярэдзіне самога беларускамоўнага дыскурсу?
Як намі было адзначана вышэй, паміж ягонымі палітызаваным і апалітычным
крыльлямі існуе пэўная канфрантацыя. Якога кшталту гэтая канфрантацыя?
Перадусім, ідэялагічнага: апалітычны беларускамоўны дыскурс, так бы
мовіць, не падтрымлівае памкненьня дыскурсу палітызаванага да інстытуалізацыі,
набыцьця “афіцыйнага” статусу, і не згаджаецца зь ягонай патрэбай бачыць
у рускамоўным дыскурсе свайго “ворага”. (2) Такім чынам, апалітычны
беларускамоўны дыскурс апынаецца паміж Сцылай і Харыбдай: дзяржава ставіцца
да яго як да дыскурсу ідэялягічна небясьпечнага, нябезпадстаўна падазраючы
ў ім носьбіта варожых дзяржаве каштоўнасьцяў—тым часам як палітызаваны
беларускамоўны дыскурс бачыць у ім элемэнт супраціву “нацыянальнаму
адзінству” й нежаданьне “змагацца з агульным ворагам”. Здавалася б,
у такой сытуацыі апалітычны беларускамоўны дыскурс адпачатна асуджаны
на паразу.
2.
Патлумачым
аднак, што мы разумеем пад апалітычным дыскурсам. За апалітычны ільга
лічыць такі кшталт дыскурсу, каторы пазбаўлены ідэялягічнага набою дзякуючы
сваёй незалежнасьці ад уладных (ці протаўладных) інстытутаў, ад сіловых
груповак, мэтай барацьбы паміж якімі ёсьць утрыманьне (ці зноўздабыцьцё)
дзяржаўнай улады. Гэткую ў першую чаргу ідэялягічную, і не ў апошнюю
чаргу матэрыяльную незалежнасьць ад абодвух бакоў уладнага канфлікту
мы называем аўтаноміяй дыскурсу—у перакладзе з грэцкае мовы аўтаномія
азначае “самакіраваньне”. Разам з апалітычным (аўтаномным) рускамоўным
дыскурсам апалітычны (аўтаномны) беларускамоўны дыскурс удае сабой вядомы
нам фэномэн контаркультуры.
Тэрмін
“контаркультура” стаецца эквівалентам тэрміну “аўтаномная культура”
на палітычнай сцэне, што гэтым самым пазбаўляе аўтаномн(ую/ыя) культур(у/ы)
(ей/іх)най першапачатковай апалітычнасьці. Галоўнае адрозьненьне контаркультуры
ад культуры афіцыйнай, інстытуалізаванай, а ў выніку гэтага ідэялягізаванай
палягае ў тым, што контаркультура выступае за дэпалітызацыю сваіх дыскурсаў—менавіта
гэтая пазыцыя ёсьць палітычным крэдо контаркультуры. Барацьба контаркультуры
за выжываньне ва ўмовах палітычнага канфлікту паміж дыскурсам улады
й дыскурсам “апазыцыі” ёсьць барацьбой за выжываньне самой па сабе культуры,
за наварочаньне ёй сабе свайго натуральнага спосабу існаваньня як культуры
народнай—што пры сучаснай перавазе гарадзкога насельніцтва над вясковым
натуральна надае ёй характар урбаністычнай. Такім чынам (як гэта ні
парадаксальна) ўпершыню ў гісторыі нараджаецца фэномэн гарадзкой (citoyen,
што азначае таксама—грамадзянскай) беларускамоўнай культуры: менавіта
гарадзкая культура мае надзею з часам стацца культурай (альбо часткай
культуры) агульнанацыянальнай. Контаркультура, такім чынам, ёсьць падмуркам
будучай нацыянальнай культуры, каторая, як відаць ужо сёньня, будзе
культурай двухмоўнай—у адрозьненьне ад “трасянкавай” беларускай савецкай
культуры й татальнага дыслектычнага бескультур’я Лукашэнкава рэжыму.
Палітычны
падзел грамадзтва правакуе ўсярэдзіне самой контаркультуры—якая, як
бачым, ёсьць хаўрусам апалітычных, ці то мінарытарных формаў беларускамоўнага
й рускамоўнага дыскурсаў—узьнікненьне пэўнага ідэялягічнага антаганізму
паміж двума ейнымі складнікамі, разьмежаванымі на падставе моўнага прынцыпу.
Гэты антаганізм пакуль што пераадольваецца ў сытуацыі агульнага супрацьстаяньня
двум кшталтам афіцыйнай культуры, дзяржаўнай і “ценявой”—аднак ужо зараз
відочныя памкненьні абодвух дыскурсаў да аўтаноміі ў складзе адзінага
грамадзка-культурнага фэномэну. Перадумовай аўтаноміі апалітычнага беларускамоўнага
дыскурсу зьяўляецца ягоная здольнасьць у пэўным сэньсе канкураваць апалітычнаму
рускамоўнаму дыскурсу, то бок дыскурсу рускамоўнай контаркультуры. Памкненьне
да аўтаноміі, іначай—самадастатковасьці беларускамоўнага апалітычнага
дыскурсу, і ёсьць першай праявай жыцьцяздольнасьці сучаснай апалітычнай
(мінарытарнай) беларускамоўнай культуры, каторая з часам мае шанец (спадзяваймася)
стацца жывой культурай народа. Гаворачы мэтафарычна, менавіта жаночае
места, цяжарнае ад мужыкаватай вёскі, ёсьць тым улоньнем, дзе павінен
з часам высьпець плён нацыянальнай культуры.
3.
Афіцыйны
беларускамоўны дыскурс, супраць каторага вядзе ідэялягічную барацьбу
контаркультура, удае сабой адзін вялікі сымулякр—штучнае ўтварэньне,
каторае, як і беларуская апазыцыя, цалкам залежыць ад чужых палітычных
інтарэсаў і ад ступені сваёй добраахвотнай ангажаванасьці ў іхнай абароне.
Па-за межамі палітычнай гульні гэты дыскурс абсалютна нежыцьцяздольны:
ён можа існаваць толькі “за гранты”, хаця ягонай марай і інстынктыўна-рэцэсыўным
памкненьнем ёсьць існаваць за грошы падаткаплацельшчыкаў, як пры бальшавіках.
Акрамя таго, палітызаваны беларускамоўны дыскурс амаль дакладна нападабняе
дыскурс улады, насамрэч зьяўляючыся ягоным ценем: мэтады, спосаб мысьленьня
й агульны інтэлектуальны ўзровень так званай “апазыцыйнай” беларускай
культуры ненашмат адрозьніваюцца ад Лукашэнкавых. Магчыма, гэткае люстраное
падабенства ёсьць вынікам памкненьня за любы кошт канкураваць у якасьці
агульнанацыянальнага дыскурсу з дыскурсам рускамоўным—глядзі пункт першы.
Няма дзіва, што ў такой сытуацыі прыходзіцца больш выдумляць, чым паведамляць.
Гэтаксама, як пры камуністах наўмысна перавышалі паказчыкі працоўных
дасягненьняў, гэтак афіцыйны беларускамоўны дыскурс са ўсяе моцы стварае
рускамоўнаму дыскурсу ілюзію канкурэнцыі. Акрамя таго, гэты дыскурс
нападабняе ўжо вядомыя ўзоры “адраджэнскага” дыскурсу, стаючыся іхнай
нават не стылізацыяй, а пародыяй. Такім чынам палітызаваны беларускамоўны
дыскурс стварае ў рамках сябе самога ледзь не ілюзію нацыянальна-вызваленчай
барацьбы—гэтаксама як Лукашэнкавы СМІ ствараюць у рамках сябе саміх
ілюзію ўсенароднай згоды з прэзыдэнцкай палітыкай. Лепшага слова за
“ананізм” для азначэньня такой двухбаковай самастымуляцыі ня знойдзеш.
На
сёньняшні дзень беларускае слова пакуль што ня мае ў народа ніякага
аўтарытэту. У лепшым выпадку, ілюзію аўтарытэту яму здабывае непавага
й недавер людзей да дыскурсу ўлады. Аўтарытэт слову можа здабыць толькі
аўтар (“Аўтар павінен быць аўтарытэтам”, казаў Арто), а з аўтарамі ў
нас, на жаль—самі ведаеце. Адной вульгарызацыяй дыскурсу, прыпадабненьнем
мовы літаратуры й публіцыстыкі мове гутарковай немагчыма здабыць у народзе
аўтарытэт—калі толькі вашай мэтай ня ёсьць народ насьмяшыць. Узьнікае
пытаньне: а ці мела калі з часоў Каліноўскага беларускае слова ў беларускага
народа сапраўдны аўтарытэт? Што да беларускай савецкай літаратуры, дык
тая яго дакладна ніколі ня мела, бо служыла не народу, а ўладзе—за рэдкім,
зразумела, выключэньнем. Тым часам як мэтай мастацтва ёсьць пошук праўды,
камуністычная ідэялёгія патрабавала ад мастацтва й літаратуры шукаць
доказы праўды ўжо вядомай. Менавіта нашчадкі (у некаторых выпадках прамыя)
беларускай савецкай культуры фармуюць сёньня ядро культуры “апазыцыйнай”—такая
пераемнасьць ясна дакладае, што афіцыйная беларуская культура не зрабіла
для сябе ніякіх высноваў з таго часу, як была прапагандысцкай прыладай
савецкай улады. Таму палітызаваная беларускамоўная культура разам з
лукашэнкавым палітычным бескультур’ем і зьяўляюцца двума галоўнымі ідэйна-палітычнымі
ворагамі апалітычнай і двухмоўнай беларускай культуры, каторая ўсьведамляе
сябе зараз як контаркультура.
(Footnotes)
1. Калі ўжываць слова “расейскі”, дык трэбакі казаць тады “беларасейскі”,
бо слова “беларускі” наогул губляе ўсялякі сэнс, калі мы пры дапамозе
пойму “расейскі” пазбаўляем яго ягоных усходніх каранёў і надаем яму
адпачатна неўласьцівае значаньне нашага саманазову, за няманьнем іншага.
Альбо ўжо казаць “рускі” ў сэньсе “беларускі”, як яно насамрэч заўсёды
было, а “маскоўскі” ўжываць у сучасным значаньні “рускі”.
2.
Пад апалітычным дыскурсам нельга разумець пра-дзяржаўны, афіцыйны беларускамоўны
дыскурс, нашчадак камуністычнага рэжыму—ягоная манаполія, напрыклад,
у сфэры кнігадрукаваньня трымаецца на палітычнай лаяльнасьці да дзяржавы.
Апалітычны дыскурс—гэта дыскурс у дачыненьні да дзяржавы не лаяльны,
хаця магчыма й не-нелаяльны.