Макс Шчур

КАНЕЦ "АКСАМІТНАЙ" ДЫКТАТУРЫ,

альбо Развод па-беларуску

 


Тое, чаго мы чакалі і адначасова баяліся, адбылося. Беларускі рэжым нарэшце паказаў усім і ўся, што цэтлік “апошняй дыктатуры Эўропы”—гэта не гіпэрбала, а рэчаіснасьць.

Напачатку стаяла фальшывае адчуваньне ўласнай бясьпекі: з дапамогай уласнай прапаганды рэжым урэшце сам пераканаў сябе, што ён карыстаецца народнай падтрымкай і што яму нічога не пагражае. Далей адбылася “прыкрая” памылка: дазвол на тэлевыступы кандыдатаў і іх нецэнзураваньне. Некалькі хвілінаў на тэлеэкране зьмяніла атмасфэру ў краіне і расклад сілаў. І пачалося: па ўсёй краіне закаласіліся “тэрарысты”, агенты Захаду. Упершыню за 12 гадоў рэпрэсіі набылі сапраўды павальны, масавы характар. Калі раней параўнаньні з Фідэлем Кастра здаваліся шмат каму, і мне ў тым ліку, перабольшаньнем, дык цяпер яны выглядаюць канстатацыяй факту. Выявілася, што паводле ўзроўню кантролю над грамадзтвам магчымасьці Лукашэнкавай дыктатуры ні ў чым не саступаюць савецкаму сталінізму—проста дагэтуль у такіх жорсткіх захадах не было патрэбы. Аднак сам Лукашэнка даў зразумець, што для абароны пабудаванага ім апошняга расейскага фарпосту на захадзе ён пойдзе на што заўгодна. Відавочна, што ані пэрспэктыва плошчы Тань-Ян-Мынь яго не палохае настолькі, як пэрспэктыва страты ўлады і выпеставанага ім падмурку гэтай улады: усеагульнай пасіўнасьці, пачуцьця безвыходнасьці, боязі заўтрашняга дня, еднасьці перад прывідам замежнай пагрозы, асабістае бачаньне якога Лукашэнка імкнуўся прышчапіць значнай частцы насельніцтва. Літаральна на працягу хвілінаў выявілася, што Лукашэнкава “аб’яднаная нацыя”, “сацыяльная дзяржава” зь яе савецкімі каштоўнасьцямі, дзе дастаткова маргіналізаваць нязгодную меншасьць і замбіраваць большасьць—калос на гліняных нагах, і што калі гэты калос хоча на іх утрымацца, у будучым яму абавязкова спатрэбяцца сталёвыя мыліцы рэпрэсіўнага апарату.

Імідж “народнага прэзыдэнта” пагражае хутка распаўзьціся па швох. А гэта азначае, што Лукашэнка страціць настолькі неабходную кожнаму цару любоў падданых. Без ілюзіі гэтай любові дыктатар будзе паралізаваны—калі ён зірне ў люстэрка народнага меркаваньня аб сабе, ён убачыць там сваю Гаргонападобную карыкатуру. Гэта азначае, што ён перастане быць у вачох сваіх хаўрусьнікаў чалавекам на сваім месцы. І тады рана ці позна яго абавязкова прыбяруць—а зьмена кіраўніка ў такой мадэлі асабістай дыктатуры, як у Беларусі, будзе азначаць канец гэтай мадэлі.

Аналізуючы мэханізмы абсалютнай улады ў манархіі Мішэль Фуко пісаў, што гэтая ўлада трымаецца ня столькі на гвалце, колькі на пагрозе ўжыцьця гэтага гвалту супраць падданых у выпадку непадпарадкаваньня закону—менавіта веданьне аб гэтай пагрозе трымае падданых у падпарадкаваньні. Але як толькі казыр гвалту ўжыты, гэты шантаж з боку закону губляе сваю моц—улада скарыстаная і цяпер пазбаўленая сваёй сымбалічнай магутнасьці. Спадзяюся, што менавіта гэты мэханізм спрацуе ў працэсе канчатковай дэлегітымізацыі ўлады Лукашэнкі: калі гвалт, які раней тычыўся нязначнай часткі апазыцыянэраў, закране шырокія масы грамадзтва, ніякія перакананьні ў “законнасьці” гэтага гвалту не спрацуюць. А тым больш калі гвалт набудзе насамрэч сталінскія маштабы: пры сучасных інфармацыйных магчымасьцях грамадзтва немагчыма будзе стварыць ілюзію змаганьня са “жменькай” ворагаў народа—рана ці позна выявіцца, што наадварот, гэта надзеленая ўладай жменька змагаецца з народам. Таму нездарма Лукашэнка інстынктыўна баіцца “правакацыяў” гвалту з боку апазыцыі—ён ведае, што так далёка, як ён хацеў бы зайсьці ў рэпрэсіях, ён ня зойдзе. І хаця апазыцыя ўвесь час сьцьвярджае, што гвалт ёй непатрэбны, Лукашэнка разумее, што ён непазьбежны, таму загадзя рыхтуе грамадзкасьць да яго і адначасова папярэдне яго легітымізуе—то бок, імкнецца прыпісаць яго паходжаньне менавіта той “жменьцы ворагаў”, навучаных і заплочаных Захадам, супраць якой ён гатовы змагацца любым спосабам, абы не дапусьціць колькаснага і якаснага ўзмацненьня гэтай “жменькі”. І хаця і тут ён зноў апярэдзіў “памяркоўную” афіцыйную апазыцыю на адзін крок, ягоная памылка ў тым, што ён недаацэньвае свайго суперніка (адсюль ягоныя абразы—ён насамрэч лічыць апазыцыянэраў “адмарозкамі” і “падонкамі”, і менавіта пад ягоныя ўяўленьні фабрыкуюцца “доказы” супраць іх) і не разумее, што гэты супернік кіруецца чымсьці больш унівэрсальным, чым прага ўлады. То бок, Лукашэнка адмаўляецца прызнацца самому сабе, што ягоныя супернікі як асобы нашмат больш сафістыкаваныя, культываваныя і складаныя за яго самога. І хаця ён адчувае свае межы як кіраўніка і чалавека, адначасова ён раўніва ненавідзіць усё, што яго перасягае. Але ў сваім намаганьні ўтрымаць статус кво Лукашэнка чым далей, тым болей, непазьбежна робіцца сьмешны: ён не разумее ці адмаўляецца зразумець, што паставіць увесь народ на ягоны інтэлектуальны ўзровень папросту немагчыма—гэта было магчыма хіба ў ягоным родным саўхозе. Народ можна замарыць голадам (альбо прынамсі запалохаць гэтым), можна падмануць, разагнаць, але прымусіць яго дабраахвотна пагадзіцца з Лукашэнкам—немагчыма, як немагчыма прымусіць ахвяру згвалтаваньня кахаць гвалтаўніка. Цяпер на ўтрыманьне ілюзіі гэтага “каханьня” кінутыя ўсе сродкі, у тым ліку і добра вядомы Лукашэнку кулак, якім ён адказвае на Казулінаўскі ўдар кулаком па ягонай “іконе”. Менавіта гэтае разьбіцьцё іконы ў нацыянальным маштабе і распачаў Казулін—давершыць яго на працягу наступных гадоў сам Лукашэнка. Ягоны зацяглы “раман” зь беларускім народам сканчаецца, і ён аб гэтым ведае.

© Макс Шчур, 2006

HA POCTAHI